Вы тут

Жыццёвая школа Міхаіла Кавалёва


Што з'явілася ў Мінску, калі Міхаіл Васільевіч быў яго мэрам? З якімі цяжкасцямі сутыкаўся старшыня Савета Міністраў БССР? Якім выбітны партыйны і дзяржаўны дзеяч быў сем'янінам?

15-34

Будучы дзяржаўны і партыйны дзеяч нарадзіўся 16 жніўня 1925 года ў вёсцы Дубравіца Клімавіцкага раёна. У сям'і сялян выхоўвалася чацвёра дзяцей. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку і старэйшага брата забралі на фронт. 16-гадовы Міша застаўся ў хаце за гаспадара. Праўда, спачатку была доўгая дарога на радзіму маці, бо Бягомль, у якім яны жылі перад вайной, быў акупаваны гітлераўцамі ў першыя дні ваеннага ліхалецця.

— У вёсцы Міша ў свае 16 гадоў навучыўся быць клапатлівым і рухавым гаспадаром, — успамінае яго малодшая сястра Клаўдзія Кавалёва. — Усё, што ён рабіў, заўсёды было грунтоўна, дыхтоўна і радавала вока, бо да ўсялякай работы ён ставіўся адказна, добрасумленна, з душой.

Як толькі Чырвоная Армія ў пачатку верасня 1943 года вызваліла Клімавіцкі раён, Міхаіла Кавалёва прызвалі ў армію. Іх, навабранцаў, абмундзіравалі і адправілі на фронт, які доўгі час стаяў на Проні, дзе ішлі кровапралітныя баі. Пры фарсіраванні ракі быў паранены і трапіў у шпіталь. Толькі паправіўся — і зноў на фронт.

Дарогамі вайны салдат Кавалёў прайшоў праз Беларусь, Польшчу, Германію. Служыў і стралком-пехацінцам, і сувязістам, і артылерыстам гарматы-«саракапяткі». 3 ліпеня 1944 года ў складзе танкавага дэсанта вызваляў Мінск. Дэмабілізаваўся ў 1948 годзе камандзірам аддзялення. За ратныя, а пасля і працоўныя заслугі быў удастоены многіх узнагарод, у тым ліку ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, ордэна Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна «Знак Пашаны», медаля «За адвагу» і яшчэ 12 медалёў.

[caption id="attachment_96350" align="alignnone" width="600"]Будуецца метро.  Міхаіл Кавалёў — у цэнтры. Будуецца метро.
Міхаіл Кавалёў — у цэнтры.[/caption]

— У Міхаіла Кавалёва было некалькі баявых узнагарод, але найбольш ён даражыў першай — медалём «За адвагу», — гаворыць яго жонка Марыя Кавалёва. — Ён расказваў пра такі выпадак. Неяк позняй восенню спыніліся на начлег у польскай вёсцы. У гумне, дзе яны начавалі, ляжала многа саломы і сена. Спаць было мякка, цёпла, але раніцай, калі паступіла каманда рухацца ўперад, выявілася, што ў Мішы згубіўся медаль «За адвагу». Ад шкадавання хлопец ледзь не плакаў. На шчасце, камандзір дазволіў яму затрымацца і пашукаць, потым дагнаць часць. Амаль усю салому ператрос салдат, але знайшоў.

Пасля вайны Міхаіл Кавалёў уладкаваўся на працу на Мінскі маторарамонтны завод. Адначасова заканчваў 10-ты клас вячэрняй школы. Праз год паступіў у Ленінградскі горны інстытут, які паспяхова скончыў у 1954 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-шахтабудаўніка. Пры размеркаванні яму, як найлепшаму студэнту, прапаноўвалі добрыя пасады ў Данбасе, Сібіры, Варкуце. Але ён вярнуўся ў родны Мінск.

