Вы тут

Святлана Статкевіч: «Прыгажосць — рэкамендацыйны ліст, а паказваеш сябе на справах»


З 24 па 30 жніўня беларуская сталіца будзе прымаць міжнародны конкурс прыгажосці «Місіс Сусвет — 2015», які збярэ разам прыгожых жанчын больш чым з 50 краін свету. Асноўная мэта мерапрыемства сёлета — звярнуць увагу на праблемы гвалту. І на форуме, які кожны год праводзіцца ў рамках конкурсу, кожная з удзельніц раскажа пра сваё бачанне такіх праблем і прапануе, як іх вырашаць. Прадстаўляць Беларусь будзе Святлана Статкевіч. Яна ўжо не першы раз прымае ўдзел у такіх спаборніцтвах. Напрыклад, у конкурсе «Mіss&Mrs Multіverse Іnternatіonal 2013» здабыла тытул трэцяй «Віцэ-місіс» і перамогу ў намінацыі «Mrs.Socіal Medіa». Напярэдадні новага важнага спаборніцтва мы сустрэліся са Святланай, каб пагаварыць пра прыгажосць і тыя магчымасці, якія здольны мяняць жыццё да лепшага.

14-13

— Як праходзіў адбор на конкурс «Місіс Сусвет — 2015»?

— Я даслала ліст нацыянальнаму дырэктару Наталлі Трафімавай і падала заяўку. Адтуль, наколькі я ведаю, усе заяўкі перасылаюцца арганізацыйнаму камітэту ў Балгарыю. Таму што арганізатарам правоў на конкурс з'яўляецца балгарская кампанія «Mrs. Unіverse LTD». І яны самі выбіралі прадстаўніцу ад Беларусі.

— Якія ўмовы былі, каб трапіць у лік прэтэндэнтак?

— Актыўная жыццёвая пазіцыя, дабрачыннасць і добрыя знешнія даныя. Але ў конкурсе «Місіс Сусвет» акцэнт робіцца не на прыгажосці, а менавіта на добрых справах, якія зроблены прэтэндэнткай. У гэтым, можна сказаць, і галоўнае адрозненне ад конкурсу прыгажосці «Міс». Бо там канкурсанткай можа быць прыгожая маладая дзяўчына і на нешта закрываюцца вочы. Кажуць жа, быццам прыгажосць — гэта заўчасны рэкамендацыйны ліст. А потым ты ўжо паказваеш сябе на справах.

Для мяне любы конкурс — проста залік. Я яго здаю і іду далей. Пры гэтым не выстаўляю напаказ тое, што маю нейкія тытулы. Хаця, безумоўна, мне гэта дапамагае на дабрачынных мерапрыемствах. Калі мы з сацыяльнай платформай СentroLІFE і Дзіцячым фондам зімой праводзілі акцыю, каб сабраць малым падарункі на Новы год, то было прыемна, што ўдзельніцы конкурсаў прыгажосці розных гадоў аб'ядналіся дзеля такой добрай справы. Людзі бачылі нас і больш ахвотна адклікаліся на просьбу дапамагчы. Таму, мяркую, у гэтым ёсць свае плюсы.

— А даводзіцца сутыкацца з неразуменнем, калі імкнешся дапамагаць іншым?

— Са мной такога не здаралася. І думаю, прычынай таму служыць тое, што нашы ўчынкі гавораць за нас. Бывае, тэлефануеш людзям і тлумачыш намер правесці дабрачынную акцыю ці кампанію, і, калі яны чулі тваё імя і ведаюць, як ты ставішся да сваёй дзейнасці, адразу асацыяцыя з добрымі справамі. Я супрацоўнічала з Дзіцячым фондам, зараз працую ў камандзе СentroLІFE. Мне здаецца, што ў будучыні, магчыма, я яшчэ траплю ў сітуацыю, калі мае тытулы змогуць неяк паспрыяць. Як кажуць, слава пойдзе наперадзе і дапаможа адчыніць патрэбныя дзверы.

— Некалі вы расказвалі, што на заняткі дабрачыннасцю натхніў прыклад бацькі, які меў сваю справу і дапамагаў іншым. Вашы сын і дачка, назіраючы за вамі, як рэагуюць на дабрачынную дзейнасць мамы?

— Я бачу, як мае дзеці адносяцца да жывёл: імкнуцца пакарміць коціка і сабачку. Думаю, яны бачаць мой прыклад і самі жадаюць рабіць дабро. У майго сына ёсць любімая машынка, якую ён прынёс мне, каб аддаць дзеткам. Я ведала, што даваць такую цацку не зусім правільна, але ж разумела, наколькі яна дарагая для майго сына. Патлумачыла яму, што лепей мы дапаможам дзеткам грашыма, увагай. І вельмі парадавалася такому ўчынку сына...

14-12

— Вернемся да конкурсу. Як ідзе падрыхтоўка да будучага марафону прыгажосці?

— Падрыхтоўка ўжо пачалася. Прыемна, што ўжо на прэс-канферэнцыі Першая прыватная касцюмерная Вольгі Кубекінай і Арыны Піхтавай прадставіла мне народны строй. Яны таксама будуць распрацоўваць мой нацыянальны касцюм для конкурсу. А вячэрняй сукенкай для фінальнага шоу займаецца вытворца вясельных убораў Людміла Давідовіч, заснавальніца моднага дома «Florence». Таму і ў гэтым напрамку работа даўно кіпіць. Я размаўляла з канкурсанткамі, якія абаранялі гонар нашай краіны на гэтым конкурсе ў мінулыя гады, каб правільна пабудаваць сваё выступленне. Пакуль не буду раскрываць яго змест. Толькі скажу, што тэму, якая вызначана сёлета як «Барацьба з гвалтам», буду раскрываць на беларускай і англійскай мовах. Спадзяюся, што для прадстаўніц Украіны, Балгарыі, Расіі, Польшчы менавіта беларуская мова будзе больш зразумелай.

