Вы тут

Пакістанскі вектар


З кожным годам жыхароў на нашай планеце няўхільна становіцца ўсё больш. Гэта значыць, што па аналогіі з усім вядомымі тэктанічнымі зрухамі Зямлі адбываюцца не менш важныя зрухі дэмаграфічныя. Якія накладваюць вызначальны ўплыў на развіццё, калі казаць глабальна, зямной цывілізацыі. Карэктуюць пэўным чынам, тыя працэсы, што адбываюцца ў розных сферах. У тым ліку, зразумела, напрамую датычацца кожнага з нас.

Пакистан 2

Нядаўна ААН апублікавала чарговы дэмаграфічны прагноз планеты. Галоўная выснова: нягледзячы на запаволенне тэмпаў росту насельніцтва Зямлі, якое адзначаецца апошнім часам, няўхільна яго павелічэнне да сярэдзіны стагоддзя да 10 мільярдаў чалавек. Цяпер колькасць жыхароў планеты складае 7,3 млрд. чалавек. Гэта на 1 млрд. больш, чым у 2003-м, і на 2 млрд. чалавек перавышае паказчык 1990 года. Паводле новага прагнозу, да сярэдзіны стагоддзя зямлян пабольшае амаль да 10 млрд. Ільвіная доля прыросту прыпадае на краіны з высокім узроўнем нараджальнасці, размешчаныя галоўным чынам у Афрыцы, і на шматнаселеныя краіны.

«Павелічэнне колькасці жыхароў да 2050 года адбудзецца нават у тым выпадку, калі паскорыцца зніжэнне ўзроўня нараджальнасці, -- адзначаецца ў прагнозе ААН. -- З 80-працэнтнай верагоднасцю можна прадказваць, што насельніцтва планеты дасягне 8,4-8,6 млрд. чалавек да 2030 года, 9,4-10 млрд. -- да 2050 г. і 10-12,5 млрд. – да 2100 года».

Чакаецца, што да сярэдзіны ХХІ стагоддзя насельніцтва кожнай шасці краін -- КНР, Індыі, Інданезіі, Нігерыі, Пакістана і ЗША -- будзе перавышаць 300 млн. чалавек. Да гэтага часу Нігерыя апярэдзіць ЗША і стане трэцяй па колькасці насельніцтва краінай планеты.

1

Калі цяперашнія тэндэнцыі ў дынаміцы ўзроўня нараджальнасці захаваюцца, то Афрыка, у якой знаходзяцца 27 з 48 найменш развітых краін планеты, будзе адзіным кантынентам, у якім колькасць насельніцтва працягне істотна расці пасля 2050 года. Доля насельніцтва Чорнага кантынента ў агульнай колькасці жыхароў Зямлі ў сярэдзіне стагоддзя дасягне 25%, а да 2100 г. – 39%.  У ХХІ ст. Афрыку чакае самы сапраўдны дэмаграфічны выбух. Яе насельніцтва, лічаць  эксперты ААН, да 2100 года павялічыцца ў 4 разы.

Разам з колькасцю насельніцтва няўхільна расце і працягласць жыцця: з 67 гадоў у 2000-2005 гадах да 70 -- у 2010-2015 гг. Гэта тэндэнцыя прадоўжыцца. Працягласць жыцця дасягне 77 гадоў да 2045-2050 гг. і 83 – да 2095-2100 гг. Да канца ХХІ стагоддзя, робяць прагноз аўтары даследавання, працягласць жыцця афрыканцаў вырасце амаль на 19 гадоў -- прыкладна да 60 гадоў.

Зніжэнне ўзроўня нараджальнасці і павелічэнне працягласці жыцця прывядуць да далейшага росту колькасці пажылых людзей. Да 2030 года яна,  паводле прагнозу, павялічыцца да 1,4 мільярда чалавек, да 2050 г. – да 2,1 млрд. і да канца стагоддзя – да 3,2 млрд. У Еўропе да сярэдзіны ХХІ ст. старэй 60 гадоў будзе кожны трэці – 34%. Цяпер пажылых еўрапейцаў – чвэрць (24%).

