Вы тут

Голая праўда


Ці далучыцца калісьці Беларусь да Сусветнага дня хаджэння топлес?

Голая правда тизер

Калі ў пачатку жніўня сусветныя СМІ распавядалі аб топлес-мітынгу ў канадскім горадзе Уотэрлу (правінцыя Антарыё), арганізаваным сёстрамі Махамед, я ўсміхнулася: 300 напалову голых людзей з транспарантамі і надпісамі на грудзях выйшлі на вуліцу з заклікам «агаляйся з намі».

Чаго хацелі гэтыя дзяўчаты? Самае звычайнае - нагадаць грамадству і праваахоўным органам, што не толькі мужчыны могуць агаляць свой торс, але і ў жанчын ёсць такое права — знаходзіцца ў публічных месцах з аголенымі грудзьмі. Падставай для акцыі ў Канадзе стаў такі выпадак. Сёстры, катаючыся на роварах, знялі з сябе верхняю частку адзення. Да іх падышоў паліцэйскі і загадаў апрануцца. Абураныя Аліша, Таміру і Надзія, канешне, выканалі яго просьбу, а крыху пазней арганізаваліі мітынг, лейтматывам якога было пацверджанне правоў канадскіх жанчын на публічнае хаджэнне з аголенымі грудзьмі, замацаванае канадскім законам з 1996 года. Удзельнікі акцыі ў тым ліку абмеркавалі і тэмы адкрытага кармлення дзяцей грудзьмі, і пытанні гендэрнай роўнасці.

Паліцыя Уотерлу падзякавала ўдзельнікаў мітынгу за карэктнасць, назваўшы дадзеную акцыю “мірнай і бяспечнай”.

Безимени-1

Тады я падумала: шаноўныя канадскія жанчыны, вам што няма чаго рабіць, уздымаючы падобныя тэмы? Нам бы тамтэйшыя праблемы...

І вось днямі байнэт “выбухнуў” інфармацыяй: на пляжы №5, што на Мінскім моры, адбыўся мясцовы топлес-скандал. Трэба сказаць, што знаходзіцца гэтае месца масавага адпачынку даволі далёка — ад электрычкі ісці хвілін дваццаць. У чым жа сутнасць? На пляжы топлес загарала  дзяўчына. Гэта, вядома, не спадабалася жанчыне па суседству, якая была з дзецьмі. Безумоўна, яна не ведала, што гэтае месца ўжо гадоў дваццаць неафіцыйна лічыцца “нудысцкім”.

Абураная “голай публічнасцю” маці выклікала міліцыю. Тыя зрабілі распранутай дзяўчыне заўвагу, пасля якой яна накінула верхнюю частку купальніка. Аднак, як толькі нарад знік у бліжэйшым хмызняку, дзяўчына распранулася зноў. Неўзабаве міліцыянты вярнуліся і ўжо загадалі топлес-дзяўчыне сабраць рэчы і прайсці ў аддзяленне. Аднак яе абараніла маладая пара адпачываючых. Адбыўся канфлікт з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Нават хуткую дапамогу выклікалі. У выніку інцыдэнту ў дачыненні да маладых людзей была ўзбуджана адміністрацыйная справа: за перашкоджанне міліцыі выконваць свой службовы абавязак. Распранутая на пляжы дзяўчына таксама была затрыманая, за дробнае хуліганства.

Безимени-2

Не буду абараняць ніводны з бакоў - у кожнага свая праўда. Напэўна, мы крыху па-іншаму выхаваны. Многія з нас выхаванцы з былога СССР, дзе, як вядома,  “сэксу не было”, дзе даўжыню школьных спадніц вызначалі лінейкай і  на кожным класным сходзе настаўніца няспынна паўтарала дзяўчынкам, што ад курэння да прастытуцыі адзін крок. Можа і дзяўчына павінна гэта мець на ўвазе, каб распранацца. Гэта вам не Балі альбо пляж Капакабана ў Рыа-дэ-Жанейра, дзе верхняя частка купальнікаў ўспрымаецца як пэўны атавізм.

Да топлес-пытання па рознаму ставяцца ў свеце. Загараць і купацца ў распранутым выглядзе забаронена ў многіх краінах: Інданэзіі, Шры-Ланкі, на Мальдывах і нават Тайландзе, які, як вядома, з'яўляецца цэнтрам міжнароднага сэкс-турызму. Дарэчы, ў Парыжы не так даўно забаронілі загараць топлес.

3

Аднак у большасці краін ёсць спецыяльна адведзеныя месцы, дзе аматары вольнага ад адзення адпачынку могуць зліцца з прыродай. Ёсць нават Міжнародны дзень хаджэння топлес (Go Topless Day), які адзначаецца напярэдадні Дня раўнапраўя жанчын (26 жніўня). Зразумела, справа кожнай жанчыны  — агаляць сваё цела ці не. Важна, каб рабіла яна гэта “на падставе закона”.

Узнікае пытанне, чаму б, нарэшце, не ўзаконіць гэты нудысцкі пляж №5 на Мінскім моры? Няхай там стаяць шыльдачкі з неабходным папярэджаннем, каб людзі пурытанскіх поглядаў і маралі абыходзілі яго за некалькі кіламетраў, каб не параніць сваю псіхіку.

Хоць насамрэч, ведаеце, мая сяброўка некалі адзначыла, што на іншую жанчыну хоць дзесяць купальнікаў надзень, а выглядаць яна будзе горш, чым дзяўчына топлес. І яшчэ: асабіста мяне абурае іншае, што на нашых грамадскіх пляжах многія мамы дазваляюць дзецям спраўляць малую патрэбу прама ў пясок, а маладыя людзі п'юць піва і нецэнзурна лаюцца.

 Ната ЗОРНАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.