Вы тут

Краіна талентаў і творцаў


Дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць — галоўны падмурак паўнавартаснага развіцця нацыі, фундаментальная перадумова для рэалізацыі патэнцыялу кожнага грамадзяніна краіны. Беларускі народ на працягу тысячагадовай гісторыі адстойваў права на ўласную дзяржаву, стваральная місія якой на сучасным этапе заключаецца ва ўсебаковым забеспячэнні эканамічнага і духоўна-культурнага прагрэсу грамадства.

15-7

Сёння сістэма дзяржаўных інстытутаў у поўнай меры гарантуе бяспечнае жыццё і дзейнасць людзей, дбае пра захаванне грамадзянскіх і палітычных свабод, дае магчымасць для ўвасаблення творчых задум, урэшце, дазваляе адчуваць сябе шчаслівым і імкнуцца да поспеху ў жыцці. Сярод найважнейшых задач дзяржавы — стварэнне прымальнага асяроддзя для жыцця, клопат пра экалогію, ашчаднае і рацыянальнае выкарыстанне ўсіх відаў нацыянальных прыродных рэсурсаў.

Да несумненных прыярытэтаў гарманічнага і ўстойлівага развіцця грамадства належаць забеспячэнне законнасці і парадку, стварэнне эфектыўнай судовай сістэмы. Сучаснае права, заснаванае на народнай этыцы, маралі і гуманістычных каштоўнасцях, спрадвечных уяўленнях пра дабро, справядлівасць і парадак, здольнае гарантаваць сацыяльны мір і згоду. Дасканалая судовая ўлада — паказчык цывілізаванасці грамадзянскай супольнасці. Місія судовай сістэмы — вынясенне справядлівых рашэнняў у выпадках парушэння законаў.

Асноўнай крыніцай тэхналагічнага і эканамічнага прагрэсу краіны ў наш час з'яўляюцца навуковыя даследаванні, распрацоўкі і інавацыі. Гэта найбольш дзейсны інструмент паспяховага канкурыравання і ўдзелу дзяржавы ў міжнародным падзеле працы. Для стабільнасці і росквіту грамадства выключнае значэнне маюць сацыяльныя і гуманітарныя навукі. Яны забяспечваюць гарманічнае і ўстойлівае развіццё сучаснай цывілізацыі.

Беларусь мае шматвяковыя традыцыі ў сферы навучання, прафесійнай падрыхтоўкі і выхавання. Галоўная мэта адукацыйнай сістэмы краіны — усебаковае далучэнне грамадзяніна да сацыяльнага досведу, нацыянальных і сусветных інтэлектуальных здабыткаў. Рэгулярнае абнаўленне нацыянальнай сістэмы адукацыі, асваенне прагрэсіўных форм навучання і авалоданне новымі ведамі дазволіць беларускаму грамадству рыхтаваць нацыянальныя эліты да высокаэфектыўнага кіравання складанымі сістэмамі — вытворчасцю, сацыяльнымі працэсамі, дзяржаўнымі ўстановамі, удзельнічаць у жыцці міжземнаморскай і трансатлантычнай цывілізацый. Сёння надзвычай важна актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, інтэграваць нацыянальную адукацыйную сістэму ў сусветную адукацыйную прастору — з захаваннем высокай якасці нацыянальнай адукацыйнай мадэлі.

Беларусь — краіна таленавітых і творчых людзей. Нацыянальная культура і мастацтва адыгрываюць ключавую ролю ў выхаванні сумленных і адказных грамадзян краіны. Асаблівая роля належыць тут мастацкай літаратуры, бо творы прыгожага пісьменства аказваюць уздзеянне на інтэлектуальнае развіццё чалавека і адначасова фарміруюць яго духоўны свет. Праз мастацкія вобразы майстры слова ўсталёўваюць грамадскія ідэалы, ствараюць прыклады і ўзоры, вартыя пераймання. Шэдэўры нацыянальнага пісьменства, творы класічнай спадчыны і лепшыя здабыткі сучасных майстроў слова — незаменныя складнікі патрыятычнага выхавання. Ва ўмовах глабалізацыі менавіта літаратура ў значнай ступені спрыяе захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці, забяспечвае духоўна-культурную самабытнасць беларусаў. Нарошчванне патэнцыялу беларускай літаратуры — прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыкі — нязменна служыць паляпшэнню маральнасці ў грамадстве, узбагачае духоўнае жыццё людзей і істотна павышае культуру ўзаемадачыненняў.

Пашана да адукаваных і культурных людзей, падтрымка іх высокага сацыяльнага статуса ў грамадстве ўсталёўваліся на Беларусі спакон вякоў. Несумненна, і надалей яны заслугоўваюць перманентнага клопату з боку дзяржавы. Важна стымуляваць таленавітых, дзеля чаго павялічваць колькасць разнастайных конкурсаў і дзяржаўных узнагарод за буйныя навуковыя здабыткі і значныя творчыя дасягненні.

Беларусь спрадвеку з'яўляецца шматнацыянальнай і поліканфесійнай краінай. Павага да нацыянальных меншасцяў, стварэнне магчымасцяў для развіцця іх культуры, мовы, спадчыны, а таксама падтрымка дыялогу канфесій і спрыянне міжрэлігійнай згодзе — прыкметы сапраўднай спеласці грамадства і ўлады.

Геаграфічна і ментальна наша краіна надзвычай прыдатная для выканання гістарычнай місіі паяднання і дыялогу, выпрацоўкі стратэгіі супольнай будучыні народаў на еўразійскім кантыненце. Увогуле, асновай нашага штодзённага жыцця з'яўляюцца чалавечая добразычлівасць, спагадлівасць, сяброўства, узаемавыручка — тыя якасці, якія праяўляюцца ў нас не лакальна, а паўсюдна, на ўзроўні ўсёй краіны.

Іван САВЕРЧАНКА, доктар філалагічных навук, прафесар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.