Вы тут

«У жыцці я маці і жонка, на рабоце — адказны Кіраўнік»


32-гадовая Анастасія Кузьміна пра настойлівасць, надзейны тыл і мужчынскі калектыў.

15-5

Як лічыць адна з маіх знаёмых, пасада кіраўніка сельгасарганізацыі пазбаўляе жанчыну жаноцкасці. Маўляў, ёй не стае часу сачыць за сваёй знешнасцю, зрабіць прычоску, макіяж. А гразкай восенню для яе найлепшая амуніцыя — гумовыя боты ды брызентавы камбінезон. Гэтыя прымітыўныя ўяўленні абвяргае сваім знешнім выглядам дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Камена», што на Лагойшчыне, Анастасія Кузьміна: элегантная, модна апранутая. Анастасіі Георгіеўне 32 гады. Але, як мне падаецца, яна выглядае нават маладзейшай за свой узрост.

— Ніколі не думала, што стану кіраўніком вялікага калектыву, — прызнаецца яна. — Прыйшла ў гаспадарку пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Спачатку працавала інжынерам па ахове працы, потым — галоўным інжынерам. Работа мне вельмі падабалася. Заўсёды старалася, каб тэхніка была спраўная, на хаду. Праўда, не абыходзілася і без паломак. Але іх на працягу дня імкнуліся выправіць.

— Анастасія Георгіеўна, інжынер-механік — спецыяльнасць нетыповая для прадстаўніц слабай паловы чалавецтва. Што вас падштурхнула да такога выбару? — звяртаюся да яе.

— Сапраўды, у нашай групе было 22 хлопцы, і толькі я адна — дзяўчына. У школе вучылася ў спецыяльным класе ад універсітэта. Магчыма, гэта і вызначыла мой выбар. Тым больш, што мне вельмі падабаліся дакладныя прадметы: фізіка, матэматыка. Толькі калі паступіла, зразумела, куды трапіла: было нялёгка. Але ні аб чым не шкадую.

— Здзіўляе і тое, што вы, дзіця горада, добраахвотна памянялі яго на вёску, — дапытваюся ў сваёй суразмоўцы.

— Так, я нарадзілася ў Мінску, тут прайшла значная частка майго жыцця. Але пасля бацькі пераехалі ў Лагойск. У Лагойскі раён размеркавалася і я.

— І як вас «сасваталі» дырэктарам? Згоду далі адразу?

— Спачатку параілася з сям'ёй: муж, дзеці былі не супраць.

Сумяшчаць работу, хатнія клопаты, бясспрэчна, нялёгка. Але, як лічыць Анастасія Кузьміна, гэта цалкам магчыма, калі ў жанчыны-кіраўніка ёсць надзейны тыл. У яе дзве дачкі-школьніцы — Маша і Аня. Дзяўчынкі прывыклі, што маці рана сыходзіць на працу, а вяртаецца позна вечарам, асабліва падчас пасяўной, корманарыхтоўкі, жніва. Яны і паесці прыгатуюць, і ў доме прыбяруць. Дапамагае ўнучкам і бабуля.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся на пасадзе дырэктара? — пацікавілася я. — Прызнайцеся, страшна было? Усё ж такі большая адказнасць, іншыя маштабы, чым у спецыяліста.

— Мабыць, калі прызначалі галоўным інжынерам было страшней: мужчынскі калектыў, новая тэхніка, якая з кожным годам удасканальваецца, абнаўляецца. І тых ведаў, што некалі атрымала ва ўніверсітэце, часам не хапала, — адказвае яна.

Але маладой жанчыне дапамагалі прага новых ведаў, імкненне ўнікаць у кожную дробязь, настойлівасць. Анастасія Кузьміна за 10 гадоў добра вывучыла гаспадарку (даводзілася падмяняць былога кіраўніка падчас адпачынку, камандзіровак), ведае ўсе яе плюсы і мінусы, а таксама — людзей. У дырэктара да кожнага з іх індывідуальны падыход. Да сумленнага працаўніка — з пернікам, да нядбайнага — з бізуном. «Кожны чалавек — асоба, у кожнага сям'я, асабістыя праблемы, часам і ў рабоце здараюцца непрадбачанасці, імкнуся зразумець сваіх падначаленых, знайсці агульную мову», — канстатуе кіраўнік.

Мая суразмоўца лічыць, што маладыя кадры ўсё ахвотней прыходзяць на працу ў сельгасарганізацыі. І прыцягвае іх найперш магчымасць займець уласнае жыллё. У горадзе такая перспектыва, так бы мовіць, туманная. Здымаць кватэру? Які сэнс? Амаль увесь заробак пойдзе на яе аплату. Пабудаваць свой куток? Не кожнаму па кішэні працэнты па крэдытах. У аграгарадку маладых спецыялістаў засяляюць у домікі, пабудаваныя па праграме адраджэння і развіцця вёскі. Ёсць работа, зарплата, дах над галавой. Што яшчэ трэба для жыцця?

А работы ў акцыянерным таварыстве хопіць на ўсіх. У гаспадарцы тры малочнатаварныя фермы: «Камена», «Ганцавіцкая Слабада», «Ганевічы». На «Ганцавіцкай Слабадзе» ўвялі ў дзеянне новы малочны блок, набылі новае халадзільнае абсталяванне. З цягам часу чакаюцца змены і на астатніх.

Планаў у Анастасіі Кузьміной шмат, усе задумы нават цяжка пералічыць.

— У перспектыве — яшчэ адзін клюшачнік для цялушак. Пляцоўка пад яго ўжо падрыхтавана, — кажа Анастасія Георгіеўна. — На ферме ў Ганцавічах пустуе безгаспадарчы будынак. Планую яго рэканструяваць для ўтрымання малых цялят.

Тэхнікі для апрацоўкі зямлі хапае. Сёлета набылі шэсць новых трактароў і столькі ж камбайнаў. А гэта значыць, стала зручней і прасцей працаваць: няма паломак, прастояў.

...На развітанне я спыталася ў Анастасіі Кузьміной, кім яна сябе больш адчувае — жанчынай ці кіраўніком.

— У звычайным жыцці — я звычайная жанчына. На працы — адказны работнік.

Сцісла і зразумела. У гэтым правіле, відаць, і заключаецца поспех калектыву, якім кіруе жанчына.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.