Вы тут

Найперш ты — чалавек


Наша альтэрнатыва міжнароднай праграме.

Дачакаліся — і ў гэтым няма іроніі. Сёлетняе адкрыццё айчыннага прыхільніка тэатра: беларуская праграма міжнароднага фестывалю «ТэАрт» (пра міжнародную мы паведамлялі на мінулым тыдні). Не проста некалькі спектакляў, адмыслова створаных пад фармат фестывалю, а менавіта паўнавартасная праграма, у якой больш за 10 назваў. Адкрыццё №2: яна ўлічыла апошнія пастаноўкі не толькі сталічных тэатраў, але і абласных, што вельмі важна, любіць тэатр (і наведваць яго) можна ў розных рэгіёнах Беларусі. Яна ўлічыла прэм'еры мінулага сезона, пра якія дагэтуль ідзе рэха. Яна ўлічыла нават пастаноўкі сезона новага, то бок знаёміць з прэм'ерамі. Яна ўлічыла і розныя кірункі ў беларускім тэатры, пра актуальнасць і наватарства якіх айчыннаму гледачу яшчэ тлумачыць і тлумачыць, каб прыйшло разуменне: у творцаў ёсць жаданне развівацца і спрабаваць розныя формы, справа за публікай, якая б падтрымала.

15-15

Насамрэч каб інтарэсы і жаданні тэатраў і публікі не існавалі асобна, каб на прыкладзе лепшых замежных пастановак глядач вучыўся разумець тэатр як мастацтва, і пачаў ладзіцца гэты фестываль. Але справа пайшла далей, таму што заварушыліся айчынныя майстры, аўтары, рэжысёры, у якіх ёсць жаданне выказацца пра наша сучаснае жыццё сваёй асаблівай мовай. І ў сувязі з тым, што сёлета не будзе ўручэння Нацыянальнай тэатральнай прэміі, дзе ёсць магчымасць паглядзець найлепшыя спектаклі Беларусі, «ТэАрт» зрабіў выдатную справу, ніколькі не парушыўшы свой фармат.

Памятаеце, у міжнароднай праграме мы вылучалі асобную тэму «класікі» на сучаснай сцэне. І ў нас яна ёсць — некалькі спектакляў. Нават зварот да Чэхава. У мінулым сезоне адразу некалькі «Чаек» прыляцелі ў нашы тэатры. Фестываль абраў з іх тую, што ідзе ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, у адмысловым і зусім некласічным прачытанні расійскага рэжысёра Іскандэра Сакаева гэта гучыць так: «Чэхаў. Камедыя. Чайка». Яшчэ адна добра вядомая п'еса Максіма Горкага «На дне» знайшла ўвасабленне ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы ў пастаноўцы Цімафея Ільеўскага. Той выпадак, калі класіка, здаецца, будзе актуальная праз саму тэму, вострасацыяльную па сутнасці. Таму чаго здзіўляцца, што героі «пасучаснелі» і жывуць недзе ў звычайным прахадным гарадскім двары, дзе на вачах у іншых людзей могуць разгортвацца чалавечыя драмы. А вось Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадстаўлены адразу двума спектаклямі, праўда, вельмі адметнага рэжысёра Саўлюса Варнаса, які таксама звяртаецца да чалавечага свету ў «Жаніцьбе» Гогаля і ў пастаноўцы «У маленькай сядзібе» (паводле Станіслава Віткевіча), якая накіравана на тое, каб абудзіць у людзях захапленне.