Працаваў майстрам, прарабам, начальнікам будаўнічага ўпраўлення будтрэста № 1. У 1962 годзе Міхаіла Кавалёва накіравалі ў Салігорск — будаваць калійны камбінат і горад. Колішні генеральны дырэктар прадпрыемства «Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі» Мікалай Ашэйчык, з якім Міхаіл Кавалёў працаваў на салігорскіх будоўлях, і зараз добра памятае, як Міхаіл Васільевіч праводзіў планёркі: «На іх ніколі час не траціўся марна. Кавалёў прывучыў усіх гаварыць коратка, толькі па сутнасці справы. Пустых размоў, без канкрэтных прапаноў не мог цярпець. Яго нельга было вывесці з раўнавагі нават у даволі няпростых сітуацыях. Ён ніколі не крычаў. Але за промахі і нядбайнасць патрабаваў жорстка, пры гэтым не прыніжаючы чалавека. Усе разумелі, што спагнанне ідзе за справу».

— У 1966 годзе Міхаіл Кавалёў працуе намеснікам міністра будаўніцтва рэспублікі, — расказвае Марыя Кавалёва. — Усё тут ішло спраўна, але на гэтай пасадзе ён не папрацаваў і поўных двух гадоў, як яму прапанавалі ўзначаліць Мінскі гарвыканкам. Ён на ўсіх узроўнях, дзе з ім вялі размову і ўзгаднялі прызначэнне, катэгарычна адмаўляўся, бо зусім не ўяўляў гэтай работы... Міхаіл Кавалёў ніколі не шукаў высокіх пасад, а проста шчыра рабіў сваю любімую справу. Часта карыстаўся прыказкай «Рабі добра, і ўсё будзе добра». Пасады быццам самі з'яўляліся і ўзнімалі яго ўсё вышэй і вышэй.

За перыяд кіравання беларускай сталіцай Міхаіла Кавалёва ў ёй было пабудавана метро, карэнным чынам рэарганізавалася ўся транспартная інфраструктура горада, стваралася і была ўведзена ў эксплуатацыю Вілейска-Мінская водная сістэма. Гэта быў час, калі ў выніку інтэнсіўнага прамысловага і жыллёвага будаўніцтва насельніцтва Мінска перавысіла мільённы рубеж. Міхаіл Кавалёў быў ініцыятарам устанаўлення сувязяў сталіцы Беларусі з замежнымі гарадамі. Пабрацімамі Мінска сталі Нотынгем (Англія), Ліён (Францыя), Бангалор (Індыя), Сендай (Японія) і іншыя.

На пасадзе старшыні гарвыканкама Міхаіл Васільевіч, як будаўнік, значную ўвагу надаваў новабудоўлям горада, яго архітэктуры, а асабліва — афармленню, назвам. Ён лічыў, што ў апошніх трэба падкрэсліваць нацыянальную адметнасць. Напрыклад, назву рэстарану «Журавінка» Іван Шамякін прыдумаў па прапанове Кавалёва. У яго бытнасць мэрам у горадзе таксама былі адкрыты кавярні «Бульбяная»,  «Несцерка», «Батлейка», магазіны «Чаравічкі», «Бураціна», «Малыш». На будаўнічым рахунку Міхаіла Кавалёва — мінскія гадзіннікавы, электрамеханічны і электратэхнічны заводы.

[caption id="attachment_96351" align="alignnone" width="600"]Ся­рэб­ра­нае вя­сел­ле Ка­ва­лё­вых. Ся­рэб­ра­нае вя­сел­ле Ка­ва­лё­вых.[/caption]

— Сённяшняе аблічча Мінска як еўрапейскай сталіцы сфарміравалася шмат у чым дзякуючы Міхаілу Васільевічу Кавалёву, — лічыць старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. — З ім было лёгка працаваць. Лёгка, бо ён быў даступны, ініцыятыўны і, галоўнае, канкрэтны. Інтэлігентны ў зносінах. Папрацаваўшы дзясяткі гадоў у асяроддзі будаўнікоў, не агрубеў. Унутраная прыстойнасць, бліскучая пецярбургская адукацыя ў горнай, створанай яшчэ пры цары, ВНУ, сфарміравалі гэтую выдатную асобу. Напэўна, сям'я, жонка таксама ўнеслі свой пазітыўны ўклад у развіццё яго грамадзянскіх і агульначалавечых якасцей.

