Вы тут

Руслан Аляхно: «Пра сябе трэба нагадваць. Але не надакучаць»


У яго жыцці было шмат конкурсаў і фестываляў. Але сапраўдны кар'ерны ўзлёт пачаўся пасля перамогі ў расійскім праекце «Народны артыст-2». Ён пераехаў у суседнюю краіну і пачаў па-сапраўднаму рэалізоўвацца ў творчасці. Запісы альбомаў, здымкі кліпаў, новыя праекты...
У 2008 годзе прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне». Летась запісаў дуэт і зняў відэа на песню «Сэрца са шкла» з расійскай спявачкай Валерыяй, чым не толькі парадаваў прыхільнікаў, але і ў чарговы раз даказаў сабе, што любая мара можа стаць рэальнасцю, калі працаваць над сабой.
Сёлета Руслан Аляхно перамог у трэцім сезоне шоу пераўвасабленняў «Адзін у адзін», прадставіўшы публіцы вобразы шматлікіх вядомых артыстаў мінулага і сучаснасці. Сустрэўшы артыста на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», мы пацікавіліся, як яму ўдаецца заставацца сабой у расійскім шоу-бізнесе, ці адчувае ён настальгію па Беларусі
і як ставіцца да ўласнай публічнасці...

13-17-1

— Удзел у шоу «Адзін у адзін» прынёс вам перамогу. Чаго каштавала такое дасягненне?

— Усе вобразы былі складанымі, бо такой творчасцю я не займаюся кожны дзень, у адрозненне ад заняткаў па вакале, дыхальнай гімнастыкай і гэтак далей. Таму, безумоўна, было складана не толькі тэхнічна, але і псіхалагічна. А калі трапляўся жаночы вобраз, то і ўдвая цяжэй. Як яго распрацоўваць? Аднаго грыму недастаткова, бо патрэбна яшчэ памяняць тэмбр голасу (можна і мужчынскім спяваць, але атрымаецца дысананс). І тады шукаеш тую мяжу, дзе будуць арганічна спалучацца знешнасць, голас і манера паводзін арыгінала.

У мяне была цэлая галерэя вобразаў: ад Фарэла Уільямса да Яўгена Мартынава. І чым я ганаруся, дык гэта тым, што ўсе яны былі рознымі. Я не паўтараўся.

— Пасля шоу вы неаднаразова казалі, што набылі вопыт...

— Праект стаў для мяне добрай школай, бо з'явілася магчымасць паглядзець на сябе збоку: як я магу выконваць тую ці іншую песню, знаходзячыся ў розных вобразах? Магчыма, аднойчы я запішу кампазіцыю, не ўласцівую мне, і такі вопыт спатрэбіцца. Важнай была таксама праца ў камандзе, бо калі чалавек робіць усё сам, то гэта нагадвае самадзейнасць. А я прыхільнік таго, каб кожны займаўся сваёй справай і, наогул, каб ва ўсіх у нас былі памочнікі, якія дапамагалі б звярнуць увагу на памылкі. Калі такія людзі ёсць, то можна працаваць спакойна.

— Праект «Адзін у адзін» азмрочыла навіна пра смерць аднаго з удзельнікаў — Батырхана Шукенава. Ці не задумваецеся вы ў такія моманты пра тое, што можаце не паспець нечага ў жыцці?

— Я рэальна гляджу на рэчы і прымаю любую сітуацыю такой, якая яна ёсць. Калі б я ведаў, што мяне чакае ў найбліжэйшай будучыні, тады я хваляваўся б пра тое, як паспець зрабіць усё задуманае. А так у мяне ёсць мэты, я іду да іх, ведаючы, як дасягнуць іх у найбліжэйшы час. Не варта хвалявацца з прычыны таго, што чакае вас за паваротам. Трэба клапаціцца пра сваё здароўе і аберагаць сваіх блізкіх і дарагіх людзей. Кожнаму я жадаю найперш за ўсё думаць пра гэта. Своечасова!

13-19

— Вернемся да пачатку кар'еры. Пасля перамогі на праекце «Народны артыст-2» у вашай творчасці быў даволі спакойны перыяд...

