Вы тут

«Сэрца падказала, што мы — дома»


У канцы 1990-х гадоў малдаванін Алег Дабуляк вазіў са сваёй радзімы саджанцы на продаж. Вазіў у розныя краіны і адначасова прыглядаўся, куды б сям'ёй
пераехаць жыць назаўсёды. У Малдове, кажа, на той момант перспектыў не было ніякіх. Сёння яго ўтульны новы дом знаходзіцца ў невялічкай вёсачцы Рудня Споніцкая. Гэта за некалькі кіламетраў ад райцэнтра Ветка. Сядзібу можна ўпэўнена назваць хутарам, бо вакол амаль не засталося хат мясцовых жыхароў. Калі ўпершыню Алег з жонкай Анжэлай сюды трапілі, набылі старую хатку без усялякіх выгод. Але ж, як гавораць, тады само сэрца падказала: «Усё, нікуды не сыходзім, застаёмся, мы — дома».

Цяпер мы з сужэнцамі сядзім за вялікім круглым сталом у гасцёўні і ўспамінаем аб тым няпростым рашэнні, што кардынальна змяніла лёс іх і нашчадкаў. Дарэчы, дзеля дзяцей усё і рабілася.

15-11

З'ехаць з Малдовы зусім маладыя Алег і Анжэла вырашылі свядома. Прычынай была нестабільнасць у роднай краіне, што не дазваляла адчуваць сябе там упэўнена. Алег атрымаў вышэйшую адукацыю інжынера-меліяратара. Але працы па спецыяльнасці не знайшлося.

— Як любая маладая сям'я, мы разважалі, дзе жыць і дзе будзе лепш нашым дзецям: яны ж павінны мець будучыню. Мы тады з бацькам вазілі на продаж саджанцы пладовых дрэў паўсюды: у Беларусь, Расію, Казахстан, — успамінае Алег. — Урэшце, я зразумеў, што лепш не пакутаваць з перавозкай, можна тут іх вырошчваць. Гэта танней будзе.

Пытанне «дзе жыць?» сужэнцы вырашалі метадам спроб і памылак. Спачатку перабраліся ў краіну, самую блізкую да Малдовы геаграфічна.

— Мы жылі ў Румыніі, — працягвае расказ Алег. — Там увогуле страшна нешта пачынаць — многія хочуць жыць на халяву. Пакінуў сумку, на секунду адвярнуўся — яе ўжо няма. Хаця румыны ўмеюць весяліцца і адпачываць прыгожа.

— Потым пераехалі ў Балгарыю. Там я нарадзіла дачку, — гаворыць Анжэла. — Мы за гэта заплацілі больш за 1000$: там вельмі дарагая медыцына. Ну, а потым ва Украіне два гады пражылі — не было там магчымасцей для развіцця, будучыні для дзяцей.

— Самыя аптымальныя краіны, дзе мы маглі б жыць, — Расія і Беларусь, — кажа Алег. — Беларусь мне спадабалася больш, чым Расія. Магчыма, таму што яна бліжэйшая да поўначы Малдовы, адкуль мы родам, дзе засталіся бацькі. У любой краіне, у любым доме ёсць свае праблемы, але, калі чалавек хоча жыць і працаваць, ён гэта будзе рабіць.

Анжэла адзначае, што ў вочы адразу ж кідалася тая чысціня, якая была ў Беларусі навокал, хоць у горадзе, хоць у вёсцы:

— У малдаван будзе чыста ў доме, у двары і каля агароджы. А ў вас — паўсюдна. У нас кінуць смецце, і месяц яно будзе ляжаць непрыбраным. У вас такога няма. І гэта вельмі прыемна.

Дарэчы, калі Алег з Анжэлай і дачкой Марынэлай прыехалі ў нашу краіну, спачатку жыллё ў Гомелі здымалі, а потым набылі хатку ў Веткаўскім раёне. Бо заўсёды хацелі жыць на зямлі і ад яе карміцца. Лясныя краявіды і рачулка Спонка, якая бяжыць наўпрост за сядзібай, адразу ж пераканалі Дабулякоў, што яны трапілі ў тое месца, пра якое марылі. Дзе і заснавалі сваю фермерскую гаспадарку па вырошчванні пладова-ягадных раслін.

— Для маёй работы гэта ідэальнае месца і ідэальная краіна, — дзеліцца сваёй філасофіяй жыцця Алег. — Чалавек паўсюль можа ўладкавацца, было б жаданне нешта рабіць. Мы хацелі развівацца, таму ўзялі ў арэнду ўчастак і паступова пачалі сваю справу. Каб нешта вырасла, пастаянна трэба палоць і паліваць. Само нічога не вырасце. Між іншым, мне ў вас спачатку было складана разабрацца з сістэмай падаткаабкладання...

