Вы тут

На святых мошчах


Самы вялікі ў Беларусі храм узводзілі ўсім светам.

Першая Боская літургія ў кафедральным Спаса-Праабражэнскім саборы адбылася на мінулым тыдні. Яе правёў Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, які прыехаў у Магілёў асвяціць новы храм. Нягледзячы на будны дзень, прыйшло столькі прыхаджан, што нават разлічаны на некалькі тысяч чалавек сабор не змог змясціць усіх ахвотных. Частка людзей заставалася звонку. Спроба агучыць для іх богаслужэнне на вуліцы аказалася не вельмі ўдалай. Гук то прарываўся, то зноў знікаў. Прыхаджане аднесліся да гэтага з разуменнем. Галоўнае, храм нарэшце пабудаваны, а ўсё астатняе, можна лічыць, дробязі, якія з часам будуць выпраўлены.

15-18

У гонар Свяціцеля Георгія Каніскага

Ён уражвае сваім велічным выглядам, прыгажосцю купалаў, урачыстасцю мармуровых калон. Першая цагліна ў яго падмурак была закладзена 14 гадоў таму. Ніхто і не ўяўляў сабе, што будаўніцтва так расцягнецца ў часе. Храм, як у былыя часы, узводзілі ўсім светам. Можна казаць, што кожны з магіляўчан мае да яго дачыненне. Нават калі і не працаваў непасрэдна на самім аб'екце. Хтосьці зрабіў свой унёсак падчас суботніка, хтосьці набыў сертыфікат на імянную цагліну, а хтосьці проста купіў свечку.

— Нават не верыцца, што на гэтым месцы калісьці была пустка, — не стрымліваў эмоцый дырэктар філіяла «Белдзяржстрах» па Магілёўскай вобласці Анатоль Глаз. На момант пачатку будаўніцтва ён займаў пасаду намесніка старшыні аблвыканкама па сацыяльных пытаннях. Разам з архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Максімам, які тады ўзначальваў епархію, ён прысутнічаў пры закладцы першага каменя. «Дзіўнае было відовішча, — успамінае ён той момант. — Вакол бруд, смецце, а пасярод гэтага кветкавы дыван, на якім гучыць гарачая малітва».

Вялікі сабор, які быццам лунае над жылымі шматпавярховікамі, быў запаветнай марай архіепіскапа Максіма. На жаль, ён не дачакаўся шчаслівай хвіліны, калі нарэшце храм паўстаў ва ўсей сваёй прыгажосці. Усе разумелі, якія выдаткі давядзецца несці, але архіепіскап быў вельмі пераканаўчым, калі казаў пра тое, што трэба адраджаць духоўнае жыццё, што горад павінен браць прыклад са свайго настаўніка — знакамітага беларускага асветніка XVIII стагоддзя, свяціцеля Георгія Каніскага, архіепіскапа Магілёўскага, які быў выбітным грамадскім дзеячам, вучоным і абаронцам праваслаўя. У 1757 годзе ён адкрыў у Магілёве духоўную семінарыю і арганізаваў друкарню. З яго імем звязана і аднаўленне аднайменнай царквы ў сценах існуючага тады Спаса-Праабражэнскага манастыра. Там яго і пахавалі. Вось толькі падчас вайны культавы будынак моцна пацярпеў і потым быў знесены. Знаходзіўся ён непадалёк ад архірэйскага дома, які і сёння упрыгожвае названы ў гонар свяціцеля вал у раёне плошчы Арджанікідзэ. Знішчаны храм быў пабудаваны па праекце архітэктара Яна Глаўбіца. А вось праект для новага распрацаваў вопытны беларускі дойлід Леанід Макарэвіч з Баранавічаў.

Архіепіскапа Максіма ў яго намаганнях падтрымаў тагачасны губернатар вобласці Барыс Батура. Яны абодва ўзначалілі апякунскі савет, куды ўвайшлі прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі магілёўскіх арганізацый і прадпрыемстваў. Гэта дапамагло трымаць будаўніцтва на пастаянным кантролі і рэгулярна пералічваць грашовыя сродкі.

Фінансава падтрымаў будаўніцтва Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Менавіта на «прэзідэнцкія» грошы, як кажуць будаўнікі, зроблены мармуровыя калоны ўсярэдзіне сабора. І добрым словам тут узгадваюць сённяшняга міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага, які ў пачатку 2000-х узначальваў Будтрэст №17, які ўзводзіў храм. Менавіта гэтая арганізацыя будавала ў свой час у Магілёве найбуйнейшы ў Еўропе камбінат сінтэтычнага валакна «Лаўсан». Анатоль Чорны таксама дапамог з набыццём дарагіх будматэрыялаў для храма. Дарэчы, граніт, які ўпрыгожвае падлогу культавага будынка, прывезены аж з Кітая.

Залатымі купаламі залюбавалася нават неба

У дарэвалюцыйным Магілёве было некалькі дзясяткаў унікальных па сваёй архітэктуры цэркваў, але большасць з іх знікла ў савецкія гады. І тое, што «залатыя» купалы зноў паступова ўпрыгожваюць горад, вельмі ўсцешвае.

