Вы тут

Ліхаманка «чорнага золата»


Чаму прапанова нафты перавышае попыт?

Увесь мінулы тыдзень нафтавыя катыроўкі вагаліся каля псіхалагічнай адзнакі 50 долараў за бараль (для параўнання, у ліпені мінулага года, калі цэны пайшлі ўніз, бараль каштаваў прыкладна $110). У аўторак (11 жніўня) кошт паўночнаморскай нафты Brent (менавіта да яе прывязана цана расійскай Urals) складаў $48,93 (-2,94%). Напачатку мінулага тыдня WTІ дасягнула шасцігадовага мінімуму, Brent — васьмімесячнага. Пасля катыроўкі пайшлі ў рост: кошт вераснёвых ф'ючарсаў на паўночнаморскую сумесь Brent павялічваўся на 0,71% — да 49,53 долара за бараль. Цана на WTІ ўздымалася на 1,83% — да $43,87. А пасля катыроўкі зноўку «мінусавалі»... Дык што ж адбываецца з «чорным золатам» і чаго чакаць у далейшым?

Ку­вейт атры­маў ад ана­лі­ты­каў най­мен­шы ўзро­вень ры­зы­кі.

Ку­вейт атры­маў ад ана­лі­ты­каў най­мен­шы ўзро­вень ры­зы­кі.

 

Шалёная хуткасць

Сусветная прапанова нафты працягвае расці з «шалёнай хуткасцю», што канстатуе Міжнароднае энергетычнае агенцтва (МЭА) у сваёй справаздачы. МЭА палепшыла прагноз па сусветным попыце на нафту ў 2015-м да пяцігадовага максімуму. Паводле прагнозу, сёлета вытворчасць узрасце на 1,6 млн бараляў у дзень — да 94,2 млн. Гэта самы хуткі тэмп росту адпаведнага паказчыка за апошнія пяць гадоў і на 0,2 млн бараляў у дзень перавышае папярэдні прагноз.

Прычынамі такога перагляду, па словах аналітыкаў агенцтва, сталі стабілізацыя эканамічнага росту і рэакцыя спажыўцоў на зніжэнне цэн на нафту. «Нягледзячы на тое, што працэс аднаўлення балансу відавочна пачаўся, ён, напэўна, працягнецца, бо перанасычэнне прапановы будзе захоўвацца ў 2016 годзе, што прывядзе да далейшага павелічэння сусветных запасаў нафты», — адзначаецца ў паведамленні МЭА.

Эксперты падкрэсліваюць: павелічэнне прапановы на рынку энергарэсурсаў можна расцэньваць як станоўчы фактар толькі ў тым выпадку, калі сусветная эканоміка можа забяспечыць гэтыя аб'ёмы адпаведным попытам. Па словах кіраўніка аналітычнага дэпартамента AMarkets Арцёма Дзеева, зараз рынак вуглевадародаў перанасычаны, сусветная эканоміка згасае, а ключавыя вытворцы не хочуць браць на сябе адказнасць за стабілізацыю цэн праз забеспячэнне раўнавагі паміж попытам і прапановай. У выніку нафта захоўвае паніжальны імпульс.

Апроч таго, Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) заявіла пра павелічэнне здабычы на 101 тыс. бараляў нафты ў дзень — да 31,51 млн. У выніку ўзровень дасягнуў трохгадовага максімуму. Гэты паказчык таксама перавысіў уласную заяўленую квоту арганізацыі па здабычы — 30 млн бараляў у дзень.

«Кошык» значна патаннеў

Рынак сусветных цэн на нафту ўжо год перажывае адзін з наймоцных спадаў. З пачатку лета 2014-га да пачатку гэтага года цэны на «чорнае золата» абваліліся больш чым удвая — да 45 долараў за бараль маркі Brent. Пад канец студзеня — у пачатку лютага «цэннікі» на нафту сталі падрастаць — да ўзроўню ў $60 за бараль той жа Brent. Пасля на рынку зноў абазначыўся спад.

На пачатку мінулага тыдня WTІ дасягнула шасцігадовага мінімуму, Brent — васьмімесячнага. Праз некалькі дзён цэны на нафту пачалі расці, дэманструючы станоўчую дынаміку. Гэтая тэндэнцыя пакуль няпэўная, аднак эксперты выказваюць асцярожны аптымізм адносна сітуацыі на рынку нафты.

