Вы тут

Бліжэй да вады!


Мінчане шукаюць паратунак ад спёкі на пляжах.

Тэмпературныя рэкорды не перастаюць здзіўляць беларусаў. Калі слупок тэрмометра падымаецца вышэй за 35 градусаў, адзінае, чаго хочацца, — гэта вады і свежага паветра. Карэспандэнт «Звязды» атрымала заданне даведацца, дзе і як мінчане і госці сталіцы праводзяць па-сапраўднаму паўднёвыя дзянькі.

[caption id="attachment_96195" align="alignnone" width="600"]14-36 На Кам­са­моль­скім во­зе­ры са­праўд­ны анш­лаг![/caption]

Пра месцы, транспарт, чэргі і ваду

Па інфармацыі санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінска, у горадзе і ваколіцах цяпер можна купацца ў сямі вадаёмах. Тры з іх знаходзяцца ў межах мегаполіса: Камсамольскае возера, вадасховішчы Цнянскае і Дразды. Астатнія — у найбліжэйшым прыгарадзе: вадасховішча Заслаўскае, больш вядомае як Мінскае мора, Крыніца, возера Вяча і рака Пціч. Я выбрала тыя месцы для адпачынку, якія знаходзяцца найбліжэй ад майго дома. Адзначу, што платныя пляжы нават не разглядаліся. Паспрабуем адпачыць эканомна, тым больш што сонца свеціць усюды аднолькава.

У нядзелю на Камсамольскім возеры няма хіба толькі лянівых ці тых, хто катэгарычна не прызнае сонечныя прамяні. Нягледзячы на аншлаг, месца для сябе і торбы з літрамі вады знайсці можна. Ёсць дзе размясціцца і на Цнянцы.

— Аліна распавядала, што ўчора ў Дрымлэнд хадзіла, — пачула я ад суседак па пляжы. — Не прадыхнуць, не праціснуцца! Лежакоў дзве тысячы, а людзей ледзь не ўсе чатыры! — І гэта за дзвесце тысяч рублёў!..

Іншая сітуацыя на возеры з месцам для транспарту. Калі вы прыехалі на аўтамабілі, давядзецца патраціць хвілін пятнаццаць, каб прыпаркавацца. Пра цянёк тут і казаць няма чаго. Такога задавальнення на паркоўцы няшмат. На Камсамольскае лепш прыязджаць на грамадскім транспарце або веласіпедзе. Для апошняга тут прадугледжана шмат стаянак, якія, дарэчы, пустуюць. Мінчане і госці сталіцы трымаюць усё сваё пры сабе і ставяць веласіпеды непадалёк ад таго месца, дзе размясціліся. Падобная сітуацыя і на Цнянскім вадасховішчы.

Вада ў возеры, зразумела, не крыштальная, але асвяжыцца можна. Тым больш, на тэрыторыі пляжа працуюць душавыя кабінкі, дзе вадзіца быццам з крыніцы. Такая ж чыстая і халодная. Нягледзячы на апошні фактар, чарга з шасці-сямі чалавек у душ ёсць амаль заўсёды. Дарэчы, кабінак для перапранання значна больш, таму там вас ніхто гнаць у шыю не будзе.

— Малады чалавек, — звяртаючыся да хлопца ў сіняй кепцы, кажа жанчына гадоў пяцідзесяці, — прапусціце мяне наперад. Не магу больш на гэтай спякоце стаяць. На Цнянцы душ заўсёды пустуе. Мабыць, не ўсе ведаюць, што знаходзіцца ён каля туалетаў. А тут проста не дачакацца чаргі!

[caption id="attachment_96194" align="alignnone" width="600"]14-38 На Цнян­скім ва­да­схо­ві­шчы для ве­ла­сі­пе­даў пра­ду­гле­джа­на шмат ста­я­нак, якія, на жаль, пус­ту­юць.[/caption]

Пра электрамабілі, валейбол і цэны

Самымі актыўнымі, на мой погляд, наведвальнікамі возера з'яўляюцца дзеці. Здаецца, гадзінамі плёскаліся б у вадзе! Але бацькі не дрэмлюць. Каб малое без слёз і істэрык хоць трохі сагрэлася, мамы і таты бяруць кашалькі і ідуць да цэнтра пляжа.

— Мама, хачу пакатацца на машынцы! Вось на гэтай, чырвоненькай, — паказваючы пальцам на чатырохколавы транспарт, кажа хлопчык гадоў пяці. — І на батут пайшлі!

