Вы тут

Заяц з гумовым тварам. Урывак з аповесці


Югася Каляда друкуецца ў «Маладосці» падборкай з пяці(!) аповесцей. Ці знойдзе гераіня «Зайца з гумовым тварам» сяброўку свайго дзяцінства, чытач зможа даведацца, натуральна, толькі на старонках часопіса. А прадстаўлены тут пачатак аповесці дасць магчымасць атрымаць асалоду ад мовы і ходу думкі... Гераіні ці аўтаркі? Югася Каляда любіць ставіць чытача перад невырашальнымі пытаннямі.

13-141

Наш двор уначы падобны да басейна без вады. Сцены дамоў, паралельна і перпендыкулярна пашнураваныя стыкамі пліт, балконамі, вокнамі, не раўнуючы, кафля. І гулка — добра чуваць, як у калодзежы каналізацыі булькоча адпрацаваная вада.

Я, нібы ў накаўце, ляжала пластом на ложку і ў прагале адчыненых дзвярэй балкона бачыла кавалак перакуленага неба — не спалася.

Нябачны самалёт крэсліў на ім густы адбітак. Людзі спалі ў бетонных скрыначках, адзін пад адным, у пяць слаёў. А я не сплю. Мой энергаблок працуе ў аварыйным рэжыме ў пошуку прычыны паломкі. Накіпелі кантакты, згарэлі дыёды, замкнула і іскрыць? Я перастала прымаць сігналы ад свету, што па той бок ад мяне. Каторую ноч я марна спрабавала вызначыць: ці то мой перадатчык зламаўся, ці то па той бок усё знікла.

Відаць, я на кароткі час заснула, бо перад вачыма паплылі відарысы Сняжынкі, маёй сястры, не бачанай сто гадоў. Яна сядзела на скураным дзедавым крэсле, капрызліва боўтала нагамі і рытмічна адкрывала рот, да якога ўпарта штораз падносіла пюрэ рука кагосьці, зацёртага памяццю.

* * *

Насамрэч яна не была мне сваячкай па крыві. Матчына сястра, цётка Аліса, пабралася шлюбам з дзядзькам Алегам, а той меў дачку, адсуджаную ў першай жонкі. Пра цьмяную перадгісторыю сям'і Перагудаў я дазналася толькі па яе распадзе: дзесяцігадоваму чалавеку ўжо не нахлусіш беспакарана, і мама, уздыхаючы і пазіраючы ўбок, тлумачыла мне, чаму цётка Аліса больш не жадае мець стасункі з уласнай дачкой.

Пякельнае верашчанне таннага будзільніка адгрымела колькі хвілін таму, але я наўмысна ставіла яго наперад, каб набраць паветра перад нырком у ледзяную ваду чарговага дня.

— Ад таго часу мы не бачыліся, — я, заклаўшы рукі за галаву, дзялілася ўспамінамі з Артурчыкам, у якога тады была закахана, — гэта... васямнаццаць гадоў! Думаеш, няшчыра казаць цяпер, што я Сняжынку любіла?.. Заўжды?.. Толькі не згадвала пра яе... А мы прабавілі разам ледзь не ўсё дзяцінства! Якое сямейнае свята ні згадай, з тых, дзе «яўка ўсіх абавязковая», — там Сняжынка; лета, дача — Сняжынка. А прагулкі па парку? А паходы на рэчку?

Я ў спешным парадку вяла маніторынг назапашаных дзіцячых успамінаў; сапраўды, Сняжынка там траплялася, але не з такой частатой і не пад тым наменклатурным нумарам, каб я тут і цяпер, паклаўшы руку на сэрца, запатрабавала ад Сусвету неадменна арганізаваць сустрэчу з сястрой, якая мне і не сястра насамрэч.

У пакой ціха ўвайшоў Фелікс, гаспадар кватэры, і спыніўся насупраць ложка. Артурчык, як зазвычай, зніякавеў пад яго позіркам і знік. Фелікс заўжды глядзеў на мяне з дакорам і нявыказаным пытаннем у вачах, і я пачувалася вінаватай. Вось і цяпер ён спадылба зірнуў на мяне, перавёў позірк на адчынены балкон, выразна ўздыхнуў і пайшоў прэч, празрыста намякаючы мне на патрэбу кіравацца за ім.

