Вы тут

З рызыкай для жыцця


Бабруйскія ратавальнікі Васіль Сямашка і Станіслаў Длускі прадухілілі выбух на газаразмеркавальнай станцыі.

Трывожны сігнал пра тое, што гарыць газаправод, паступіў бабруйскім ратавальнікам з вёскі Вялікія Бортнікі. Відовішча было не для слабанервовых. Ціск газу ў трубаправодзе дыяметрам 160 міліметраў на момант прыбыцця першага падраздзялення складаў 6 атмасфер. З-пад фланцавага злучэння газаправода біў вогнены факел вышынёй прыкладна 8 метраў. Усё гэта суправаджалася такім гулам, быццам бы недзе побач на пасадку заходзіў верталёт.

Безимени-1

Пры гарэнні газу тэмпература ў ачагу можа дасягаць плюс 950 градусаў. Металічныя канструкцыі пры такіх умовах могуць пратрымацца ад 15 да 30 хвілін, потым пачынаюць разбурацца. Таму ратавальнікі адразу ж сталі ахалоджваць газаразмеркавальную трубу вадой. Але трэба было найперш за ўсё перакрыць засаўку.

Яна ж знаходзілася ў калодзежы ў 5 метрах ад эпіцэнтра пажару, тэмпература там вымяралася сотнямі градусаў. І трэба было мець вялікую мужнасць, каб рызыкнуць спусціцца на глыбіню 3 метраў і перакрыць выхад газу.

Камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Ленінскага раёна горада Бабруйска, старшына ўнутранай службы Васіль Сямашка ўзяў на сябе адказнасць здзейсніць гэты рызыкоўны манеўр. Як-ніяк майстар спорту па гімнастыцы. Падстрахоўваў яго сябар Станіслаў Длускі, пажарны гэтай жа часці. «Ён майстар спорту па гірах, — усміхаецца Васіль. — Калі б нешта здарылася са мной, ён бы мяне, як кацяня, адной рукой выцягнуў». Увесь час, пакуль сябры выконвалі сваё заданне, калегі палівалі іх вадой. На шчасце, усё абышлося. Старшына перакрыў засаўку, і небяспека адступіла. Нехта скажа: «Што ў гэтым гераічнага? Гэта ж іх работа». Але ці шмат сярод нас такіх, якія ў хвіліну небяспекі, гатовы зрабіць усё, што ад іх залежыць?

— Я не першы год на гэтай службе, і тое, што здзейснілі мае калегі, заслугоўвае павагі, — прызнаўся спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір БУТКО. — Калі б не іх самасвядомасць, памеры бяды маглі б быць куды большыя. Дарэчы, другая засаўка знаходзілася на адлегласці 6 кіламетраў ад месца здарэння. Але хлопцы рызыкнулі і выйшлі пераможцамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».