Вы тут

Замест варон лепш лічыць... буслоў


Часам навукоўцы мусяць рабіць дзіўныя рэчы. Напрыклад, залазіць на таўсценнае дрэва дзеля птушынага гнязда; праходзіць дзясяткі кіламетраў, добраахвотна прадзіраючыся праз хмызнякі і зараснікі чароту; «пасвіць» рыбу і «карміць» камароў. Здавалася б, такія паводзіны больш пасуюць гарэзам-школьнікам, чым салідным прафесарам. Што ж, школьнікі могуць быць адначасова і навукоўцамі...

Безимени-1

Безимени-1

 

 

Аляксей Мухля, кіраўнік клуба даследчых экспедыцый «Выток» пры Мінскім дзяржаўным турысцка-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі (на здымку) бывае ў гэтым будынку толькі па неабходнасці: аформіць і падпісаць дакументы, правесці мерапрыемства, выступіць з дакладам ці атрымаць інструктаж. Куды часцей яго можна знайсці на пасяджэннях клуба, якія праводзяцца ў лошыцкіх школах. Менавіта адтуль і шляхі экспедыцый на палескія балоты і азёры Віцебшчыны.

Жыццё клуба пачалося з сумеснага праекта «Школа экспедыцый» Акадэміі навук, гандлёвай маркі «Экспедыцыя» і турысцка-экалагічнага цэнтра. Напачатку былі сумненні, ці змогуць дзеці «пацягнуць» працу вучонага, аднак у 2007 годзе адбыўся першы сумесны паход, які прынёс плён. Цяпер вучні збіраюць матэрыял для будучых дакладаў, дысертацый і міжнародных канферэнцый, а зацікаўлены ў гэтым навуковы свет падтрымлівае экспедыцыі грантамі.

— Усе мы ведаем, якімі «цікавымі» часам бываюць лекцыі, асабліва для дзяцей у 11-12 гадоў, — распавядае Аляксей. — Можна расказваць і многа, і займальна, але, калі слухачы спяць, наперадзе ў іх пяць гадзін заняткаў, а ў руках тэлефон з інтэрнэтам, канкурыраваць з гэтым настаўніку надзвычай цяжка. Аднак ні адна тэхналогія не можа перадаць адчуванне, што істота, жывая, знаходзіцца побач. Таму экалагізацыя душы ва ўдзельнікаў клуба адбываецца праз узаемадзеянне з прыродай. Дзеці трымаюць у руках рэдкіх жывёл, бачаць агромністыя дрэвы, жывуць у палатках, сустракаюць узыход сонца над возерам. І адначасова сутыкаюцца з высечкамі і сметнікамі вакол вёсак. Такім чынам яны асэнсоўваюць, наколькі прырода залежыць ад нашых учынкаў, адчуваюць узаемасувязь усяго жывога на зямлі.

Безимени-2

Безимени-2

 

Вядома, асноўны крытэрый прыёму у склад экспедыцыі — зацікаўленасць. Аднак пад увагу бяруцца таксама тэарэтычная і фізічная падрыхтоўкі. Тут «Вытоку» дапамагаюць як калегі з турысцка-экалагічнага цэнтра, так і іншыя ўстановы турыстычнага і спартыўнага характару. Даследчык павінен умець усё: вылічваць азімут па компасе, плаваць на байдарцы, рабіць замеры, складваць рэестры і па дзесяць дзён жыць у лесе. Для асабліва падрыхтаваных груп начоўка зімою без палаткі — справа вядомая і магчымая. У падрыхтоўчай групе (а туды прымаюць з 11 гадоў) дзеці вызначаюцца, каму што мілей. Хтосьці адчувае сябе асам за клавіятурай, не нудзіцца работай з паперамі і таму дабывае інфармацыю для даследчыкаў і сартуе атрыманыя падчас экспедыцый звесткі.

«Валацугі» — так у клубе жартам называюць хлопцаў і дзяўчат, якія найхутчэй за ўсіх умеюць раскласці вогнішча, згатаваць вячэру і паставіць палатку.

Даследчыкі ж займаюцца асноўнай задачай экспедыцыі: вывучэннем экалогіі.

Пакуль удзельнікі клуба працуюць па трох кірунках. Першы — асенні, у гэты час у Беларусь завітвае з далёкага мора кумжа, альбо інакш — ласось. Тут, у неглыбокіх рачулках, рыба нерасціцца, тут жывуць малькі, пакуль не адпраўляюцца ў адваротнае падарожжа да рачнога вусця. Вядома, «знатную госцю» з марскіх плыняў трэба ахоўваць, чым нараўне з дарослымі займаюцца і школьнікі, а ў дадатак — вывучаюць рэдкую ў нашай мясцовасці папуляцыю рыб.

Сярэдзіну лета няўрымслівыя даследчыкі сустракаюць у віцебскіх або палескіх лясах з падзорнай трубой і... альпінісцкім рыштункам. Іначай немагчыма працаваць па другім кірунку: вывучэнні чорнага бусла. Залезці на дрэва — ужо прыемна. А зняць адтуль цёплае, жывое бусляня, закальцаваць яго і вярнуць на месца — прыемна удвая, бо сваімі рукамі можна патрымаць рэдкую птушку з Чырвонай кнігі і прынесці карысць навуцы. А вясною школьнікі ладзяць гнёзды. Дакладней — сплятаюць аснову з галінак і падымаюць яе на дрэва, каб зацікавіць птушку.

Трэці кірунак экспедыцый — этнаэкалогія. Яе аматары даследуюць, якім чынам суполкі людзей уздзейнічаюць на экалогію і наадварот. Пасля аналізу сабраных звестак маладыя навукоўцы могуць сур'ёзна разважаць пра асаблівасці экалагічнага менталітэту беларусаў ці, напрыклад, патлумачыць, чаму дачнікі часцей пакідаюць пасля сябе сметнікі, чым мясцовыя жыхары.

А як жа турысцкая рамантыка? Яе таксама хапае. Тут і выпрабаванне на трываласць, і сапраўднае сяброўства, і песні пад гітару каля начнога вогнішча, і адчуванне сябе частачкай вялікай жывой Зямлі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, студэнтка IV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і з архіва клуба

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.