Бедны сваяк


Падчас нядаўняга прэс-туру ў Астравец нехта з расійскіх журналістаў задаў пытанне: “Вось дзіўна, мы едзем па сталіцы Вашай краіны і яшчэ ні разу не сустрэлі на сваім шляху трамвай. Ён у вас наогул ёсць?” Што адказаць, я знайшоўся не адразу. Насамрэч, у сям’і грамадскага транспарту Мінска трамвай звонку выглядае нейкім “бедным сваяком” у параўнанні з аўтобусам ці тралейбусам…

 “Слабое звяно”

Схема мінскага трамвая немудрагелістая: дзве лініі крыж-накрыж з невялічкім “апендыксам”. Вуліц, па якіх у Мінску пракладзены трамвайныя рэйкі, менш за два дзясяткі. І сярод гэтай невялікай колькасці вуліц ёсць адна, дзе трамвайны рух рвецца часцей за іншыя.

[caption id="attachment_96273" align="alignnone" width="1702"]otryv.by Колішняя схема мінскага трамвая. Ілюстрацыя з сайта otryv.by Фота клікабельнае.[/caption]

“Слабым звяном” стала вуліца Якуба Коласа, уздоўж якой, апрача трамваяў, трасы іншых відаў грамадскага транспарту не пралягаюць. Яна “праславілася” тым, што, згодна з паведамленнямі на сайце “Мінсктранса”, рух на ёй рваўся ад пачатку лета амаль два дзясяткі разоў.

Нягледзячы на праведзеныя ў 2008 і 2013 гадах рэканструкцыі трамвайных пуцей на вуліцы Коласа, і дагэтуль пасажыры вымушаны на некаторых прыпынках выходзіць і заходзіць у вагон не з астраўка бяспекі, а наўпрост з праезнай часткі, як і напрыканцы 50-х гадоў, калі трамвай упершыню прагрукатаў па гэтай вуліцы. Але ж існуе як мінімум адзін аргумент супраць такога становішча - бяспека пасажыраў падчас выхаду з трамвая. Не заўсёды кіроўцы лічаць патрэбным тармазіць перад трамвайным прыпынкам і прапусціць пасажыраў. Неяк узімку аўтар гэтых радкоў ледзь не сунуўся пад міжгародні аўтобус, які пранёсся перад адчыненымі трамвайнымі дзвярыма. Уратавалі набытыя за два дзясяткі год карыстання мінскім трамваем рэфлексы…

На саміх прыпынках дагэтуль не ўсталяваны электронныя табло. Хаця карысць ад іх была бы вялікая. З дапамогай табло можна было б даведацца, ці варта чакаць трамвай або яны дзесьці сталі на лініі.

Трамвайная стагнацыя

Сам мінскі трамвай перажывае часы, далёкія ад росквіту. Планы пра тое, што ліній у горадзе стане больш, агучваліся неаднаразова. Але і дагэтуль ад лістапада 1985 года ў горадзе не з’явілася ніводнага кіламетра новых пуцей. І тут паказальны прыклад метрапалітэна, які прыкладна з тых жа часоў пачаў імкліва развівацца і прыйшоў у шматлікія новыя раёны, асабліва ў заходняй частцы Мінска. Што маем на выхадзе? Летась на долю метро прыпала ў горадзе 37.1% перавозак, у той час як на долю трамвая не прыйшлося і 5%.

[caption id="attachment_96281" align="alignnone" width="600"]М_нск Мадэль АКСМ-60102 - самая папулярная ў Мінску. Фота з сайта transphoto.ru[/caption]

“Візітоўкай” мінскага трамвая стаў бясконцы рамонт пуцей, які працягваецца з рознымі перапынкамі вось ужо амаль дзесяць год, ды і тое да канца ён пакуль не даведзены, і гэта пры іх сціплым кіламетражы. Яшчэ адна загана - амаль поўная адсутнасць трас-дублёраў, якія маглі б згадзіцца на выпадак ДТЗ для аб’езду (іх карысць даволі часта можна бачыць на прыкладзе тралейбусаў), прыводзіць да таго, што пры любой аварыі трамваі на ветцы выстройваюцца стройнымі шэрагамі ў калону, а пасажыры вымушаны перасаджвацца на іншы транспарт. Ці ўвогуле ісці пехам, калі на вуліцы, апрача трамваяў, іншага транспарту няма.

