Вы тут

«З радасцю сустрэнем усіх»


У гэтыя выхадныя Давыд-Гарадок адзначыць сваю 915-ю гадавіну. Пра падрыхтоўку да свята расказаў старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Вячаслаў СТАДНІК.

15-35

— Вячаслаў Васільевіч, што сёння з сябе ўяўляе старажытны Давыд-Гарадок у сацыяльна-эканамічным плане?

— У горадзе пражывае 6255 чалавек. Функцыянуюць прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, развіваецца прыватны бізнес. І калі мясцовы электрамеханічны завод апошнім часам адчувае пэўныя цяжкасці, то прадпрыемствы райспажыўтаварыства развіваюцца паспяхова. Скажам, наш хлебазавод пастаянна асвойвае выпуск новых відаў прадукцыі. Давыд-гарадоцкі солад карыстаецца вялікім попытам, нават пастаўляецца на экспарт. Набірае абароты прыватнае прадпрыемства па перапрацоўцы агародніны. Не апошнімі ў раёне выглядаюць нашы фермеры.

Людзі, як былі працавітымі ў тутэйшых мясцінах, так і засталіся. Праўда, не вырошчваюць у нас так многа насення кветак, як гэта рабілі ў часы Савецкага Саюза. Некаторыя гаспадары заняліся агуркамі, памідорамі, узвялі цяпліцы на сваіх участках.

А што тычыцца сацыяльнай сферы, то прадметам нашага гонару з'яўляецца найперш мясцовая бальніца. Два гады таму ў ёй праведзена маштабная рэканструкцыя, з'явіліся новыя аддзяленні і лабараторыя. Давыд-гарадоцкая медустанова з'яўляецца другой раённай бальніцай і аказвае якасную, кваліфікаваную дапамогу мясцоваму насельніцтву. У горадзе зараз працуе 35 урачоў.

У нас узводзіцца другі дзіцячы садок. Ранейшы, разлічаны на сто месцаў, наведваюць 140 дзяцей. А з увядзеннем у эксплуатацыю другога — чарга ў дзіцячую дашкольную ўстанову зусім знікне.

Давыд-Гарадок мае даўнія культурныя традыцыі. Пра абрад «Конікі», відаць, многія чулі. Пры Доме культуры ёсць некалькі самадзейных калектываў. Яны ўжо падрыхтавалі канцэртную праграму да Дня горада.

— А што яшчэ цікавага ў праграме святкавання?

— Дзень народзінаў Давыд-Гарадка мы адзначаем кожны год. Таму склаліся і пэўныя традыцыі. Як заўсёды, ушануем найлепшыя калектывы і найлепшых працаўнікоў, бо чалавек працы заўсёды карыстаўся павагай на Палессі. Падрыхтаваны граматы гарвыканкама. Будуць адзначаны, напрыклад, тыя, чый працоўны стаж дасягнуў 50 гадоў, ад іх працоўны наказ атрымаюць пачаткоўцы. Не забудземся таксама пра маладыя сем'і. Так, у адной з іх нядаўна з'явіліся двайняты, таму ўжо падрыхтаваны падарункі.

І сапраўднай гераіняй дня стане наша найстарэйшая жыхарка — Вера Кандратаўна Галавач. Усё жыццё, а гэта 103 гады, яна пражыла тут. Вера Кандратаўна — жывая гісторыя Давыд-Гарадка, яна памятае вайну, усе падзеі, звязаныя з роднымі мясцінамі. А памяць у яе — на зайздрасць усім.

Думаю, што будзе цікава і месцічам, і гасцям.

— Каго з гасцей чакаеце на свята горада?

— Выхадцы з Давыд-Гарадка ёсць ці не ва ўсім свеце. Многія праславіліся ў галіне медыцыны, іншых навук, культуры, літаратуры, грамадскай дзейнасці. На гэты раз абяцаў прыехаць Рыгор Рычагоў, доктар медыцынскіх навук. Чакаем таксама нашых пісьменнікаў Георгія Марчука і Леаніда Дранько-Майсюка. Днямі пацвердзіў свой намер прыехаць Герой Расіі — палкоўнік  Аляксандр Дарковіч.

Давыд-Гарадок у свой 915-ты дзень нараджэння з радасцю сустрэне ўсіх, хто тут нарадзіўся, жыў, памятае малую радзіму.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.