Я таксама ўздыхнула, спусціла ногі з ложка, апяклася аб халодную падлогу і намацала пантофлі. Сапраўды, Фелікс скрозь меў рацыю: з адчыненым балконам спаць было даўно холадна і валяцца было ўжо досыць, прыспеў час эвалюцыянаваць з медузы ў Гома Эрэктуса, ісці збіваць палкай бананы.

Фелікс сядзеў пасярод кухні і чакаў мяне. Без асаблівай, што праўда, радасці адбываліся нашы стасункі: лёс змусіў жыць у адной кватэры, і мы моўчкі неслі гэты... ну, скажам так, крыжык.

— Фелікс, слухай, — я выцягнула з лядоўні бляшанку кансерваў і з задавальненнем убіла ў яе нож, — а калі б ты меў сястру, згубіў яе ў раннім дзяцінстве, а потым прыгадаў, — ты б хацеў яе знайсці?

Мяркуючы па рэакцыі — поўнае маўчанне — майго суседа такія праблемы не хвалявалі.

— Ну добра, тады сфармулюем іначай, — я вываліла печань мінтая на сподачак і прынялася размінаць яе відэльцам. — А калі б цябе раптам знайшла сястра, якую ты не бачыў сто гадоў і з якой вас раз'ядналі ў дзяцінстве? Ты быў бы рады?

Фелікс падышоў да мяне бліжэй, нецярплівы і незадаволены. Я ўявіла, як да нас прыходзяць яго згубленыя ў дзяцінстве сёстры і рассмяялася.

— Ды ты мяне зусім не слухаеш! — я паставіла сподачак з мозгападобнай масай на падлогу. — На, жары, пыса ты прыплюснутая!

Фелікс з пагардай адштурхнуў маю руку і ўзяўся за сняданак, а я падышла да акна і зірнула на тэрмометр. Як хутка прыйшлі халады ў гэтую брыдкую восень. Трэба будзе надзець чорны швэдар пад паліто.

* * *

Раніцы былі б дабрэйшымі, а восень — не такой брыдкай, каб не гэтыя аўтобусныя катаванні «Аэрадром — Навабеліца». Мы з Артурчыкам разам выходзілі з дому, стаялі на прыпынку, удзельнічалі ў штурме аўтобуса і баях за месца, але ў раёне «Лугавой» ён, як зазвычай, знікаў, і мне даводзілася шукаць іншыя сродкі адольваць самоту, калі можна назваць самотнай паездку ў забітым аўтобусе.

Я думала пра Сняжынку: ці рэальна яе знайсці? Ну, знайсці не праблема: Гомель — маленькі горад. І што далей? Што пераменіцца ў жыцці? Яно палепшае? Магічным чынам запоўніцца сэнсам? Вобраз «Магічнае запаўненне жыцця сэнсам» імгненна візуалізаваўся ў выглядзе бутэлькі з-пад піва, пастаўленай у ракавіну пад кран; мела б я псіхіятра, той прыйшоў бы ў экстаз.

Мае думкі, перайшоўшыя з сястры на пустыя бутэлькі, трансфармаваліся ў трагічныя развагі аб марнасці існага. І гэта з раніцы. За акном стракацелі навабеліцкія краявіды, мой прыпынак быў наступны, і варта было ўвайсці ў кантакт з насельніцтвам на тэму «Ці выходзіце?..», але брыдка было варушыцца. Ну добра, я знайду Сняжынку, няхай нават мая любоў не соннае трызненне. І што зменіцца?

«Што-о-о-о?» — дзякуй богу, усе выйшлі, і я за імі. Нічога цудоўнага не чакае нас у жыцці, усё прадказальна, не верыш? — я размаўляла сама з сабой, за адсутнасцю Артурчыка. — Я магу прадказаць сённяшні дзень у дэталях, тыдзень — лёгка! Год — у агульных рысах, і жыццё — хоць цяпер падсумаваць вынікі. Зараз я прыйду на працу, зайду ў кабінет: Светка ўжо сядзіць за сталом у зялёнай кофце, або ў карычневай, або ў зялёнай вадалазцы і чорным пінжаку. Лена сядзіць за кампом з такім суровым выразам твару, нібыта ўсе замінаюць ёй працаваць. Можна будзе зазірнуць у манітор: яна гуляецца ў «Зуму». І тут я пайду да шафы, здыму паліто, скажу «Добрай раніцы!», Ленка хмыкне, не падымаючы вачэй «Н-ну!», а Светка прапішчыць «О-ой, здаро-оў!», а я...»