Каштуюць дзіцячыя забавы далёка не па-дзіцячы. Напрыклад, за пяць хвілін язды на тым жа электрамабілі прыйдзецца аддаць 30 тысяч рублёў, столькі ж абыдуцца і дзесяць хвілін на батуце і надзіманай горцы. Згуляць у настольны хакей каштуе 20 тысяч. Дарэчы, нягледзячы на такую разнастайнасць атракцыёнаў і гульняў, аншлаг збіраюць звычайныя бясплатныя «савецкія» арэлі. На Камсамольскім возеры іх трое. А шкада, бо такая забава, як кажуць самі бацькі, і дзецям падабаецца, і па кашальку не б'е.

Дарослым тут таксам ёсць чым заняцца. Веласіпед на гадзіну вам дадуць за 45 тысяч рублёў, бадмінтон і валейбольны мяч — за 30, фрысбі — за 15. Але, па маіх назіраннях, гэта задавальненне асаблівым попытам не карыстаецца. Мяч і ракеткі людзі прыносяць з сабою. На пляжы ёсць дзве абсталяваныя пляцоўкі для гульні ў валейбол, але, праўда, сетку тут нацягнуць забыліся. Аматаркі спорту Аня і Каця кажуць, што на Цнянцы з гэтым праблем няма: там пляцоўка абсталявана на найвышэйшым узроўні.

Ёсць на Цнянскім вадасховішчы яшчэ адна незвычайная забава для самых моцных і цягавітых. Правілы гульні: таму, хто правісіць на перакладзіне дзве хвіліны — прыз у памеры 300 тысяч рублёў. Кошт удзелу — 30 тысяч. Але перамагчы, як высветлілася, не так проста: толькі пры мне чатыры хлопцы не змаглі справіцца з той самай перакладзінай.

[caption id="attachment_96196" align="alignnone" width="600"]14-37 Ка­лі пар­ко­вач­ных мес­цаў ма­ла, да­во­дзіц­ца па­ру­шаць пра­ві­лы, каб па­ста­віць свой аў­та­ма­біль.[/caption]

Пра квас, смецце і дапамогу

— Мне, калі ласка, шклянку квасу і марожанае, — звяртаецца да прадаўшчыцы адной з мясцовых кавярняў бялявая дзяўчына. — Не, давайце дзве шклянкі, каб па сто разоў не бегаць.

Гэтыя два прадукты з'яўляюцца самымі распаўсюджанымі сярод наведвальнікаў пляжа. Косця з сябрамі часта ходзіць на Камсамольскае возера і рэкамендуе браць напоі з сабою, якія можна набыць у найбліжэйшай краме. Так хлопец спрабуе эканоміць. Хай няшмат, але ўсё ж такі. Адрозніваюцца цэны і на пляжах: на Камсамольскім возеры 0,5 літра квасу каштуе 15 тысяч, на Цнянскім вадасховішчы — 8 тысяч.

Да спіса папулярных прадуктаў можна яшчэ далучыць піва, чыпсы і арэшкі. Праўда, распіваць спіртныя напоі можна толькі ў адведзеных для гэтага месцах. Чаго, на жаль, не скажаш, пра курэнне. Трава на Камсамольскім проста выслана недакуркамі! Незразумелая сітуацыя і з кантэйнерамі для смецця: адна палова стаіць пустая, другая — забітая да краёў. Трэба адзначыць, што цнянскія ўрны выглядаюць больш «прэзентабельна».

[caption id="attachment_96197" align="alignnone" width="600"]14-35 Тра­ва тут вы­сла­на не­да­кур­ка­мі.[/caption]

— На Цнянскім вадасховішчы ў прыбіральню за 2 тысячы схадзіць можна. Чаму ў вас тут так дорага? — пытаецца ў касіра незадаволеная адпачывальніца.

Жанчына ў адказ толькі паціснула плячыма. Прыбіральня на Камсамольскім возеры каштуе пяць тысяч рублёў. Памяшканне чыстае, тут ёсць мыла, туалетная папера, люстэркі.

За ўвесь час (прыкладна гадзіны тры) на Камсамольскім возеры я не сустрэла ніводнага міліцыянера. Не бачыла і машыны дзяжурнай брыгады хуткай дапамогі. На Цнянскім вадасховішчы ў гэты ж дзень можна было знайсці і першых, і другіх.

Дзень заканчваўся, а я паспела трохі загарэць і, галоўнае, адпачыць. Так, нават не выязджаючы за мяжу ў гарачыя краіны, можна нядрэнна правесці выхадныя і ў нас. Галоўнае — гэта добрае надвор'е (з чым праблем зараз дакладна няма), ваш настрой і вясёлая кампанія. А яшчэ — уменне абстрагавацца ад дробных недапрацовак, каб яны не сапсавалі вам адпачынак.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.