Вы тут

Дэйв Льюіс: «А мне казалі, што тут няма добрых хакеістаў...»


Канадзец працягне кіраваць нашай зборнай да 2018 года.

Пра гэта паведаміў кіраўнік федэрацыі Ігар Рачкоўскі на спецыяльнай прэс-канферэнцыі. Ён адзначыў, што ў хакейнага кіраўніцтва не ўзнікла сумненняў з гэтай нагоды і рашэнне працягнуць супрацоўніцтва з канадскім спецыялістам было прынята яшчэ ў ходзе планетарнага першынства ў Чэхіі. Зараз кантракт ужо падпісаны, і Дэйв пачаў працаваць.

15-21

— Добра разумеў, што пасля чэмпіянату свету Льюіс будзе мець прапановы з-за акіяна. Прычым размаўляў з генеральнымі менеджарамі з ЗША, і яны гэта пацвярджалі. На шчасце, Дэйв захацеў працягнуць працу ў нас. Па ўсіх пазіцыях мы дасягнулі кансэнсусу. Зразумела, сума кантракта павялічылася адпаведна выніку і цікавасці да паслуг настаўніка. Аднак агучваць яе не буду. Гэта камерцыйная тайна, — адзначыў кіраўнік федэрацыі хакея Беларусі.

Пагадненне разлічана на працу трэнера да канца алімпійскага цыкла, гэта значыць да 31 мая 2018 года. Мяркуецца, што Льюіс таксама будзе кансультаваць трэнераў юніёрскай і маладзёжнай зборных. У трэнерскі штаб канадца ўвойдуць Алег Антоненка, Андрэй Мезін і Уладзімір Бурэ. Месца Аляксандра Журыка, які перайшоў трэніраваць клуб Найвышэйшай хакейнай лігі ХК МУС, зойме Юрый Файкоў. У кантракце не прапісана колькасць дзён, якую Льюіс абавязаны праводзіць у Беларусі, аднак сам канадзец выказаў сваю гатоўнасць прыязджаць у любы момант. Сённяшні візіт трэнера не абмежаваўся толькі падпісаннем кантракта, Дэйв разам са сваёй жонкай наведаў гістарычныя месцы Беларусі, а пасля гэтага расказаў пра свае ўражанні і планы на наступны сезон.

— Было вельмі важна пазнаёміцца з культурай краіны, у якой я працую. Мы ездзілі на «Лінію Сталіна», дзе я ўпершыню пасядзеў у танку, наведалі Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу. Дзякуючы апошняй паездцы я зразумеў, адкуль у беларускіх спартсменаў бярэцца жаданне змагацца. Яго яны атрымалі ў спадчыну ад дзядоў. Таксама я захапіўся беларускай прыродай і архітэктурай, пабываў у Гродне, гэта вельмі прыгожы еўрапейскі горад. Але найбольш за ўсё мне спадабалася спагадлівасць і прыязнасць беларусаў.

— Чым вы займаліся пасля чэмпіянату свету?

— Я перанёс вельмі складаную аперацыю па трансплантацыі сцягна. На шчасце, яна завяршылася паспяхова, і цяпер мяне ўжо не турбуюць болі. Праўда, па першым часе яшчэ дамешваўся боль ад паражэнняў у Чэхіі (смяецца). У адпачынку гуляў са сваімі любімымі ўнукамі.

— Як доўга разважалі над новай прапановай ад ФХРБ?

— Шчыра кажучы, моцна хваляваўся перад падпісаннем першага кантракта. Разважаў, як прыняць гэты выклік. Наколькі ўдасца сябе праявіць. Важна было, ці прымуць мяне ў Беларусі, як паставяцца гульцы, ці знайду я з імі агульную мову. Усё нармальна, сышліся. У выніку пасля чэмпіянату свету вярнуўся ў Мічыган, пагаварыў з жонкай, і вось я тут.

— Вы ўжо пачалі працаваць, правялі трэнерскі савет?

— Я сцісла растлумачыў настаўнікам малодшых нацыянальных каманд тое, як праходзіла падрыхтоўку да чэмпіянату свету па хакеі ў Чэхіі галоўная зборная, як часта варта наведваць гульні кандыдатаў у зборную, як ацэньваць іх вынікі, «ляпіць» з іх калектыў. Так, у нас, напэўна, не самыя моцныя гульцы ў індывідуальным плане, але мы ўсё роўна павінны быць самай моцнай камандай. Я расказаў калегам пра тое, якім быў стыль нашай гульні на сусветным форуме, як мы дзейнічалі ў кожнай з зон, як здолелі падрыхтаваць хакеістаў за непрацяглы час да такой вялікай колькасці гульняў.

