Вы тут

Учора, сёння, заўтра


Многія з тых, хто апошні раз быў у нашай краіне шмат гадоў таму, а цяпер прыехаў сюды зноў, нават не хаваюць здзіўлення: Беларусь проста расквітнела. Мы папрасілі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў падзяліцца думкамі наконт таго, як змянілася краіна за апошнія дзесяцігоддзі і якія змены чакаюць яе ў найбліжэйшай будучыні.

15-8

Мікалай Іванчанка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы:

— Беларусь у параўнанні з 1990-мі гадамі стала відавочна больш прыгожай. Яе нельга не палюбіць! Краіна ўжо мае пэўны вопыт, але ён не робіць яе «старой» — наадварот, яшчэ больш прыцягальнай. Пацвярджэнне гэтаму — нашы гарады і вёскі, нашы дарогі, лясы, палі, нашы людзі.

Калі казаць пра будучыню, то ўпэўнены, Беларусь будзе прыгажэць і надалей. Беларусы — горды і незалежны народ. Цяпер з кожным годам мы ўсё лепш гэта ўсведамляем. Паступова кожны з нас зразумее, што і наш асабісты дабрабыт, і дабрабыт краіны залежаць толькі ад нас саміх. Насельніцтва Беларусі з часам будзе павялічвацца, жыць будзем лепш. Мы ўсё далей адыходзім у часе ад цяжкіх, страшных гадоў — ад ваеннага ліхалецця, пасляваеннай разрухі... Наш народ сапраўды паўстаў з попелу.

15-10

Дзмітрый Шаўцоў, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы:

— Змен у сферы медыцыны адбылося вельмі шмат. Напрыклад, у 2000 годзе сітуацыя з медыцынскай дапамогай, медыцынскім абсталяваннем была зусім іншай. Тады вельмі актыўна развіваліся прыватныя медыцынскія цэнтры, дзе была добрая тэхніка і персаналу гарантаваліся высокія зарплаты. Назіраўся адток добрых медыкаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў з дзяржаўных устаноў у прыватныя. Дзяржаўныя ж паліклінікі мелі неабходнасць і ў рамонце, і ў пераабсталяванні. З пачаткам рэфармавання сферы медыцыны мы за дастаткова кароткі час змаглі правесці амаль поўнае перааснашчэнне. У кожнай паліклініцы цяпер ёсць сучасная медыцынская тэхніка. Цалкам была перааснашчана матэрыяльная база хуткай дапамогі, старыя «ўазікі» заменены на новыя сучасныя аўтамабілі.

Вельмі важным з'яўляецца пераход і на чатырохэтапную сістэму аказання медыцынскай дапамогі: першы этап — гэта амбулаторыі і паліклінікі, другі — раённыя бальніцы, трэці — абласныя і чацвёрты — рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, якіх у краіне налічваецца 16. Любому чалавеку пры неабходнасці будзе аказана медыцынская дапамога на патрэбным этапе — аж да транспланталогіі. Мы паступова адыходзім ад траўмуючых аперацый, пасля большасці медыцынскіх умяшанняў людзі цяпер адчуваюць сябе амаль здаровымі ўжо на 3-5-ы дзень. Дасягненні нашай медыцыны прызнаюцца ва ўсім свеце.

Мы значна прасунуліся і ў інфарматызацыі медыцынскай галіны. У медыцынскіх устаноў ёсць свае сайты, дзе можна, напрыклад, заказаць талон. Некаторыя практыкуюць і электронную выпіску рэцэптаў. У планах — электронныя медыцынскія карты і электронныя гісторыі хваробаў. У будучыні праца па гэтым кірунку будзе завершана. Будзе лягчэй працаваць і ўрачу — менш выдаткоўваць часу на запаўненне неабходных дакументаў, больш увагі надаваць пацыенту.

15-9

Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах:

— Сёння модна лаяць сістэму адукацыі. Сапраўды, у 1990-я гады адбыліся моцныя змены ў гэтай галіне. Тады змяняліся ўмовы жыцця: мы сталі невялікай адкрытай эканомікай. Змяніліся, адпаведна, і грамадзянскія інстытуты, у тым ліку і інстытут адукацыі.

Сістэма адукацыі змянілася, але факт застаецца фактам: па ўзроўні чалавечага развіцця Беларусь займае адну з самых высокіх пазіцый у свеце. У краіне сфарміраваны культ вышэйшай адукацыі, вельмі шмат адукаваных людзей. Праўда, ёсць пакуль і пэўныя праблемы. Так, многія людзі, атрымаўшы «модную прафесію», не могуць потым працаўладкавацца, таму што на рынку такіх спецыялістаў шмат.

Што да будучыні, то паступова наша сфера адукацыі цалкам пяройдзе ад колькасных паказчыкаў да якасных. Важнай умовай стане вопыт. Ужо сёння найлепшыя прыватныя кампаніі прымаюць да сябе на працу маладога спецыяліста толькі пасля сур'ёзнага конкурснага адбору, стажыроўкі. У будучыні гэта будзе ўмовай прыняцця на працу і на дзяржаўныя прадпрыемствы. А як інакш? Людзі — самы каштоўны рэсурс кожнай фірмы!

Цяпер у нас ідзе дапрацоўка Кодэкса аб адукацыі. Калі ён будзе прыняты канчаткова, то сістэма запрацуе па прынцыпе: адукацыя праз усё жыццё. Гэта патрабаванне часу. Ужо сёння дзеці больш за бацькоў «прасунутыя» ў сферах мабільных і інтэрнэт-тэхналогій. Трэба не адставаць ад свету.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.