Больш за тое, даўжыня трамвайных пуцей ў сталіцы нават скарачаецца. На сконе СССР трамваі перасталі хадзіць на аўтазавод. А два гады таму горад пазбавіўся разваротнага кальца “Валгаградская”. Мінусы ад гэтага кроку відавочныя. Пасля кожнага збою трамвайнага руху на вуліцы Коласа, якія здараюцца не так ужо рэдка, трамваі вымушаны разварочвацца толькі ў кальцы ў Зялёным Лузе. А гэта павялічвае прабег туды і назад прыкладна на 20 хвілін.

[caption id="attachment_96278" align="alignnone" width="600"]37577 Калісьці ў Мінску хадзілі такія міні-цягнікі з трамваяў. Фота з сайта transphoto.ru[/caption]

Рухомы склад мінскага трамвая таксама выклікае пытанні. Старыя чэхаславацкія “Татры” і савецкія “РВЗ” раней мелі магчымасць счаплення ў міні-цягнікі па два вагоны па сістэме многіх адзінак. Карысць гэтага відавочная – такі цягнічок здольны правезці адным махам у два разы больш пасажыраў, чым звычайны вагон-адзіночка. Выкарыстанне такіх саставаў дазваляе вырашаць праблему загрувашчанасці лініі ў залежнасці ад часу сутак. Але эпоха такіх цягнічкоў скончылася ў беларускай сталіцы каля сямі-васьмі год таму разам са старым рухомым саставам. Звычайныя трамваі, якія бегаюць па Мінску цяпер, хадзіць “цягнічком” няздольныя. Стаўка ж зроблена на больш сучасны варыянт - трохсекцыйныя вагоны мадэлі АКСМ-843. Але зноў незадача: іх у Мінску можна пералічыць на пальцах адной рукі.

[caption id="attachment_96279" align="alignnone" width="600"]"Спараны" трамвай у Познані. Фота з сайта epoznan.pl "Спараныя" трамваі ў Познані ходзяць і цяпер. Фота з сайта epoznan.pl[/caption]

А як у іх?

У краінах Захаду трамвай перажывае сапраўдны рэнесанс пасля незаслужанага забыцця ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. У Францыі ад пачатку тысячагоддзя трамвай вярнуўся ў 7 гарадоў, у тым ліку Парыж, а яшчэ ў 7 лініі былі пабудаваны з нуля. У ЗША, дзе шмат сістэм было разбурана ў 30-я гады не ў апошнюю чаргу з-за лабіравання інтарэсаў вытворцаў аўтамабіляў, з 2000 года запрацавалі сістэмы ў 21 горадзе, у тым ліку ў такіх вядомых, як Далас, Атланта, Сіэтл, Солт-Лэйк-Сіці, Філадэльфія, Х’юстан. Пракаціцца на рэйкавым транспарце можна цяпер у італьянскіх Бергама, Месіне, Кальяры, Фларэнцыі. Прыйшоў трамвай у Афіны, Дублін… У суседняй Польшчы геаграфія трамвая пакуль не пашырылася. Затое там пабудаваны новыя веткі ў Познані, Варшавы, Шчэціне, Кракаве, Быдгашчы.

 

[caption id="attachment_96280" align="alignnone" width="600"]Трамвай у Парыжы. Фота - gorod.tomsk.ru Трамвай у Парыжы. Фота - gorod.tomsk.ru[/caption]

А вось у Расіі становішча адваротнае. З таго ж самага 2000 года гарадскі рэйкавы транспарт знік у Астрахані, Архангельску, Варонежы, Разані. Моцна скарацілася трамвайная сетка ў Санкт-Пецярбургу, якая напрыканцы перабудовы нават трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса ў 1988 годзе. Тады даўжыня кантактнай сеткі перавысіла адну тысячу (!) кіламетраў, а цяпер яна сціснулася да 500. І ніводнай новай трамвайнай сістэмы не адчынілася з часоў Савецкага Саюза…

Дык у які ж бок у рэшце рэшт павернецца мінскі трамвай, які завіс на раздарожжы?

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.