З жонкай Марыяй Цімафееўнай яны пражылі 55 гадоў. Яна ніколі не папракала мужа, што той шмат часу аддаваў працы, і стварыла яму надзейны «тыл», у якім было вельмі хораша і ўтульна сынам — Сяргею і Андрэю, унукам.

— Наш шлюб з Мішам быў шчаслівы, — прызнаецца яна. — Цяпер многія глядзяць на гараскопы, вераць у розныя прыкметы, але мы ніколі не звярталі на гэта ўвагі, ды і не ведалі такіх прымет. Усё залежыць ад саміх мужа і жонкі, як яны змогуць захаваць сваё каханне, узаемаразуменне, павагу адно да аднаго. А каханне — рознае ў розныя перыяды сумеснага жыцця, але яно, калі сапраўднае, то да скону. Мы абодва цяжка перажылі вайну, і таму, мабыць, у нас было абвостранае адчуванне дабрыні, тонкіх чалавечых якасцей, вартасцей. У нас было і з гадамі мацнела выключнае разуменне адно аднаго — гармонія душ.

Як узгадвае намеснік старшыні Савета Міністраў БССР 1984—1986 гадоў і міністр гандлю СССР 1986—1991 гадоў, сябра сям'і Кандрат Церах, у Кавалёвых заўсёды панавалі спакой, добразычлівасць, узаемаразуменне. «Міхаіл Васільевіч быў закаханы ў сваю жонку і называў яе Марыйкай да канца дзён, вельмі любіў сваіх дзяцей і ўнукаў, — гаворыць ён. — Шмат гадоў у іх сям'і жыла мама Марыі Цімафееўны — Феня Іванаўна, якая ўвасабляла беларускую дабрыню і гасціннасць, вельмі цёпла адносілася да свайго зяця. Яна гатавала такую смачную квашаную капусту, якой я больш нідзе ніколі не еў. Аднойчы Феня Іванаўна, заўважыўшы маю вялікую цягу да яе капусты, дала мне з сабой у пачастунак трохлітровы слоік гэтай смакаты, які я на наступны ж дзень з апетытам апаражніў».

У 1977—1979 гадах Міхаіл Кавалёў — першы намеснік старшыні Дзяржплана. З 1979 года працуе намеснікам, а потым першым намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР. У 1986 годзе яму прапанавалі ўзначаліць Саўмін БССР. Нягледзячы на аварыю на Чарнобыльскай АЭС, на наступствы «перабудовы», якая ў выніку прывяла да распаду краіны, Беларусь усё ж такі здолела выканаць усе асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі апошняй савецкай пяцігодкі. І ў гэтым вялікая заслуга ўрада, які ўзначальваў у тыя гады Міхаіл Васільевіч. Ён зрабіў значны ўклад у развіццё эканомікі, навукі і культуры рэспублікі.

— У Міхаіла Васільевіча Кавалёва ніколі не было ніякай фанабэрыстасці, самалюбства, высакамернасці — рыс, якія часам у некаторых людзей выклікае высокая пасада, — расказвае жонка. — Ён вызначаўся сумленнасцю, працавітасцю, прыстойнасцю, сціпласцю.

У красавіку 1990 года з прычыны сур'ёзнай хваробы Міхаіл Кавалёў пайшоў на пенсію. Не стала выбітнага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча 5 ліпеня 2007 года — у дні святкавання чарговай гадавіны вызвалення Мінска, лёс якога быў цесна звязаны з ім самім.

• • •

Марыя Цімафееўна вельмі цяжка перажывала смерць мужа. Праз год яшчэ адна трагедыя — не стала малодшага сына Андрэя... Вярнуць душэўную раўнавагу дапамагла праца над кнігай «Сын сваёй зямлі і часу: Вянок успамінаў пра Міхаіла Кавалёва», якая ўбачыла свет чатыры гады таму.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота з асабістага архіва сям'і Кавалёвых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».