Як заўважыў дырэктар аддзела народанасельніцтва Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН Джон Вілмат, важным аспектам дэмаграфічных змен з'яўляецца міграцыя. У асноўным, перасяленцы рухаюцца з рэгіёнаў з нізкім і сярэднім прыбыткам і больш высокай нараджальнасцю ў краіны з высокім узроўнем прыбытку.

Pakistan13

Увогуле ж, сярод адметнасцей дэмаграфічнага развіцця спецыялісты адзначаюць розную дынаміку змены насельніцтва розных краін. Напрыклад, цяпер у Пакістане і Германіі прыкладна аднолькавая шчыльнасць жыхароў — 232 і 245 чалавек на 1 кв. км адпаведна. Аднак да канца стагоддзя гэтыя дзяржавы разыдуцца ў процілеглых дэмаграфічных кірунках. Колькасць жыхароў ФРГ зменшыцца прыкладна на чвэрць (з сённяшніх 88 млн да 63 млн чалавек), а Пакістана — падвоіцца.

Дарэчы, такая ж доля, як і Германію, чакае ўсе еўрапейскія краіны. Стары Свет стане адзіным кантынентам, насельніцтва якога праз 85 гадоў не вырасце, а скароціцца -- з 738 да 646 млн. чалавек. Цікава, што вялікая частка страт прыпадае на Усходнюю Еўропу, дзе ў 10 краінах да сярэдзіны стагоддзя змяншэнне народанасельніцтва перавысіць 15%. У Балгарыі, да прыкладу, у 2050 годзе колькасць жыхароў скароціцца на 28%, а яшчэ праз паўстагоддзя – на 52%.

У краінах Усходняй Еўропы гэтак жа, як на захадзе кантынента, нізкі ўзровень нараджальнасці, але ў іх не адбываецца папаўненне насельніцтва за кошт мігрантаў. Гэтыя краіны ў адрозненне ад захаду і поўначы асаблівай папулярнасцю ў выхадцаў з Азіі і Афрыкі не карыстаюцца.

Усяго ж  на планеце ў 2100 годзе будзе жыць прыкладна 11,2 млрд. чалавек. Гэта сярэдні (па узроўні нараджальнасці) варыянт змянення колькасці насельніцтва Зямлі. Паволе максімальнага прагнозу, зямлян праз 85 гадоў будзе 16,6 млрд.

У нашай краіне стаўленне да дэмаграфічнай бяспекі (выкарыстоўваецца менавіта такі тэрмін) стаўленне надзвычай адказнае. Акрамя грунтоўнай  нацыянальнай праграмы, распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб выправіць сітуацыю. А яна, не будзем хаваць, у 1990-я складвалася, мякка кажучы, не лепшым чынам. Колькасць насельніцтва змяншалася ў выніку нізкай нараджальнасці і высокай смяротнасці. Дзякуючы своечасова прынятым мерам сітуацыю ўдалося выправіць.

Аб гэтым, дарэчы, яскрава сведчаць лічбы. Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэта, цягам апошніх пяці гадоў (пачынаючы з 2011-га) колькасць насельніцтва Беларусі паступальна павялічваецца. У параўнанні з 2005-м немаўлят пабольшала амаль на трэць, заўважна зменшылася і смяротнасць. За гэты час значна ўзрасла сярэдняя чакаемая працягласць жыцця. У дачыненні да мужчын рост з 62,9 да 67,8 года,  а жанчын -- з 75,1 да 78,4.  Канешне, увогуле дэмаграфічная сітуацыя ў нашай краіне далёка не бясхмарная. Аднак будзем аб’ектыўныя: дэмаграфічныя зрухі па-беларуску  -- гэта змены да лепшага. Таму вельмі хацелася б, каб нас абмінулі еўрапейскія тэндэнцыі ў плане дэмаграфіі. Тут варта да вопыту таго ж Пакістана пільна прыгледзецца…

Мікалай ЛІТВІНАЎ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.