Вы тут

Дырэктар «Славянскага базара ў Віцебску» Аляксандр Сідарэнка: «Не хочам стаць «Еўрабачаннем»... У нас свой стыль»


У чым сакрэт даўгалецця «Славянскага базару», інтарэс да якога штогод толькі павялічваецца? Пра гэта і не толькі «Звязда» папрасіла паразважаць кіраўніка дырэкцыі фестывалю. На гэтай пасадзе Аляксандр Сідарэнка працуе ўжо трэці год. А ў адным з першых інтэрв'ю ён прызнаўся, што калісьці хацеў стаць ваенным, узначальваў сельскі Дом культуры... Сёлета Аляксандр Пятровіч выбраны кіраўніком Сусветнай асацыяцыі фестываляў. З гэтага і пачалася размова.

Безимени-1

— Аляксандр Пятровіч, да гэтага віцебскі фэст быў і ў FІDOF — Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый. Больш за гэта— двойчы быў прызнаны «Найлепшым фестывалем года». Асацыяцыя дае больш магчымасцей?

— Віцебская дырэкцыя не мела намеру неяк «здрадзіць» FІDOF. Яе заснаваў яшчэ ў 1966 годзе спадар Марэна як некамерцыйную арганізацыю, каб каардынаваць і падтрымліваць праекты. FІDOF яднала мноства фестываляў, конкурсаў. Але пакрысе дзейнасць федэрацыі пачала сыходзіць да мінімуму. А неабходнасць узаемадзеяння паміж фестывалямі заставалася актуальнай. Дарэчы, існуюць некалькі падобных аб'яднанняў. Але ў адрозненне ад FІDOF, у Сусветнай асацыяцыі фестываляў (WAF) іншая мэта. Галоўнае для апошняй— не яднаць вялікую колькасць фестываляў, а падтрымліваць фэсты высокага ўзроўню. І для дырэкцыі «Славянскага базару» гэта стала вызначальным.

— А як зразумець, ці можа фестываль увайсці ў асацыяцыю? Можа, варта прапісаць адпаведныя крытэрыі?

— А гэтага, напэўна, і не трэба. Бо статус арганізацыі павінен быць настолькі важным, што з ёй павінны лічыцца і вялікія, і маленькія фестывалі. Падтрымка асацыяцыі дае даволі шырокія перспектывы, і гэта павінна заахвочваць арганізатараў да канкрэтных дзеянняў пры фарміраванні праграмы, запрашэнні ўдзельнікаў і гасцей.

Я маю на ўвазе тое, што на «мясцовага ўзроўню» фэсты не паедуць канкурсанты, якія хочуць стаць вядомымі. Зразумела, яны імкнуцца прыехаць на «Базар» або яго партнёрскія фэсты... Усё больш у свеце фестываляў чыста камерцыйнай накіраванасці. Гэта, на мой погляд, паспрыяла таму, што наступіў нейкі перыяд застою фестывальнага руху. І так думаю не толькі я. Пра «камерцыю ад культуры» мы гаварылі ў Віцебску на міжнароднай канферэнцыі.

— Вельмі цікавая тэма для дыскусіі...

— Так. Тым больш што яе агучылі нашы калегі з Балгарыі і Ізраіля— курортных краін. Значыць, для іх гэта вялікая праблема на самай справе. Калі фестывалі і працу з маладымі і таленавітымі выканаўцамі ўспрымаюць толькі як сродак дасягнення нейкіх камерцыйных мэт, такі падыход, пагадзіцеся, няправільны. Упэўнены, прыйдзе час, і салідная міжнародная арганізацыя зможа такую з'яву неяк абмежаваць. Ужо, дарэчы, пасыпаліся заяўкі на ўступленне ў рады WAF. Але, бывае, пра нейкі фэст нават немагчыма знайсці падрабязную інфармацыю...

Між іншым, у канкурсантаў пад эгідай нашай асацыяцыі ёсць шанц без усякіх фінансавых унёскаў браць удзел у іншых фэстах. Напрыклад, у Віцебску выступіў удала, калі ласка, прыязджай на іншыя конкурсы...

Віцебск будзе штаб-кватэрай Сусветнай асацыяцыі фестываляў 5 гадоў. Яна месціцца ў сценах дырэкцыі «Славянскага базару». На фасадзе хутка з'явіцца таблічка на трох мовах, а на флагштоку ў амфітэатры сярод іншых вывесім і сцяг з эмблемай асацыяцыі...