Генеральны сакратар Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) Абдала аль-Бадры заявіў, што не чакае далейшага падзення цэн на «чорнае золата». Як вядома, у склад картэля ўваходзяць 12 краін — Саудаўская Аравія (сорт нафты Arab Lіght), Алжыр (Saharan Blend), Нігерыя (Bonny Lіght), Ангола (Gіrassol), Эквадор (Orіente), Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (Murban), Іран (Іran Heavy), Ірак (Basra Lіght), Кувейт (Kuwaіt Export), Лівія (Es Sіder), Венесуэла (Merey), Катар (Qatar Marіne). Даказаныя запасы нафты гэтых дзяржаў увогуле складаюць каля 1,2 трыльёна бараляў. Картэль кантралюе каля 2/3 сусветных запасаў «чорнага золата». На іх долю прыпадае 35 працэнтаў сусветнай здабычы, а таксама палова экспарту нафты.

Крыху пра дынаміку цэн на «чорнае золата». Летась кошт нафтавага «кошыку» (вызначаецца як сярэдні кошт сартоў нафты, якая здабываецца краінамі картэля) складаў 96,29 долара, у 2013 годзе — $105,87, у 2012-м — $109,45, у 2011-м — $107,46. Рэкорд быў устаноўлены 3 ліпеня 2008 года, калі бараль «важыў» 140,73 долара. Так што можна лёгка супаставіць гэтыя лічбы з сённяшнімі і прыкінуць памер страт. Многія ўдзельнікі рынку ўскладалі надзеі на АПЕК у пытанні падтрымання цэн на нафту пры прыняцці адпаведных рашэнняў пра квоты на здабычу. Аднак цяпер відавочна, што зніжаць аб'ёмы картэль не плануе. Наадварот — квота была перавышана.

Наф­та­вы ры­нак на спа­дзе.

Наф­та­вы ры­нак на спа­дзе.

 Наф­та­вы ры­нак на спа­дзе.[/caption]

 

Вяртанне Ірана

Вельмі важная навіна для нафтавага рынку: у Вене «шасцёрка» (ЗША, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Кітай і Расія) і Іран дасягнулі пагаднення па ўрэгуляванні іранскай ядзернай праграмы. Паводле дакумента, Іран адмаўляецца ад узбагачэння ўрану ў абмен на скасаванне міжнародных санкцый. Зрэшты, ядзернае пагадненне павінна яшчэ быць верыфікавана Міжнародным агенцтвам па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ), на што пойдзе некалькі месяцаў.

Аднак рынак адрэагаваў імгненна — літаральна на наступны дзень пасля з'яўлення інфармацыі аб зняцці санкцый «цэннік» на нафту маркі Brent пачаў змяншацца. Прычым «мінус» склаў каля 9 долараў. А на пачатку жніўня кошт за бараль Brent зменшыўся ніжэй за адзнаку $50 — упершыню са студзеня.

Пасля таго, як здымуць санкцыі, пастаўкі іранскай нафты на сусветны рынак значна вырастуць, што абрыне цэны. Паводле прагнозу, здабыча нафты павялічыцца на 1 млн бараляў у суткі. Па ацэнках экспертаў, $45 за бараль — яшчэ аптымістычны прагноз. Прыток новай сыравіны з Ірана абваліць цэны на 14% — так лічаць у Сусветным банку.

Да ўвядзення санкцый Захаду гэтая краіна здабывала каля 4,2 млн бараляў у суткі, накіроўваючы на экспарт 2,5 млн. Падчас дзеяння абмежаванняў замежныя пастаўкі зменшыліся да 1,1 млн бараляў у дзень, ішла гэтая нафта ў краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Іран ужо заяўляў, што пасля скасавання санкцый гатовы цягам пяці-шасці месяцаў нарасціць здабычу з 2,87 млн бараляў яшчэ на 1 млн бараляў у суткі. А да 2018 года, як заўважыў іранскі міністр нафты Біжар Намдар Зангене, краіна будзе штосутачна здабываць 5,7 млн бараляў.

Дарэчы, яшчэ ў 2013 годзе Іран абвясціў пра адкрыццё буйных запасаў нафты — каля 18,6 млрд бараляў (каля 2,55 млрд тон). Па словах Зангене, для вяртання на рынак Ірану «не трэба ніякае рашэнне АПЕК». «Гэта наша права, мы былі абмежаваны санкцыямі, і гэта зусім нармальна, калі мы вернемся на рынак з узроўнем, які быў у нас да санкцый, — заявіў Зангене. — Мы пачнём павялічваць вытворчасць адразу пасля зняцця санкцый».