— Мне падабаецца, што ў вас штогод у розных гарадах праводзіцца свята «Дажынкі», — кажа Анжэла. — Якімі прыгожымі населеныя пункты пасля іх становяцца! Усё змяняецца: і будынкі, і агароджы, і азеляненне. Пастаянна нешта ўдасканальваецца.

Алег і Анжэла гавораць, што ім было не цяжка знайсці ў Беларусі сяброў. Звычаі нашых народаў у многім падобныя. Беларусы такія ж ветлівыя і гасцінныя, як і малдаване. А чатыры гады таму Алег перацягнуў у Беларусь і свайго малодшага брата. Ён цяпер працуе ўрачом-траўматолагам у адной з гомельскіх бальніц.

Анжэла любіць пачаставаць сваіх беларускіх сяброў стравамі малдаўскай кухні: мамалыгай са шкваркамі або брынзай, плацынтамі з тварагом, з кропам, зялёнай цыбуляй...

У сям'і паміж сабой часцяком размаўляюць па-малдаўску. Анжэле здаецца складаным беларускае вымаўленне, але яна адзначае, што калі патрэбна будзе — навучацца. Румынскай і балгарскай навучыліся ж, калі ўзнікла неабходнасць.

У іх сям'і ўсе абавязкі размеркаваны дакладна. Зразумела ж, кіруе ўсім Алег. Анжэла яго ва ўсіх пачынаннях падтрымлівае і сама робіць многа па гаспадарцы і ў доме, і на полі:

— Нашы дзеці растуць на зямлі, і яны вельмі многае самі ўжо могуць рабіць. Ніхто іх не прымушае, але ніхто і без справы не сядзіць, бо ўсе ведаюць, тата спытае: «Чым займаліся сёння?» Максім кветкі палівае, коней вельмі любіць і дапамагае даглядаць іх. Сабак у нас многа, ёсць вялікія, для аховы, а ёсць маленькія. Іх гадуе Марычка. Дачка палюбіла ёркшырскіх тэр'ераў. Мы падарылі ёй шчаня, потым яшчэ адно з'явілася. Так мы пачалі і іх разводзіць.

Дзяўчынку шматлікія маленькія гадаванцы сустракаюць вясёлым брэхам у вялікім вальеры. Дарэчы, тэрыторыя спланавана так, што самай рознай жывёле на ёй хапае месца. Вечарэе — жанчыны ідуць забіраць невялікі статак коз, што пасвіўся недалёка ў полі. Белагаловы і блакітнавокі Максімка, які нарадзіўся ўжо ў Беларусі, хоча быць ва ўсім падобным да таткі: у гадавальніку хлопчык правярае, ці добра развіваюцца саджанцы.

Калі бежанцы з Украіны пачалі прыязджаць у Беларусь, сям'я Дабулякоў хацела таксама аказаць дапамогу і запрасіць сям'ю, у якой была дзяўчынка — равесніца іх дачкі. Але ж, расчаравана гаворыць Анжэла, сутыкнуліся з тым, што госці ў першую чаргу пачалі цікавіцца, ці ёсць унутры дома, які яны ім прапанавалі, туалет:

— У многіх з іх няма разумення, што ім даюць нешта проста так, каб яны потым самі неяк лепш уладкаваліся.

Дабулякі ж разлічваюць у першую чаргу на свае сілы і гатовы працаваць на зямлі і рабіць на ёй нешта карыснае. Расказваюць, што за 12 гадоў толькі раз дазволілі сабе з'ездзіць адпачыць.

— Тры дні пабылі ў Адэсе і вярнуліся, бо працаваць трэба, — гаворыць Алег. — Дзеці, зразумела, мараць пра мора, але пакуль у іх адпачынак на рэчцы Спонка. У нас ёсць жаданне працаваць, вырошчваць новыя культуры ў сваёй фермерскай гаспадарцы. Вялікі сад, закладзены некалькі гадоў таму, на які мы ўскладалі пэўныя надзеі, пакуль іх не апраўдвае. Не атрымаецца з садам — будзем шукаць іншыя культуры, якія змогуць расці на гэтай зямлі. Вінаград паспрабавалі — ён на нашым пяску нядрэнна расце. Магчыма, з улікам змянення клімату і яго будзем садзіць.

— Хачу, каб праз 10 гадоў быў тут вялікі прыгожы сад, які б даваў добры ўраджай, — кажа Анжэла. — Кожны чалавек павінен мець сваё месца. Мы сваё знайшлі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.