— На «Зорным часе» беларускі ўдзельнік Еўрабачання Тэо даў цікавую падставу для разважанняў. Маўляў, добрыя вакальныя здольнасці павінны быць у «звязцы» з артыстызмам. Каб было прыемна не толькі чуць, але і глядзець на канкурсанта. Вы згодны з такім меркаваннем?

— Мы лічым галоўнай задачай— грунтоўны адбор канкурсантаў. «Брацца» за імідж пакуль не гатовы. Каб канкурсант выйшаў «у вобразе» перад больш за 6 тысячамі гледачоў амфітэатра, ён сам павінен разумець, чаго ад яго чакаюць... Гэта, вядома, велізарны пласт працы. Ці патрэбна шоу падчас выступлення з сімфанічным аркестрам— у першы дзень фіналу? Як правільна заўважыў міністр культуры, мы ж не хочам стаць «Новай хваляй» ці «Еўрабачаннем». Бо ў нас свой стыль.

А вось дзіцячы конкурс «Базару» сёлета быў вельмі відовішчным, у стылі «quest», з адмыслова падрыхтаваным пластычным і танцавальным суправаджэннем. Мы пайшлі на дадатковыя выдаткі і зрабілі сучасную сцэну з вялікай колькасцю экранаў для кантэнту «vіdeo-mappіng», з святлівым подыумам, сотнямі светлавых прыбораў.

— Дарэчы, маленькім гледачам даволі цяжка глядзець конкурс з удзелам «зорачак», які доўжыцца каля трох гадзін. Няма ідэі зрабіць, як на дарослым конкурсе, каб у фінал выходзілі не ўсе? І я асабіста лічу несправядлівым, калі ў дзіцячым конкурсе некаторыя краіны прадстаўляюць па дзве «зорачкі»...

— Можам у прынцыпе зрабіць канцэрты з антрактам. Не лічу мэтазгодным, каб дзіцячы конкурс праводзіўся па аналогіі з дарослым. А наконт таго, што за Беларусь, Расію і Украіну выступаюць два чалавекі, дык першапачаткова так было. Не выключаю, што могуць быць змены. Калі мы прымаем міжнародны конкурс, напэўна, правільна было б, каб усе юныя таленты мелі роўныя шанцы... У гэтым я з вамі згодны.

Між тым ёсць і такая акалічнасць, як паралельнасць правядзення двух конкурсаў. Складана сачыць з аднолькавай увагай за кожным з іх. А калі дабавіць яшчэ шэраг цікавых мерапрыемстваў на іншых пляцоўках, увогуле можна разгубіцца...

— Можа, асобна праводзіць дзіцячы «Базар»?

— Гэта складана ў арганізацыйным плане рэалізаваць. Тым больш, што мы ведаем пра не вельмі паспяховы вопыт на іншых фестывалях. Паўтарацца не варта...

— Фестывалю ў наступным годзе споўніцца 25 гадоў. Памятаю, у першыя гады вельмі актыўна ў СМІ каментавалі яго назву. Чаму толькі «славянскі»? Ды і «базар»— наогул цюркскае слова. Ці неабходны рэбрэндынг?

— У любым выпадку нельга «кідацца» назвай, мяняць эмблему... Слова «базар»— інтэрнацыянальнае, зразумелае на многіх мовах свету. Ёсць і фестываль «Базар» у Марселі (Францыя), у якім прымаюць удзел скульптары, мастакі, фатографы, пісьменнікі. Аматараў творчасці і рукадзелля штогод збірае «Яраслаўскі базар» (Расія). А «Усходні базар» у Тайландзе— гэта і фестываль-кірмаш тавараў, сувенірнай прадукцыі знакамітых кампаній, і міжнародны тэлевізійны конкурс эстрадных выканаўцаў. «Славянскі базар у Віцебску»— эксклюзіўны, адметны ў гэтым шэрагу.

Вяртаючыся да тэмы пра Сусветную асацыяцыю фестываляў, магу падкрэсліць: яна пашырае межы і магчымасці. Сёлета 42 краіны ўдзельнічалі, і толькі 13-14— славянскіх. А тая ж Азія да нас цягнецца і Лацінская Амерыка... І асацыяцыя можа стаць асновай, вакол якой у Віцебску можна арганізаваць найбуйнейшы сусветны фестываль. «Базар»— не межы культуры славянскага свету. Мы ўжо даўно за іх выйшлі. Але, напэўна, самі сябе абмяжоўваем словам «славянскі». У выніку, думаю, для многіх краін гэта— нейкі нябачны бар'ер... Сёлета прадстаўнікі Казахстана перамаглі ў конкурсах. Некаторыя здзіўляліся: казахі вывозяць два Гран-пры. А чаму б і не?

