Вы тут

Педагогам можаш ты не быць...


або Як студэнту трапіць у «НЛА».

Летам нямала моладзі накіроўваецца ў дзіцячыя лагеры. Не ў якасці адпачываючых, вядома, а ў складзе педагагічных студэнцкіх атрадаў. Выключэнне з правіла — атрад «НЛА», у якім працуюць і навучэнцы непедагагічных спецыяльнасцей.

[caption id="attachment_95981" align="alignnone" width="600"]13-28

13-28

 Анас­та­сія Ялен­ская, Ка­ця­ры­на Ва­руш­кі­на і Алег Па­лон­скі: без гу­ма­ру ў ла­ге­ры ні­ку­ды![/caption]

 

Відаць здалёк

Дзіцячы лагер «Арляня» знаходзіцца ў пары кіламетраў ад Бешанковічаў. Менавіта тут нядаўна распачалася абласная «Лідар-змена». У летнік з'ехаліся 79 старшых школьнікаў з усёй Віцебшчыны. Гэта ў першую чаргу актывісты пярвічных ячэек БРСМ, частыя ўдзельнікі пазашкольных мерапрыемстваў. Працуюць з імі дзесяць студэнтаў, якія і складаюць педатрад «НЛА». Абрэвіятура, дарэчы, расшыфроўваецца як «новы лідарскі атрад».

...Мы прыязджаем у летнік у самы разгар дня — лясную цішыню ўвесь час перарываюць дзіцячыя смех і гоман. Нехта знайшоў сабе занятак на спартыўнай пляцоўцы і гуляе з мячом, іншыя хаваюцца ад спёкі пад дахамі карпусоў. Відаць здалёк і юных выхавацеляў — важатых лёгка адрозніць па фірменных сініх майках з надпісам «НЛА» і жоўтых гальштуках. Нас сустракаекамісар педатрада Анастасія ЯЛЕНСКАЯ.

— Штогод «НЛА» праводзіць адну «Лідар-змену», — распавядае дзяўчына. — Сёлета сюды ў якасці выхавацеляў трапілі студэнты тэхналагічных спецыяльнасцей, будучыя экскурсаводы, праграмісты і іншыя. Ёсць і чатыры будучыя педагогі. Усе, акрамя аднаго важатага, самі раней адпачывалі на лідарскай змене, нават неаднойчы, таму яны добра ведаюць сістэму знутры. Да таго ж перад выездам у лагер усе праходзяць адпаведную падрыхтоўку. Мы самі складалі праграму заняткаў і мерапрыемстваў, і ўсе дасканала яе ведаюць. Безумоўна, не абыходзіцца і без профільнай педагагічнай падрыхтоўкі: кожнага важатага папярэдне вучаць, як працаваць з дзецьмі, бо гэта зусім няпроста...

Усю ўладу — дзецям!

Кожны дзень удзельнікаў лідар-змены ў «Арляняці» падзелены на дзве часткі. У першай палове дня ў дзяцей развіваюць менавіта лідарскія якасці, гэта так званая «вучоба актыву». Ім дапамагаюць пазнаваць сябе, вучаць шукаць агульную мову з іншымі і працаваць у камандзе, даюць веды па канфлікталогіі і многае іншае. Бліжэй да вечара надыходзіць час лагерных мерапрыемстваў. За 13 гадоў існавання педатрада склаліся цікавыя традыцыі. Напрыклад, традыцыйную «лінейку» замяніла лідарскае кола: выхаванцы і важатыя змены штодзень становяцца ў кола, у якім спяваюць, дзеляцца навінамі і абмяркоўваюць свае планы. Ёсць яшчэ ранішняя размова і вячэрняя свечка...

Па словах Анастасіі, змена гэтая ўнікальная. Напрыклад, замест сумнай ранішняй зарадкі тут практыкуюць аэробіку: кожны з чатырох лідарскіх атрадаў штодзень прыдумляе заняткі ў стылі танцаў народаў свету. Рэалізавана і шматузроўневая сістэма самакіравання. Узначальвае змену штаб-цэнтр, якім кіруюць важатыя. Найвышэйшы заканадаўча-выканаўчы орган дзяцей — савет атрадаў асобага прызначэння, у які ўваходзяць камандзіры і камісары атрадаў. Апошні ўзровень — групы асобага прызначэння, якіх у кожным атрадзе тры: творчая, арганізацыйная і спартыўна-бытавая. Задача дзяцей — самім ініцыяваць і праводзіць мерапрыемствы, а важатыя іх толькі накіроўваюць.

Кожная «Лідар-змена» мае сваю тэматыку. Сёлетняя — трынаццатая па ліку, таму было вырашана зрабіць яе максімальна загадкавай і даць адпаведную назву — «Цалкам сакрэтна». Важатыя прыдумалі легенду, быццам бы трынаццаць гадоў таму на тэрыторыі лагера адбыўся загадкавы выкід энергіі. Задача дзяцей — пры дапамозе кавалкаў гісторый і шыфраў аднавіць ход падзей і раскрыць сакрэт змены.

