Вы тут

Біятэхналогіі становяцца бліжэй


Навукоўцы плануюць рэалізаваць шэраг маштабных праектаў.

У сферы экспарту беларускіх біяпрэпаратаў цяпер адбываецца істотны прагрэс, паведаміла генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» — дырэктар ДНУ «Інстытут мікрабіялогіі» НАН Беларусі Эмілія КАЛАМІЕЦ.

— Расія замовіла ў нас 20 тон, Літва — 15 тон. Яшчэ чакаюцца замовы пад зімовую апрацоўку глебы, прэпараты ўжо прайшлі выпрабаванні ў гэтых краінах і вельмі добра сябе зарэкамендавалі.

Апошнім часам у нашай краіне біятэхналогіям надаецца ўсё большая ўвага, бо харчовая і медыцынская бяспека — аснова якасці жыцця любой дзяржавы.

З 2010 па 2014 год было створана 8 прадпрыемстваў. Гэта вытворчасці кармавых дабавак, канцэнтратаў і прэміксаў для сельгасжывёлы, замарожаных бактэрыяльных канцэнтратаў для малочнай прамысловасці, біяпрэпаратаў рознага прызначэння і інш. Вучоныя атрымалі магчымасць поўнага самазабеспячэння прэпаратамі плазмы крыві, выканання ўласных трансплантацый касцянога мозга, трансплантацый з выкарыстаннем ствалавых клетак. А на працягу 2015—2021 гадоў беларускія навукоўцы маюць намер рэалізаваць у нацыянальным навукова-тэхналагічным парку «БелБіяград» яшчэ каля 200 інвестыцыйных праектаў.

— «БелБіяград» — гэта адмысловая тэхналагічная зона cа спецыяльным падатковым рэжымам, дзе будуць рэалізаваны праекты ў сферы бія-, нанатэхналогій, фармацэўтыкі, мікра- і нанасістэмнай тэхнікі, — распавяла Эмілія Каламіец.

Па словах навукоўца, праект не давядзецца ствараць з нуля. У раёне Акадэмгарадка, побач з Паркам высокіх тэхналогій, размешчана досыць шмат навуковых устаноў: Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, Фізіка-тэхнічны інстытут, Інстытут хіміі новых матэрыялаў, Інстытут мікрабіялогіі, якія стануць базай для стварэння «БелБіяград». Акрамя таго, у гэтых НДІ маюцца ўласныя вытворчасці, дзе яны выпускаюць прадукцыю.

У 2013 годзе Мінэканомікі вяло падрыхтоўчую працу па стварэнні нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка «БелБіяград». Быў падрыхтаваны праект указа Прэзідэнта, падабраны зямельны ўчастак для размяшчэння інфраструктурнага комплексу «Біяград Мінск», праведзены папярэднія тэхніка-эканамічныя разлікі, намечаны ўдзельнікі кіруючай кампаніі парка. У кастрычніку 2013-га па выніках нарады ва ўрадзе далейшая праца па стварэнні «БелБіяград» была ўскладзена на НАН Беларусі.

Эмілія Каламіец таксама распавяла, што ў краіне будуць створаны новыя вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў, біялагічна актыўных дабавак і прабіятычных прэпаратаў, на Бабруйскім заводзе біятэхналогій пачнуць пашыраць сетку біягазавых установак для выпрацоўкі альтэрнатыўных крыніц энергіі. Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дражджавы завод у Слуцку, першая прадукцыя якога з'явіцца ў 2016 годзе. Таксама з'явіцца шэраг медыцынскіх вытворчасцей на базе дзяржаўных устаноў. Многія аб'екты плануецца мадэрнізаваць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.