Вы тут

Ангольскія перспектывы


У апошнія гады беларуская дыпламатыя здзяйсняе прарыў за прарывам у развіцці адносін як з асобнымі краінамі, так і з прэстыжнымі міжнароднымі арганізацыямі. Гэта, у сваю чаргу, выклікае ўсё большую цікавасць да нашай краіны з боку замежных дзяржаў, многія з якіх раней не фігуравалі ў спісе прыярытэтаў знешняй палітыкі. Да адной з іх, безумоўна, можна аднесці Анголу. Здавалася б, у ёй толькі дзесяцігоддзе таму скончылася доўгая і кровапралітная грамадзянская вайна, дык што ж Ангола можа прапанаваць Беларусі з таго, што зможа нас зацікавіць?

У ліпені 2014 года Сусветны банк унёс Анголу ў дзясятку афрыканскіх краін, у якія варта інвеставаць. Прычынамі сталі стабільнае кіраванне краінай, шырокі рынак, наяўнасць карысных выкапняў. Адной з прычын стала таксама ўсё больш нарастальная роля эканомік, якія развіваюцца, у сусветнай эканамічнай актыўнасці, што прымушае інвестараў пераглядаць ранейшыя прыярытэты. Годам раней Анголе прадказалі ганаровую ролю адной з дваццаці самых хуткарастучых эканомік свету ў найбліжэйшай перспектыве. Тэмпы росту эканомікі ў 7-8 працэнтаў у год на працягу апошніх гадоў, безумоўна, выклікаюць павагу. Нагадаю, што яны былі характэрныя і для Беларусі да пачатку сусветнага фінансавага крызісу і эканамічных наступстваў украінскай трагедыі. І вярнуцца да іх нам трэба не пры дапамозе развіцця адносін з еўрапейскімі краінамі, якія знаходзяцца ў эканамічнай дэпрэсіі, а праз актыўны пошук партнёраў па-за межамі еўрапейскага рэгіёна, якія эфектыўна развіваюцца.

Па памеры тэрыторыі Ангола знаходзіцца на 22-м месцы ў свеце і на 7-м месцы ў Афрыцы. Яна прыкладна супастаўная з тэрыторыяй чатырох з паловай Вялікабрытаній.

Ангола таксама вызначаецца хуткім ростам насельніцтва. Яно ўжо ў 2,5 раза большае, чым у Беларусі, што ў спалучэнні з хуткімі тэмпамі эканамічнага росту робіць рынак Анголы ўсё больш прывабным для экспарцёраў прамысловых тавараў, у тым ліку і з нашай краіны.

Характэрнай асаблівасцю ангольскай эканомікі з'яўляецца вялікая залежнасць ад здабычы і экспарту нафты. Гэты сектар складае каля 80 працэнтаў ангольскай эканомікі, што вельмі небяспечна для ўстойлівага развіцця краіны. У сувязі з рэзкім падзеннем цэн на нафту на сусветных рынках ужо пачалося запавольванне тэмпаў росту ангольскай эканомікі. Каб пазбегнуць такой згубнай залежнасці ў будучыні, ангольскі ўрад зацікаўлены ў дыверсіфікацыі эканомікі. У сувязі з недахопам спецыялістаў у іншых сферах эканомікі адзін з натуральных прыярытэтаў — развіццё сельскай гаспадаркі, якая з'яўляецца крыніцай існавання большай часткі эканамічна актыўнага насельніцтва. У гэты ж час сённяшняя сельская гаспадарка краіны шмат у чым прымітыўная і аграрыі не валодаюць сучаснымі тэхналогіямі апрацоўкі зямлі, у недастатковай ступені выкарыстоўваюцца сродкі механізацыі. Другі прыярытэт — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, не звязаных з нафтавым сектарам. Ангола вядомая на сусветных рынках сваімі алмазнымі шахтамі, але ў краіне ёсць і шмат іншых прыродных выкапняў, найбольш перспектыўнымі з якіх з'яўляюцца золата і медзь.

Беларусь мае багаты досвед трансфармацыі эканомікі ў няпростых умовах, што можа быць карысна і Анголе. Асаблівую значнасць для нашай краіны набывае ангольскі рынак у сувязі з магчымасцю перанакіраваць туды частку вырабленай у нашай краіне сельскагаспадарчай тэхнікі, якая больш не запатрабавана на традыцыйных рынках Расіі і Украіны з прычыны ахапіўшага іх крызісу. Безумоўна, зможа адыграць Беларусь і важную ролю ў павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для ангольскай эканомікі. Ангольскія студэнты навучаліся ў ВНУ Беларусі ў савецкія гады, і нашы ўніверсітэты могуць прапанаваць карысныя праграмы для іх і ў XXІ стагоддзі. Цеснае супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы сельскай гаспадаркі зможа дапамагчы Анголе асвоіць і важны кірунак сельскагаспадарчага экспарту. Маюць беларускія прадпрыемствы і вялікі вопыт у галіне разведкі і здабычы карысных выкапняў, што можа аказацца запатрабаваным з ангольскага боку.

Яшчэ адзін аб'яднальны фактар для супрацоўніцтва — цесная кааперацыя і Беларусі, і Анголы з Кітаем. Ён з'яўляецца пакупніком ангольскай нафты і найбуйнейшым пастаўшчыком прамысловай прадукцыі на ангольскі рынак, у апошнія гады вылучыў мільярды долараў на інвестыцыі ў эканоміку Анголы. Беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву быў нададзены новы імпульс пасля візіту Старшыні КНР у маі гэтага года ў Мінск.

Падчас працоўнага візіту Валянціна Рыбакова, намесніка міністра замежных спраў нашай краіны, у Анголу 10-11 жніўня было пачата абмеркаванне магчымасцей кааперацыі ў вышэйназваных сферах для ўмацавання беларуска-ангольскага супрацоўніцтва.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.