[caption id="attachment_95982" align="alignnone" width="600"]13-29

13-29

 Бе­ла­рус­ка­моў­ную пес­ню пра «Лі­дар-зме­ну» вы­кон­вае аў­та­рка — Ма­рыя Юркевіч.[/caption]

 

Ні хвіліны без... працы!

А што ж самі важатыя? Пэўна, цяжка ім прыходзіцца з дзецьмі, якія не нашмат маладзейшыя за сваіх выхавацеляў?

Трэцякурснік факультэта тэлекамунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Алег ПАЛОНСКІ прымае ўдзел у працы ўніверсітэцкай суполкі БРСМ. Сёлета хлопец збіраўся ехаць працаваць важатым у Расію. Але раптам падвярнуўся варыянт з «НЛА», куды Алег трапіць і не спадзяваўся: па чутках, прэтэндэнтаў чакаў сур'ёзны адбор, звяртаць увагу павінны былі на наяўнасць і педагагічнага досведу. Усё склалася як нельга лепш — у «НЛА» вызвалілася месца і студэнта БДУІР накіравалі ў «Арляня».

— Першапачаткова мяне цікавіла нават не столькі праца з дзецьмі, колькі сама атмасфера. Тут няма калі сядзець на месцы, увесь час трэба нешта рабіць, прыдумляць, а такі рытм жыцця мне даспадобы, — кажа Алег. — Ты вучыш нечаму выхаванцаў і, адпаведна, сам вучышся, без гэтага ніяк. Самымі цяжкімі былі першыя тры дні, бо гэта час, калі з незнаёмых паміж сабой дзяцей трэба сфарміраваць калектыў, наладзіць паміж імі і сабой сувязь. Цяпер не так складана, бо калектывам прасцей кіраваць. Ёсць і цяжкасці, зразумела. Мне падаецца, што раней падлеткі былі больш падобныя адзін да аднаго, мелі блізкія інтарэсы. Цяпер жа — усе вельмі розныя. Магчыма, уплываюць сучасныя медыя — дзеці растуць у свеце з неверагоднай колькасцю інфармацыі, а таму даводзіцца шукаць падыходы да кожнага асобна.

Кажучы пра напружаны рытм працы, Алег не хлусіць. Анастасія пацвярджае, што важатыя кладуцца спаць не раней за тры гадзіны ночы, а ўставаць трэба ў сем раніцы.

Кацярына ВАРУШКІНА вучыцца на чацвёртым курсе Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Акцёр драматычнага тэатра і кіно». Дзяўчына прызнаецца, што выбрала такую прафесію дзякуючы «Лідар-змене», якая дапамагла ёй пазбавіцца сарамлівасці і раскрыць свае здольнасці.

— Я сапраўды не магу жыць без змены, заўсёды хацела сюды вярнуцца, — кажа яна. — Праца з дзецьмі для мяне не новая: я выкладаю акцёрскае майстэрства і сцэнічнае маўленне ў дзяцей малодшага ўзросту ў гуртку, таму вопыт ёсць. Вядома, тут працаваць трэба ўжо з падлеткамі, але гэта не абцяжарвае. Хоць у нас і не такая вялікая розніца ва ўзросце, але кожны разумее, што важаты — гэта галоўны чалавек у атрадзе. Мы імкнёмся заўсёды быць трохі «вышэй» за выхаванцаў, але не замінаем ім самім прымаць важныя рашэнні.

Дыскатэка — не ў «фаворы»

Пазнаць будучых лідараў лёгка: адна з груп маршыруе ў сталовую пад гукі нейкай незразумелай песні, разабраць у якой можна толькі... лічбы. Да вушэй даносіцца рытмічнае «сем — адзінаццаць — трынаццаць».

— Гэта назва атрада, — смяецца Анастасія Яленская. — Сем хлопцаў, трынаццаць дзяўчат, а дзве «адзінкі» — гэта важатыя. Калі прыслухаецеся, пачуеце яшчэ і нумары тэлефонаў — гэта кантакты важатых. Мы ўвогуле спачатку думалі скласці песню з тэлефонных нумароў усіх дзяцей у атрадзе, каб яны маглі лёгка адно аднаго знайсці пасля заканчэння змены.

Дзеці тут сапраўды непадобныя да многіх іншых.

Самае папулярнае некалі мерапрыемства — дыскатэка — асаблівай цікавасці не выклікае. Выхаванцы з большым імпэтам спяваюць пад гітару.

Якраз да такой «пявучай» групы мы і падыходзім. Юнакі выконваюць песню пра лідарскую змену, своеасаблівы неафіцыяльны гімн, які напісала выхаванка Марыя Юркевіч.

— З «Лідар-зменай» цяжка параўноўваць любы іншы лагер, — кажа Дар'я ХМЫЛОВА з Оршы. — Тут ты не толькі адпачываеш, але і вучышся. А яшчэ ніколі не сумуеш, бо на гэта проста не хапае часу. Увесь час трэнінгі, заняткі...

• • •

За адпрацаваную змену юныя важатыя атрымаюць заробак. Гэта сімвалічныя грошы, і ўсе студэнты сыходзяцца ў думцы, што едуць сюды не па яго. Уражанні і сяброўства — вось што галоўнае ў «НЛА».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Мінск — Бешанковіцкі раён — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.