Вы тут

Пра экалогію — друкаваным радком


Як гімназісты выпускаюць свой часопіс.

Упершыню з Іванам ПРЫШЧЭПАМ мы сустрэліся на абароне праектаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Хлопец прадстаўляў увазе журы праект экалагічнага прэс-цэнтра, а ў якасці прыкладу прыводзіў часопіс «ecoGymn», які ён разам з сябрамі выдае ў сталічнай гімназіі №19. Першае, што кінулася ў вочы, — незвычайная тэматыка, а таксама бездакорнае візуальнае афармленне вучнёўскага СМІ. Таму мы яшчэ раз запрасілі хлопца на размову і распыталі яго пра асаблівасці працы школьнага рэдактара.

13-32

13-32

 

— Раней наша школа мела экалагічны ўхіл, — распавядае Іван. — Але і цяпер, калі яна стала гімназіяй, настаўнікі і адміністрацыя надаюць шмат увагі выхаванню вучняў у гэтай сферы. Сярод шматлікіх экапраектаў не хапала такога, які перыядычна рабілі б самі школьнікі. Гады два таму мы вырашылі выпускаць свой часопіс. Па-першае, ён павінен быў стаць пляцоўкай для стасункаў і сумеснай творчасці вучняў, а па-другое, мог адыграць і прафарыентацыйную ролю, бо выдавецкая дзейнасць — гэта не толькі журналістыка, а яшчэ і дызайн, фатаграфія, менеджмент. Дарэчы, сёлета некаторыя аўтары нашага часопіса паступалі ў інстытут журналістыкі БДУ. Я стаў галоўным рэдактарам, сабраў каманду, і мы пачалі працаваць.

Напачатку найбольшай цяжкасцю было для нас напаўненне нумара, але з цягам часу выпрацавалі пэўную канцэпцыю (гімназічны часопіс пра экалогію), і праца пайшла шпарчэй. Яшчэ хацелася, каб гэта было прыгожа — не чорна-белая газета, раздрукаваная на прынтары, а каляровы часопіс на добрай паперы. З гэтым дапамагла школа, а таксама апякунскі савет. Увогуле, бацькі і настаўнікі вельмі шмат зрабілі для выхаду часопіса, у тым ліку сваімі парадамі. У выніку, я лічу, атрымалася нядрэнна — наш праект быў адабраны для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе «100 ідэй для Беларусі».

— Патлумач, што азначае «гімназічны часопіс пра экалогію»?

— У першую чаргу гэта выданне пра гімназію для яе навучэнцаў, таму не маглі абыходзіць увагай іх жыццё. Пісалі пра мерапрыемствы, якія праходзілі ў нашай навучальнай установе, друкавалі спісы вучняў, што перамагалі ў алімпіядах і займалі прызавыя месцы на спартыўных спаборніцтвах; былі і спецыяльныя нумары — да Дня настаўніка або дня нараджэння гімназіі. Таму кожны раз, калі выходзіў свежы нумар і я накіроўваўся вешаць яго на стэнд, вакол збіраўся цэлы натоўп хлопцаў і дзяўчат, якія шукалі на старонках сябе. Бацькам таксама было цікава, чым займаюцца іх дзеці, каго з іх адзначаюць...

Другі кірунак — экалагічны. Пісалі пра сусветныя і айчынныя падзеі і мерапрыемствы, напрыклад, пра Сусветны дзень без аўтамабіля. Ну і акцыі, у якіх бралі ўдзел гімназісты сумесна з іншымі арганізацыямі, такімі як «Ахова птушак Бацькаўшчыны» або адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Рау. Разам з першай мы праводзілі назіранне за птушкамі каля «Чыжоўка-Арэны», прыбіралі ў заказніку «Лебядзіны», з другой — праводзілі веласіпедныя парады, адкрывалі ў нашай гімназіі першую экавелапаркоўку. Акрамя таго, заўсёды імкнуліся самі ўзняць нейкія праблемы ў рэдакцыйнай калонцы.

— Хто працуе над часопісам?

— Спачатку рэдакцыя складалася з мяне і маіх знаёмых, у якіх была я быў упэўнены. Заўсёды трэба пачынаць з людзей, магчымасці якіх ты ведаеш. Потым яны пачалі прыцягваць сваіх сяброў, якіх новы занятак мог зацікавіць. Так і фарміравалася наша рэдакцыя. Вядома, у першую чаргу яна складалася з вучняў старшых класаў: адзінаццацікласнікі курыравалі малодшых. Многім гэта дапамагло знайсці новых сяброў. Бывала, прыходзіш дадому ў дзесяць вечара і бачыш здзіўленыя вочы бацькоў, калі кажаш, што рабіў у школе часопіс.

— Як распаўсюджваецца «ecoGymn»?

— Друкуецца толькі некалькі асобнікаў кожнага нумара: для школьнай бібліятэкі, саміх журналістаў і адміністрацыі. Адзін экзэмпляр мы спецыяльна выводзім пастаронкава, каб павесіць на стэнд і кожны мог яго пабачыць і пачытаць. Таксама ўсе нумары можна знайсці на сайце школы ў электронным выглядзе.

— Ты ўжо выпускнік. Ці будзе выданне жыць без свайго заснавальніка?

— Так, я ўжо даўно думаў пра гэта і падрыхтаваў сабе замену (смяецца). Гэта дзяўчына, якая прайшла разам з часопісам «агонь, ваду і медныя трубы». Галоўнае, каб знаходзіліся людзі, якім гэта будзе цікава, у якіх хопіць энтузіязму, каб нешта рабіць.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.