Вы тут

Даць адходам новае жыццё


Утварэнне макулатуры, шклабою, зношаных шын, непатрэбных палімерных упаковак неадрыўна звязана з паўсядзённым побытам. Выкінуць гэтыя адходы ў смеццеправод і забыць — гэта самае простае. Куды важней даць адходам другое жыццё. І тым сэканоміць рэсурсы на вытворчасць многіх вырабаў з нуля.

— Сёлета завяршаецца Дзяржаўная праграма па зборы і нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, — заўважыў намеснік міністра ЖКХ Анатоль ШАГУН. — За першае паўгоддзе 2015 года праз рукі прыёмшчыкаў прайшло больш за 168 тысяч тон макулатуры, амаль 80 тысяч тон шкла... Гадавое заданне выканана на 40-50%. Прыемна адзначыць, што гэты сектар становіцца прывабным для бізнесу: недзяржаўныя арганізацыі сабралі 43% другаснай сыравіны. Рэшту паміж сабой раздзялілі перапрацоўшчыкі, арганізацыі сістэмы Белкаапсаюза і канцэрн «Белрэсурсы».

Зараз у Беларусі перапрацоўваецца 14% ад агульнага аб'ёму камунальных адходаў. Гэты паказчык даволі высокі, улічваючы, што шэсць гадоў таму, калі пачала дзейнічаць адпаведная дзяржаўная праграма, ён быў удвая меншы. Задача на гэты год — сабраць каля 700 тысяч тон другасных матэрыяльных рэсурсаў. Між іншым, зараз шклабой і макулатура актыўна прадаюцца за мяжу. Сальда імпарту і экспарту гэтай сыравіны для перапрацоўкі сёлета станоўчае і складае каля 3 мільёнаў долараў ЗША ў эквіваленце. А яшчэ чатыры гады таму сітуацыя была адваротнай.

Адной з перашкод асобнаму збору адходаў камунальнікі лічаць смеццеправоды. Дэматывуе людзей і сітуацыя, калі змесціва кантэйнераў, напрыклад са шклом ці паперай, куляецца разам у адзін смеццявоз. З аднаго боку, сэканомлены паліва і працоўныя выдаткі. З іншага боку, чалавек пасля такога відовішча задасца пытаннем: а навошта тады самому сартаваць смецце, калі гэта па сутнасці будзе «сізіфава праца»?

— Мы правялі сацыялагічнае даследаванне ў Мінскай вобласці, — працягвае Анатоль Шагун. — І высветлілі, што насельніцтва заклапочана тэмай перапрацоўкі адходаў. Большая частка гатова іх збіраць паасобку. Але на пытанне, ці робіцца гэта ў жыцці, станоўча адказала толькі трэць апытаных. Пры гэтым у дамах, абсталяваных смеццеправодамі, гэтая лічба меншая ўтрая. Таму да 2017 года гэтую праблему трэба вырашыць. Іншая справа, ці паўсюль будзе магчыма заварыць смеццеправоды і паставіць дастатковую колькасць кантэйнераў для асобнага збору адходаў, зыходзячы з планіроўкі дваровых тэрыторый...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?