— Паняцце «зацішша», калі мы гаворым пра артыста, вельмі адноснае. Безумоўна, на «Народным артысце» ў мяне паўгода былі эфіры на тэлебачанні, а потым — толькі ўдзел у асобных канцэртах. Але творчае жыццё працягвалася: былі гастролі, пісаліся песні. Разумееце, публіцы трэба пра сябе перыядычна нагадваць. Аднак рабіць гэта так, каб і ты, і твае песні не надакучылі. Інакш будзе такі ж эфект, як ад любімай стравы, якую ясі штодня. З жыццёвага: я люблю торт «Напалеон», які пячэ мая маці. І яна гатуе яго кожны раз да майго прыезду. Дома я бываю раз у тры месяцы, таму і смак застаецца, і эмоцыі. Тое ж і з артыстамі. Сэнс у тым, каб выканаўцу хацелі бачыць, чуць, чакалі яго прыезду. І зноў, вяртаючыся да праекта «Адзін у адзін», я разумею, што дзесяць гадоў таму перамога на «Народным артысце» была невыпадковай, бо пераможцу выбіралі тэлегледачы. Таму важна нагадваць пра сваё існаванне ўдзелам у такіх праектах і трымаць сваіх прыхільнікаў у курсе знакавых падзей.

— Вы родам з Бабруйска. Калі бываеце там, ці адчуваеце змены, што адбываюцца ў горадзе?

— Бываю там нячаста, паколькі ёсць праца і трэба займацца справамі... Аднак, наведваючыся ў Бабруйск, я заўважыў, што чым больш дарослым станаўлюся, тым меншымі мне падаюцца будынкі роднага горада. Прысутнічае пачуццё настальгіі. Прыехаўшы ў Беларусь, я стараюся наведацца ў госці не толькі да бацькоў, але і ў тыя месцы, дзе вучыўся і працаваў па першым часе. З імі звязаны важныя этапы ў маім жыцці. І прыемна разумець, што я магу вярнуцца сюды і адчуць: я на радзіме. Не проста ў краіне, у якой нарадзіўся, а на зямлі, якую люблю, на якой рос і атрымаў адукацыю, дзе жывуць мае маці і бацька. Таму, безумоўна, кожны раз еду ў Беларусь з лёгкім пачуццём хвалявання.

— Пераезд у Маскву падзяліў жыццё на перыяды «да» і «пасля»?

— Там я жыву ўжо 11 гадоў і, параўноўваючы гэты перыяд з жыццём у Беларусі, разумею розніцу. Але складанай адаптацыі, пра якую так часта можна пачуць, у мяне не было. Я здымаў кватэру, меў працу. У чалавека заўсёды ёсць мэта, калі ён адважваецца на такі крок.

Безумоўна, з'язджаць у нікуды — адна гісторыя. А калі разумееш, што цябе чакае ў іншай краіне, тады зусім іншы расклад. Я ехаў падпісваць кантракт, зарабляць.

Складанасці былі і ёсць, але яны неістотныя. І зноў жа важна разумець, што нічога не даецца нам у жыцці проста так. Я стараюся прымаць з годнасцю і добрыя, і дрэнныя сітуацыі, якія здараюцца са мной, і абавязкова раблю высновы.

— У вас няма страху страціць тое, што маеце як артыст?

— Такі страх у мяне, дзякаваць Богу, з'явіўся даўно. Я разумею, што зараз спяваю, а заўтра такога жадання ці магчымасці можа не быць. І я загадзя рыхтаваўся да таго, каб сёння ў мяне быў стабільны прыбытак, жыццё ў дастатку. Бо не малюю сабе радасную перспектыву, быццам буду на сцэне заўсёды.

13-21-1

— Шоу-бізнес лічыцца асяродкам, дзе ёсць і сябры, і ворагі. Якія людзі ў вашым атачэнні?

— Гэта мае калегі. Перайсці нейкую мяжу паміж працай і сяброўствам не атрымліваецца: спецыяльна з кімсьці сябраваць я не хачу (а такое ў нашым асяродку бывае). Я адкрыты з тымі людзьмі, хто мяне добра ведае. А наогул, не кожнага пускаю ў сваё жыццё.

— Улічваючы вашу закрытасць, ці не з'яўляецца для вас публічнасць цяжарам?

— Я выконваю песні, удзельнічаю ў розных праектах. Нешта могуць напісаць пра маё асабістае жыццё... Але гэтыя людзі не вячэраюць у маёй кампаніі, не ходзяць са мной на дні нараджэння і не бываюць гасцямі ў маім доме. Я не буду марнаваць час на тое, каб высвятляць з кімсьці адносіны, перажываць, даказваць уласную правату...

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.