Вы тут

Кузня спартыўных талентаў


Маладзечанскі спартыўна-забаўляльны комплекс стаў выдатнай базай для падрыхтоўкі не толькі нашых спартсменаў, але і замежных. Аб тым, як працуе адзін з найлепшых спартыўных цэнтраў Міншчыны, даведаўся карэспандэнт «Звязды».

15-14

Ад валейбола да хакея

Гэтым невыносна гарачым жніўнем лядовы палац — самае камфортнае месца ў Маладзечне. І калі я трапіў у вялікае фае комплексу, адчуў, што нібыта апынуўся ў халаднаватым кастрычніку. Але здзіўляцца гэтаму не варта. На хакейнай пляцоўцы ва ўсю трэніруецца мясцовая каманда «Дынама-Маладзечна». Ужо не за гарамі матчы чэмпіянату краіны, а цяпер — паядынкі Кубка Руслана Салея. Таму спартыўнае жыццё тут нават летам сапраўды віруе. І, як прызналася Марына Клямяціч, выканаўца абавязкаў дырэктара мінскай абласной комплекснай ДЮСШ «Алімпік-2011», графік трэніровак распісаны наперад.

— Першапачаткова на гэтым месцы збіраліся ўзвесці лёгкаатлетычны манеж, — кажа суразмоўца. — Аднак пасля вырашылі збудаваць лядовы палац з гульнявой залай, басейнам з элементамі аквапарка. Тут таксама працуюць залы для фехтавання, більярда, харэаграфіі, настольнага тэніса, фітнесу.

Спартыўны комплекс адкрылі 20 кастрычніка 2011 года, і яго плошчы адразу пачалі выкарыстоўваць напоўніцу. Пры комплексе запрацавалі аддзяленні хакея, баскетбола, валейбола, настольнага тэніса, плавання. Увогуле, у ДЮСШ сёння займаецца звыш 300 чалавек, з якімі працуюць 13 трэнераў. Ёсць тут і свае выхаванцы-зорачкі. Вікторыя Шалаеўская, напрыклад, выступае за зборную Беларусі па пляжным валейболе, удзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы, перамагала ў розыгрышы Кубка Беларусі, а баскетбаліст Сяргей Казлоў уваходзіць у склад мінскіх «Цмокаў» і гуляе за маладзёжную зборную краіны.

— А як хакей развіваецца ў Маладзечне? — пытаюся ў суразмоўцы.

— Хакейнае аддзяленне працуе з моманту адкрыцця палаца. І дзеці ідуць да нас ахвотна. Хаця хакей, як вядома, спорт дарагі. Але прывозяць школьнікаў нават з Валожына і Астраўца. З 2014 года ў нашым горадзе базіруецца каманда «Дынама-Маладзечна», якая выступае ў беларускай Экстралізе. І мясцовыя жыхары да хакея ўжо прызвычаіліся. Падчас таварыскага матча паміж зборнымі Беларусі і Латвіі ўсе месцы на трыбунах, якія змяшчаюць 2200 гледачоў, былі заняты.

Прытым гэты паядынак хакеістаў — далёка не адзінае буйное спартыўнае мерапрыемства, якое даводзілася прымаць спарткомплексу. Менавіта ў Маладзечне сваіх сапернікаў у розыгрышы адкрытага чэмпіянату Расіі па валейболе прымаў беларускі «Шахцёр», сёлета тут праводзіліся паядынкі чэмпіянату свету па футзале, раней — сустрэчы Кубка Выкліку па гандболе. Тут таксама праводзяць спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе, дзюдо, разнастайныя спартакіяды. Акрамя таго, ужо не першы год замежныя хакейныя каманды месцам для трэніровачных збораў выбіраюць менавіта Маладзечна. Вось літаральна на днях дадому адправілася чарговая дэлегацыя — каманда «Тарпеда» з Казахстана.

— У Маладзечна добрае геаграфічнае становішча, — кажа Марына Клямяціч. — Недалёка аэрапорт, сталіца, створаны добрыя ўмовы для трэніровак і пражывання. Засталіся задаволенымі ўсім і расійскія валейбалісты, якія прыязджалі да нас на спаборніцтвы. Гаварылі, што ім вельмі спадабаўся наш горад, зала, гульнявое пакрыццё.

— А ці актыўна мясцовыя жыхары наведваюць спартыўна-забаўляльны комплекс?

— Так, многія любяць боўлінг, аквапарк, більярд. Даволі часта да нас на экскурсіі прыводзяць дзяцей з лагераў. Людзі насамрэч хацелі, каб у Маладзечне з'явіўся такі комплекс, месца, дзе можна добра адпачыць моладзі. І гэта вельмі добра, бо адцягвае іх ад дрэнных звычак.

Шырокая геаграфія

Гэты комплекс сваёй кампактнасцю нагадаў мне той, што пабудавалі ў Лідзе. Там усё амаль у крокавай дасягальнасці, а ў Маладзечне нават не трэба выходзіць з лядовага палаца на вуліцу, каб трапіць у вялікую спартыўную залу. Трэба толькі прайсціся па калідорах.

— Наш комплекс, напэўна, адзіны такі ў краіне, — з гонарам кажа старшы адміністратар Людміла Камандуліс. — Нас хваляць, і сваіх кліентаў мы не губляем.

Праўда, не толькі хакейная пляцоўка і гульнявая зала з высокімі столямі сталі візітоўкай комплексу. Як толькі тут адкрылі аквапарк, у Маладзечна паехалі сотні адпачывальнікаў з Мінска і Гродзенскай вобласці.

— Працы было вельмі шмат, — узгадвае старшы адміністратар. — За выхадныя басейн і аквапарк наведвала каля тысячы чалавек. Праўда, калі ў сталіцы з'явіўся свой аквапарк, наведвальнікаў стала крыху менш.

Калі мы выходзім з басейна, Людміла Камандуліс паказвае мне вялікую кнігу ганаровых гасцей. Тут па традыцыі свае водгукі пакідаюць спартсмены, вядомыя наведвальнікі. Запісы на розных мовах амаль на кожнай старонцы. Ізраіль, Расія, Казахстан — геаграфія насамрэч шырокая. І нешта падказвае, яна будзе толькі пашырацца.

Якаў ЖУРБІН,

г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.