Не пражыты яшчэ дзень раптам, як з адкрытай дамбы, абрынуўся на мяне мільёнам дакладных падрабязнасцей, і я заплюшчыла вочы ад жаху перад нечаканым прарочым талентам, нават спынілася за два крокі ад дзвярэй канторы, паралізаваная імпульсам не ісці на працу: якой халеры, калі дзень адбыўся? Мая ўнутраная забастоўка доўжылася секунды тры, пакуль яе не перарвала думка-штрэйкбрэхер: «А Артурчык?» — «А-ах, сапраўды, Арту-урчык!» — узгадала я і рушыла ў браму пекла, як быццам з'яву «Артурчык» цяжка было прадказаць з дакладнасцю да слова.

Я штурхнула дзверы ў кабінет, кінуўшы дзеўкам «Добрай раніцы!», і пайшла да шафы.

— Ы-ыгы, — засяроджана працадзіла Ленка; яе хвалявалі лёсы каляровых шарыкаў.

— О-ой, здаро-оў! — прапішчала Светка, і я не паверыла вачам: яна была ў фіялетавым швэдры!

— Ой, Свет, новы купіла? Файна, табе пасуе! — я ўжо была ў стане радавацца новай шмотцы Светкі як падзеі ўласнага жыцця. — А дзе?

«Прудкоўскі, Цэнтральны, ля вакзала. Прудкоўскі, Цэнтральны, ля вакзала. Калі адгадаю, запрашу Артурчыка дадому. Прудкоўскі, Цэнтральны, ля вакзала», — я адправіла ў нябёсы, бадай што, самую палымяную малітву за апошні месяц.

— А кума з Чарнігава прывезла, а ёй малы! — падзялілася радасцю Светка, і мне давялося пераконваць сябе, што малітва мела працяг: «А калі не адгадаю, то Артурчык сам запросіць мяне!»

Я села за стол, выцягнула з шуфляды папку з паперамі, прыгожа расклала іх перад сабой, адкрыла ў кампе базу і ўключыла чайнік, куды з вечара наліла вады. Яшчэ з паўгадзінкі пап'ю каву, апрытомнею, а потым і папрацуем.

Яе імя «Сняжана» ніхто не ўжываў як занадта дарослае для Сняжынкі. Дакладна, я любіла яе, хіба што неўсвядомлена. Маладзейшая за мяне роўна на год, сястрычка была драбнейшая, у бялявых кудзерках, з лялечным роцікам, капрызлівая і дурная. Яна мела толькі тры станы: капрызіла, несла лухту або рабіла глупствы, крыўдавала. Я Сняжынку, як старэйшая малодшую, даглядала, выхоўвала і ахоўвала: ад небяспекі і непрыемнасцей, якія тая таленавіта знаходзіла на роўным месцы. На фотаздымках, дзе мы разам, я абдымаю яе — ці трымаю? — за плечы. Трэба будзе пераглядзець фоткі, чорна-белыя, іх няшмат... А аднаго разу, пакуль я падымалася ў кватэру па мячык і скакалку, Сняжынка паспрачалася з дзяўчынкамі не з нашага двара: бэз — гэта куст ці дрэва? А пасярод двара ў нас буялі бэзавыя зарасці, такія старыя, што галлё было не раўнуючы ствалы. Сняжынка толькі ўбачыла, што я выходжу з пад'езда, як закрычала: «Мая сястра ўсё ведае! Яна зараз скажа!» І я рушыла да іх: няспешна, паказваючы абыякавасць, а насамрэч прыдумляла адказ. «Бэз — гэта дрэвападобны куст», — сказала я такім тонам, нібыта стамілася штодня тлумачыць. А Сняжынка, якую казыталі ўнутраныя чарцяняты, ад чаго яна падскоквала на месцы, падскочыла яшчэ вышэй і паказала дзяўчатам не з нашага двара язык. Адмысловае ўяўленне пра гасціннасць, што тут скажаш.

А што з бэзам? У старым двары я не была сто гадоў. Можа, бэз так разросся, што ўсё сабой запоўніў. Або ён проста здаваўся вялікім; а можа, яго ссеклі. Трэба даведацца. А калі я прыйду туды, я стану ля бэзу, ля лаўкі — калі тая жывая — і буду дзяўчынкай не з нашага двара. Лепш не пайду.

Югася КАЛЯДА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.