— Як ацэніце навіны міжсезоння? У першую чаргу, гаворка пра пераход братоў Касціцыных у «Тарпеда».

— Ведаю, што Андрэй і Сяргей вельмі хацелі вярнуцца за акіян. Яны нядрэнна правялі канцоўку сезона ў КХЛ і выдатна выглядалі на чэмпіянаце свету. Прызнаюся, падчас яго гутарыў са скаўтамі і дакладна магу сказаць: цікавасць да Касціцыных сапраўды была. За абодвума назіралі, але КХЛ — таксама годны варыянт працягу кар'еры.

— Дарэчы, як вы лічыце, беларускім гульцам варта імкнуцца ў НХЛ ці можна абмежавацца КХЛ?

— Хлопцы павінны дзейнічаць на максімуме магчымасцей. Таму, што калі чалавек не выкарыстоўвае патэнцыял, заўсёды ўзнікае шкадаванне. Я хацеў бы, каб за акіянам гуляла, умоўна кажучы, 25 беларусаў, 10 прабіваліся ў плэй-оф і яшчэ 15 мы мелі б у зборнай на чэмпіянаце свету. Было б нядрэнна!

— Якія задачы ставяцца на алімпійскую кваліфікацыю і найбліжэйшы чэмпіянат свету?

— На сусветным форуме хочам выйсці ў паўфінал і пазмагацца за ўзнагароды. Што ж тычыцца кваліфікацыі, усё проста: нам патрэбна пуцёўка на Алімпіяду-2018. Галоўнае — не ціснуць на хлопцаў псіхалагічна, а, наадварот, прымусіць паверыць у свае сілы і жыць марай.

— Атрымліваецца, што гульцоў трэба будзе двойчы выводзіць на пік формы, можа, наогул не адпускаць іх у адпачынак?

— Адпачынак, ім, безумоўна, патрэбен... Таму што спачатку хакеісты рыхтуюцца да сезона ў клубах, потым да чэмпіянату свету. У любым выпадку трэба вызваліць цела і галаву. Зразумела, перад кваліфікацыяй правядзём збор, але, верагодна, не такі працяглы, але таксама накіраваны на актыўную і інтэнсіўную падрыхтоўку.

— Нік Бэйлен і Шарль Лінгле могуць згуляць за нашу зборную ўжо на найбліжэйшым чэмпіянаце свету. Плануеце прыцягваць іх?

— Так, я рады, што яны змогуць далучыцца да каманды.

— Ці няма ў вас адчування, што ў Чэхіі сёлета зборная дасягнула свайго макісімуму?

— Кожны год па-свойму складаны, але я б не ставіў пытанне так. Многія сцвярджаюць, быццам я вар'ят. Аднак усё роўна паўтаруся: наша мэта — медалі. Выразна ўсведамляю: калі не верыш у дасягненне мэты, яе не дасягнуць. Імкнуся данесці гэтую думку і гульцам, і трэнерам. Мне казалі, што ў Беларусі няма добрых хакеістаў, але я не верыў гэтым словам. У выніку мы выдатна паладзілі з гульцамі, нам удалося сабраць калектыў аднадумцаў і з верай у поспех мы занялі сёмае месца.

— Пасля гэтага чэмпіянату свету ў вас былі прапановы з-за акіяна?

— Так. Аднак я не быў у іх зацікаўлены. Бо правёў у НХЛ 40 гадоў. Гэта цікавы вопыт, але вяртацца да яго не хацелася. Важкім аргументам з'явілася тая акалічнасць, што магу падзяліцца ведамі з мясцовымі, беларускімі, спецыялістамі. Плюс магчымасць нейкі час праводзіць у Паўночнай Амерыцы. У выніку ўзважыў усе «за» і «супраць» і палічыў за лепшае застацца ў Беларусі.

— У вас на пальцы чэмпіёнскі пярсцёнак НХЛ. Як часта яго надзяваеце?

— Захацелася паказаць, як ён выглядае, некаторым сябрам у Беларусі. А ў прынцыпе — даволі рэдка. Вядома, гэта сімвал найвышэйшага дасягнення хакеіста. Шмат хто хоча проста дакрануцца да яго, каб усвядоміць, да чаго імкнуцца.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.