А новыя праекты фестывалю— доказ таго, што ён не стаіць на месцы. Праект вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» атрымаў добры рэзананс. Разнастайнасць выставачнай праграмы. Так, і да будучага фестывалю рыхтуем новыя цікавыя ідэі!

— Кіраўнік дзяржавы на цырымоніі закрыцця «Славянскага базару» параўноўваў яго з Алімпіядай. Адзначыў і тое, што фестываль імкнецца да самаакупнасці. Пра канкрэтныя лічбы яшчэ гаварыць рана?

— Вынікі дакладныя будуць вядомы ў верасні. На сёння магу сказаць, што 90% складаюць пазабюджэтныя сродкі. Мы ўсё заробленае акумулюем на рахунку фестывалю... Няма аналагічных фэстаў у Беларусі і суседніх краінах, каб амаль усе квіткі прадаваліся. Нагадаю, сёлета пачалі іх продаж яшчэ ў сакавіку.

— Аляксандр Пятровіч, не магу не запытацца пра наступнае. У вас не баліць душа, што ў найбліжэйшыя тыдні ў амфітэатры не будзе канцэртаў?

— Супрацоўнікі ў адпачынку пасля фестывальнага марафону. Яны яго заслужылі, бо сыходзілі падчас «Базару» дамоў, каб літаральна толькі паспаць, а некаторыя не мелі і такой магчымасці. У верасні пройдуць канцэрты для школьнікаў. Не выключаюцца і выступленні гуртоў. Такі вопыт у нас ужо напрацаваны. І позняй восенню гучала музыка. Я, напрыклад, магу ўзгадаць пра Макарэвіча і яго калектыў...

— Ці рэальна ўбачыць амфітэатр са сценамі?

— З'явіўся ж калісьці дах. Зараз пакажу вам паперы... Вось еўрапейская фірма можа «закрыць» лёгкімі канструкцыямі любую залу. І гэта параўнальна нядорага. Не выключаю такой магчымасці.

— А ці будзе рэалізаваны план па стварэнні комплексу адпачынку ля амфітэатра?

— Спачатку, думаю, можна паспрабаваць «зрабіць рабочымі» памяшканні ля падземнага перахода да комплексу амфітэатра. Там калісьці працавалі забаўляльны клуб, рэстаран... Я ўжо абмяркоўваў з кіраўніцтвам горада ідэю стварэння комплексу залаў для заняткаў танцавальных калектываў. У цэнтры культуры гэта самыя запатрабаваныя творчыя аб'яднанні, а абсталяваных памяшканняў для заняткаў не хапае. Гэта патрэбна ў тым ліку і для таго, каб рыхтаваць новыя таленты для харэаграфічных фестываляў, якіх у Віцебску ладзіцца некалькі. Самы знакаміты з іх— Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, аўтар ідэі і канцэпцыі якога— мая намесніца Марына Раманоўская...

— Раскажыце, калі ласка, пра вашу сям'ю, хобі.

— Жонка па адукацыі настаўніца хіміі і біялогіі. Скончыла ўніверсітэт з адзнакай. Працуе зараз выхавацелькай у дзіцячым садку ў пасёлку Лужасна, дзе мы жывём. Туды ходзяць нашы дзве дачкі. Адной 5 гадоў, другой— 3,5. Мне спакайней, калі жонка побач з дзецьмі. Дочкі— таленты. Яны могуць спяваць нават на англійскай мове. Памяць фенаменальная, асабліва ў старэйшай. Яна прыслухваецца да песні, якая гучыць з прыёмніка, адразу напявае. Аднойчы было смешна: спрабавала капіраваць Лепса ахрыплым голасам.

Дзеці ходзяць у дзіцячую падрыхтоўчую групу ансамбля «Гарэза» цэнтра культуры «Віцебск». Ужо выходзілі на сцэну падчас канцэртаў. Дарэчы, і жонка была салісткай у танцавальным калектыве.

Наконт хобі, у вольны час для мяне радасць— гэта рыбалка і паляванне. А з нядаўняга часу займаюся і падводным паляваннем. Які ж рыбак не хацеў бы зазірнуць у глыбіню? Ловіш з берага, а хочацца ж ведаць, што там пад вадой...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота з архіва фестывалю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.