Вы тут

Расслабляцца трэба з розумам


Каб не толькі сонца галаву не «напякло».

Адным з упадабаных месцаў баўлення часу мінчан і гасцей сталіцы з'яўляюцца пляжы Цнянскага вадасховішча. Аднак часта такі адпачынак нельга назваць культурным. Нягледзячы на ўсе забароны і папярэджанні з боку праваахоўных органаў, а таксама на тое, што адміністрацыя Савецкага раёна імкнецца стварыць усе неабходныя ўмовы для годнага адпачынку (ажыццяўляецца прыборка тэрыторыі работнікамі камунальных службаў, а таксама своечасовы вываз смецця; маюцца валейбольныя і дзіцячыя пляцоўкі, веладарожкі, апроч таго, прыбіральні і кабінкі для пераапранання), некаторыя грамадзяне працягваюць грэбаваць правіламі знаходжання ў месцах культурна-масавага адпачынку, парушаючы гэтым не толькі маральныя нормы, але нормы адміністрацыйнага заканадаўства.

Па словах начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Савецкага РУУС сталіцы Цімура Кеселя, пляжы, размешчаныя на беразе Цнянскага вадасховішча, а таксама прылеглая да іх тэрыторыя знаходзяцца пад узмоцненым кантролем з боку супрацоўнікаў міліцыі. Толькі за мінулыя выхадныя імі сумесна з байцамі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама было выяўлена больш за 58 парушэнняў адміністрацыйнага заканадаўства, самымі распаўсюджанымі з якіх з'яўляюцца выпадкі распіцця спіртных напояў. Начальнік Савецкага РУУС Максім Гамоля нагадвае, што за падобныя дзеянні артыкулам 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь («Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы або на працы ў стане ап'янення») прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу, велічыня якога можа дасягаць пятнаццаці базавых велічынь. Акрамя таго, распіццё спіртных напояў, спалучанае са знаходжаннем на пляжы ў той час, калі тэмпература паветра дасягае 32-34 °С, можа пацягнуць за сабой самыя непрадказальныя і незваротныя наступствы для здароўя чалавека, а таксама небяспеку для яго жыцця.

З улікам таго, што ў некаторых выпадках грамадзяне аддаюць перавагу не грамадскаму транспарту, а асабістаму, супрацоўнікамі АДАІ РУУС нярэдка выяўляюцца выпадкі парушэння правілаў паркоўкі транспартных сродкаў паблізу Цнянскага вадасховішча, што служыць прычынай складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Правапарушальнік таксама абавязаны будзе выплаціць штраф, велічыня якога можа дасягаць дзесяці базавых велічынь.

Як растлумачыў намеснік начальніка РУУС Аляксандр Філіпчык, яшчэ адным частым парушэннем адміністрацыйнага заканадаўства з'яўляецца купанне ў неўсталяваных месцах. Яно цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь. Часцяком правапарушальнікі проста не ўсведамляюць таго, што яны рызыкуюць сваімі жыццём і здароўем, купаючыся ў неправераных і не прыстасаваных для гэтых мэт месцах.

Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Віктар Станіслаўчык нагадаў аб неабходнасці старанна сачыць за захаванасцю маёмасці, прынесенай на пляж. Трапляючы на доўгачаканы адпачынак, знаходзячыся ў коле родных і сяброў, грамадзяне расслабляюцца і нярэдка губляюць пільнасць, даючы зламыснікам ідэальную магчымасць для здзяйснення іх намераў. Увагу злачынцаў прыцягваюць мабільныя тэлефоны, кашалькі, дакументы, планшэты, ноўтбукі. Таму лепш не браць з сабой на пляж каштоўныя рэчы ці не пакідаць іх на беразе без нагляду.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.