— Спаса-Праабражэнскі сабор зусім не падобны да свайго папярэдніка, але гэта не значыць, што ён менш велічны, — кажа айцец Іаан. — У чымсьці ён нагадвае храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Толькі той 100 метраў у вышыню, а гэты — 60.

Айцец Іаан — настаяцель Спаса-Праабражэнскага сабора. Яму яшчэ прывыкаць да працы ў сценах буйнога храма. Дагэтуль ён 12 гадоў вёў богаслужэнні ў цесным чыгуначным вагончыку, які быў усталяваны побач з будоўляй.

Няпросты аб'ект каштаваў святару шмат здароў'я. Вялікай абразай сталі пушчаныя кімсьці па горадзе плёткі, калі часова спыніліся будаўнічыя працы. Маўляў, будоўлю замарозілі, таму што тутэйшы поп збег з грашыма за мяжу. Айцец Іаан не лічыў патрэбным апраўдвацца, навошта губляць дарэмна час, калі трэба хутчэй рабіць справу. Але ж злыя языкі балюча ранілі душу. Можна казаць, што ён выпакутаваў гэты храм. Нездарма былы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт назваў яго аднойчы Іаанам-будаўніком.

— Я 24 гады святар, з іх 21 год будую, — кажа айцец Іаан. — У 1994 годзе атрымаў блаславенне Уладыкі Максіма на будаўніцтва Свята-Успенскага храма ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна. У савецкі час там была драўляная царква, дзе служыў 90-гадовы протаіерэй Майсей. Да яго тайна вазілі хрысціць дзяцей з Магілёва і нават Мінска. Потым храм згарэў. Новы пабудаваны ўжо з цэглы.

Святар прызнаецца, што быць будаўніком вельмі няпроста. «Згодны з тымі, хто кажа, што гэта наогул не спецыяльнасць, а — нацыянальнасць, — усміхаецца ён.

Айцец Іаан узгадвае, што калі ўсталёўвалі купалы, усе ўбачылі на небе над храмам незвычайнае ззянне. «Гэта Гасподзь блаславіў нашу працу», — упэўнены святар.

Дарэчы, Спаса-Праабражэнскі сабор знаходзіцца пад абаронай Кіева-Пячэрскага цудатворца Майсея, паколькі у яго падмурак закладзены мошчы Святога. Калісьці ён служыў у войску дабравернага князя Барыса і лічыцца, як і пакутнікі Барыс і Глеб, заступнікам усходніх славян.

«Мы ўпершыню рабілі аркі і скляпенні»

Будаўніцтва храма стала вялікім іспытам і для саміх «лаўсанбудаўцаў». Дастаткова ўзгадаць, што ён узведзены на багністай глебе. Каб зрабіць трывалым падмурак, трое сутак запар сюды вазілі пясок. Праца не прыпынялася нават ноччу, пляцоўку асвятлялі ліхтары вялікай магутнасці.

— Мы ўпершыню будавалі такі аб'ект, і шмат чаго было для нас новым, — узгадвае Віктар Дземідзенка, былы начальнік будаўнічага ўпраўлення №53, якое ўваходзіла ў склад Будтрэста №17. — Раней мы не мелі справу з аркамі, купаламі, скляпеннямі. Зроблена вельмі сур'ёзная праца, прыкладзены вялікія намаганні. Цагляны мур рабілі ўсім горадам, людзей збіралі з усіх прадпрыемстваў. Аб'ект фінансаваўся і за кошт епархіі, і за бюджэтныя сродкі. Вельмі за яго балеў душой Барыс Батура. Калі б з фінансаваннем не было праблем, мы б яго хутчэй пабудавалі. А так даводзілася перыядычна здымацца з аб'екта, а потым вяртацца на яго зноў. Затое цяпер прыемна глядзець на гэты твор мастацтва. Сабор — сапраўднае ўпрыгажэнне горада.

— Аб'ект не тыпавы, можна сказаць, адзінкавы ў пэўным сэнсе, — дадае намеснік генеральнага дырэктара Будтрэста №17 Аляксей Чудакоў. — Там натуральная вентыляцыя, не патрэбна наогул ніякага кандыцыянавання. Летам пастаянная тэмпература каля плюс 16 градусаў. Прадугледжана сістэма ацяплення.

Храм адкрыўся, але наперадзе яшчэ шмат працы. Пакуль пастаўлены толькі цэнтральны іканастас, трэба зрабіць яшчэ левы і правы. Дарэчы, над алтарнай перагародкай працавалі беларускія разьбяры пад кіраўніцтвам Міхаіла Юрэвіча. Іконы вырабляліся таксама ў Мінску ў майстэрнях Свята-Елізавецінскага манастыра. Працягваюцца работы ў падвальных памяшканнях, дзе плануецца размясціць бібліятэку і нядзельную школу. Але з часам для іх, магчыма, з'явяцца асобныя пабудовы. І не перашкодзіла б пабудаваць адпаведную званіцу. Кажуць, яна будзе вышэйшай за храм.

— Нічога страшнага ў тым, што працы працягваюцца, няма, — аптымістычна кажа намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Вунь знакаміты Кёльнскі сабор наогул 700 гадоў будаваўся. Наш — усяго 14. Але калі мы адразу ўзялі такую высокую ноту, трэба адпавядаць гэтаму тону і далей.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.