Натуральна, што тэатр накіраваны на тое, каб выклікаць захапленне.
І з беларускіх тэатраў найлепш гэта атрымліваецца ў лялечных. Ці ўмоўна лялечных, таму што людзі і лялькі ў іх, як правіла, узаемадзейнічаюць. Асабліва гэта тычыцца спектакляў Аляксея Леляўскага, які прадумвае канцэпцыю пастаноўкі такім чынам, каб увядзенне лялек было вельмі лагічна абгрунтавана (а не толькі таму, што трэба апраўдваць назву тэатра). Сёлета «Тэарт» абраў для паказу адразу дзве пастаноўкі Леляўскага, праўда, у розных тэатрах. «Самазванец» (паводле «Барыса Гадунова» Аляксандра Пушкіна) створаны ў Брэсцкім абласным тэатры лялек. Гісторыя пра тое, як забітага царэвіча імкнуліся падмяніць ілжэ-Дзімітрыем. Драматычная, як у Пушкіна. І ў сваёй сур'ёзнасці недзе камічная, як у Леляўскага. Што ўжо казаць тады пра мальераўскага «Тарцюфа» ў яго інтэрпрэтацыі! Нават жанр пастаноўкі вызначаны як «камедыя эпохі абсалютызму і рэпрэсій». Леташні трыумфатар у «лялечнай намінацыі» Нацыянальнай тэатральнай прэміі Аляксей Леляўскі і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек паказваюць, як можа сучасна ўспрымацца вось такая, здавалася б, класічная п'еса. Наогул, нашы лялечныя тэатры ўмеюць эксперыментаваць, быць канцэптуальнымі і казаць разумныя рэчы, нездарма яны частыя госці на міжнародных фестывалях у іншых краінах.

І ўсё ж — пра эксперымент, ці пра жаданне беларускага тэатра ўзрушваць. Асабліва зацікаўленым варта звярнуць увагу на пастаноўку «Ілюзіі» паводле Івана Вырыпаева, створаную рэжысёрам Таццянай Траяновіч. Не толькі таму, што яна пра тое, на чым трымаецца свет — каханне (і любоў), давер і крохкасць адносін. Гэта сумесны праект Цэнтра сучасных мастацтваў і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пластычны тэатр «Інжэст» — эксперымент па сутнасці заўсёды. Да таго ж, пастаянны ўдзельнік беларускай праграмы «ТэАрт». Сёлетняя пастаноўка не новая, але ўжо правераная: гэта «Доступ да цела», створаная для Вячаслава Іназемцава (на яго юбілей) ім жа самім. Працяг «пластычнай тэмы» — «Oratorіum» з Магілёва. «Лабараторыя фігур Оскара Шлемера» прадстаўляе танец пад стук сэрца — сімвал жыцця. І яшчэ ў нас ёсць Тэатр танца «КARAKULІ». Але нам прапануюць прэм'еру «Vasen-Extasen» у пастаноўцы Вольгі Лабоўкінай. Перформанс на тэму «свядомае—бессвядомае» прадстаўлены на мове цела. І ў падтрымку ў той жа вечар новы спектакль Яўгена Карняга (свежая вераснёўская прэм'ера) у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек «Інтэрв'ю з вядзьмаркамі». Карняг даследуе сур'ёзныя тэмы, вельмі драматычныя і заўсёды актуальныя ў беларускай рэчаіснасці. Цікава, асабліва ў кантэксце таго, што свае гісторыі будуць распавядаць цені.

Ну, і як жа без сучаснай драматургіі? Было б нелагічна абысціся ў беларускай праграме без таго, што ёсць і клопат, і чаканне айчынных, найперш маладых, гледачоў. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі зноў звяртаецца да рэальных людзей і іх гісторый, «ідзе ў народ», каб спасцігнуць сутнасць жыцця звычайных людзей, адчуць, чым яны дыхаюць, што іх турбуе. Дзмітрый Багаслаўскі і Аляксандр Марчанка прадстаўляюць пастаноўку «Мабыць», пра якую мы ўжо распавядалі. І яшчэ пра нас, пра сучасных людзей, якія могуць мець розныя прафесіі. Але ці гэта важна? П'есу Віталя Каралёва «Участковыя, ці Пераадольнае супрацьдзеянне» прадстаўляе рэжысёр Алена Сілуціна і Цэнтр беларускай драматургіі пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Усё дзеля таго, каб нагадаць: кім бы ні быў, найперш ты — чалавек. Сучасны тэатр пра гэта проста крычыць. Прычым, у розных краінах. І мы крычым, каб пачулі, прыйшлі паглядзець. І можа быць, пайшлі іншымі людзьмі. Час вывучаць афішу фестывалю.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?