— Спаборніцтва такога кшталту для вас не першае. Хваляванне прысутнічае?

— Шчыра кажучы, я вельмі камфортна адчуваю сябе перад публікай і на подыуме. А вось падчас прэс-канферэнцыі хваляванне прысутнічала. Такога адчування ў мяне не было раней.

— Конкурс «Місіс Сусвет» робіць акцэнт на тое, каб паказаць прыклад адукаванай, прыгожай, актыўнай жанчыны, маці. Па вашых назіраннях, большасць сучасных жанчын да чаго імкнецца?

— Гэтае мерапрыемства сапраўды з'яўляецца прэстыжным і спрыяе павышэнню сацыяльна-актыўнай ролі жанчыны ў сучасным грамадстве. Арганізатары ў асобе старшыні аргкамітэта Наталлі Трафімавай у наш не просты час адважыліся зрабіць сацыяльна значнае мерапрыемства, якое раскрывае не толькі патэнцыял удзельніц конкурсу, але і патэнцыял нашай краіны, адкрытай, талерантнай і гуманістычнай, арыентаванай на ўзаемадзеянне культур і народаў.

Вельмі сур'ёзнае пытанне: да чаго імкнуцца сёння жанчыны? Я сапраўды шмат за гэтым назіраю. Некаторыя мараць пра машыны, салоны прыгажосці... Што, на мой погляд, тлумачыцца няправільным выхаваннем многіх дзяўчат. Ім жа з дзяцінства кажуць: ты прыгажуня, прынцэса... Бацькі з апошніх сіл стараюцца, каб у дачкі былі прыгожыя строі. Я прыхільнік таго, каб укладваць грошы ў выхаванне і адукацыю дзяцей. Бо, калі бачыш сэлфі невядома адкуль, становіцца сапраўды няёмка... Дзяўчынку варта выхоўваць як лэдзі. Яна не абавязкова павінна трымаць відэлец з нажом за сталом, аднак ведаць, калі прамаўчаць у прысутнасці дарослых, паважаць бацькоў — гэта проста неабходна.

Клапаціцца трэба не толькі пра знешнасць — куды важнейшае менавіта ўнутранае напаўненне. Таму не падганяйце сябе пад нейкія эталоны прыгажосці, а займайцеся ўнутраным самаразвіццём.

— А па якіх характарыстыках можна вызначыць сёння сапраўднага мужчыну?

— Мужчына павінен быць Мужчынам. Гэта той, чые словы не разыходзяцца з дзеяннямі. Жанчыну такі мужчына лічыць багіняй і ганарыцца сваёй абранніцай. Я часам назіраю сітуацыю, калі мужчыны саромеюцца сваіх палавінак, у коле сяброў могуць зняважліва сказаць нешта пра іх. І гэта для мяне не ўчынак, таму што так яны выказваюць непавагу да ўласнага выбару. Сучасныя мужчыны забываюцца знаходзіць час для сваіх жанчын. А можна ж і гуляць разам, і гатаваць вячэру... Важна клапаціцца адно пра аднаго. Якую б незалежнасць мы не дэманстравалі, нам прыемна адчуць падтрымку каханага, мець магчымасць параіцца з ім.

14-10

— Складана сумяшчаць свае любімыя справы і абавязкі маці, гаспадыні?

— Я ўпэўнена, што не бывае спадарожнага ветру для карабля, які не выйшаў з гавані. Кожны сам выбірае маршрут, па якім рухаецца па жыцці. Я, напрыклад, разумею, калі шчыльна займаешся сваёй справай, то трэба не забывацца пра дзяцей. Сын і дачка для мяне заўсёды ў прыярытэце. Таму ў бізнесе я крыху змяніла накірунак і зараз ён існуе ўжо ў меншых маштабах. Большую частку свайго часу я прысвячаю сям'і і дабрачыннасці. Упэўнена, што мае дзеці не абдзелены ўвагай. Але мне самой хацелася б яшчэ больш праводзіць з імі часу. Калі казаць пра тое, ці заўсёды хапае часу на сябе, то... спаць даводзіцца позна класціся. Увечары я люблю катацца на веласіпедзе. Яшчэ займаюся вялікім тэнісам і бодзілаб-фітнесам. Гэта дапамагае трымаць сябе ў тонусе.

— А чытаць, напрыклад, што любіце?

— Сёння большую частку інфармацыі я бяру з інтэрнэту. Кнігі чытаю альбо дзецям перад сном ці калі лячу кудысьці некалькі гадзін. Апошняя з такіх «Таямніцы дома Раманавых». Я вельмі люблю гістарычную літаратуру.

— Ёсць учынкі, пра якія шкадуеце?

— Я ні аб чым не шкадую. Калі б не памылялася, то не выбудавала б свой сённяшні шлях. Не спатыкаецца, як правіла, той, хто нічога не робіць. Калі памыляешся, то самае галоўнае, ці робіш ты пасля гэтага правільныя высновы. І такія сітуацыі з'яўляюцца добрай магчымасцю пазнаць сябе, прааналізаваць, хто побач з табой крочыць па жыцці.

— Што робіць вас шчаслівай?

— Ведаеце, калі ў вас здаровыя дзеці, побач з вамі вашы блізкія, родныя людзі і сапраўдныя сябры, то гэта і ёсць самае сапраўднае шчасце. А яшчэ я маю любімую працу і падтрымку каманды прафесіяналаў, якія ў любой сітуацыі падставяць сяброўскае плячо і заўсёды цябе зразумеюць. Гэтага мне дастаткова, каб быць шчаслівай жанчынай.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.