Востра стаіць пытанне наконт таго, будзе Іран нарошчваць вытворчасць і экспарт нафты ў рамках квот АПЕК ці выйдзе за іх. Пры першым сцэнарыі сярод членаў картэля развернецца канкурэнтнае змаганне за долю рынку. Па словах партнёра Rusenergy Міхала Круціхіна, у Ірана ўжо цяпер назапашана ад 35 млн да 70 млн бараляў сырой нафты, якую ў кожны момант можна выпусціць на рынак, як толькі будуць зняты абмежаванні.

У змаганні за долю рынку краіна будзе дэмпінгаваць, што зробіць дадатковы ціск на сусветныя нафтавыя цэны. Па словах Круціхіна, раўнаважная рынкавая цана ў выпадку выйсця Ірана — $45 за бараль, але катыроўкі могуць «нырнуць» яшчэ глыбей, бо да рынкавых фактараў далучацца псіхалагічныя (сярод іх — чаканні прадаўцоў нафты).

«Рэйтынг болю»

Міністры нафтавай прамысловасці краін — членаў АПЕК планавалі сабрацца ў штаб-кватэры картэля ў Вене 4 снежня. Аднак агенцтва Bloomberg паведаміла са спасылкай на міністра энергетыкі Алжыра Салаха Кэры пра магчымасць правядзення пазачарговай сустрэчы. Прычына — велізарныя страты краін — членаў АПЕК.

Іх нясуць усе вытворцы нафты, але з розных прычын «пакутуюць» праз новы абвал цэн яны па-рознаму. Аналітыкамі RBC Capіtal Markets складзены «рэйтынг болю» членаў АПЕК на наступны год. «Рэйтынг болю» вельмі розны, — напісала ў сваёй справаздачы кліентам кіраўнік аддзела сыравіны гэтай арганізацыі Холма Крофт. — Члены АПЕК пакутуюць, але пакутуюць па-рознаму».

Краіны меншыя і багацейшыя лягчэй пераносяць сённяшні абвал цэн. Краінам большым і бяднейшым даводзіцца цяжэй. Асабліва складана тым, у каго пры гэтым яшчэ і няма стабільнасці. Цікавы «рэйтынг болю» быў састаўлены на аснове 10-бальнай шкалы. Самую нізкую рызыку налета аналітыкі прагназуюць у Кувейта. У гэтай маленькай дзяржавы ёсць нядрэнныя магчымасці змякчыць удары і наступствы эканамічных бур і палітычных узрушэнняў. Аднак аналіз паказвае, што Кувейт нясе цяпер вялікія страты з прычыны вялікай залежнасці ад нафты. Яго прыбыткі на 94% залежаць ад «чорнага золата».

Сярод тых, хто найменш пакутуе ад сённяшняй сітуацыі, — Катар. Тут невялікая колькасць жыхароў і шмат карысных выкапняў. Гэта дазваляе краіне займаць адно з першых месцаў у свеце па ВУП на душу насельніцтва. Таксама варта дадаць, што акцэнт у Катары зроблены на вытворчасць звадкаванага газу. У тройку найменшых «пакутнікаў» уваходзяць таксама Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. «ААЭ купаецца ў грашах і мае пры гэтым маленькае насельніцтва», — адзначае Холма Крофт. І ўсё ж мінулы год быў для краіны нялёгкім. Урад абвясціў пра зніжэнне выдаткаў на 4,2% і зменшыў субсідыі на паліва.

Ірак атрымаў ад аналітыкаў RBC Capіtal Markets найвышэйшы ўзровень рызыкі на наступны год — 10 балаў. «Ірак можа служыць прыкладам разыходжання паміж палітычнай стабільнасцю і нафтавымі багаццямі, — піша ў сваёй справаздачы для кліентаў Холма Крофт. — Здабыча нафты б'е рэкорды, а эканамічнае становішча і асабліва сітуацыя з бяспекай працягваюць пагаршацца».

10 балаў па рызыцы паставілі і Лівіі. Эксперты заўважаюць, што становішча ў краіне застаецца надзвычай нестабільным. «Увогуле, мы бачым вельмі мала перадумоў спадзявацца, што сітуацыя ў Лівіі істотна палепшыцца, — упэўнена Крофт. — Наўрад ці варта чакаць вяртання ў хуткай будучыні лівійскіх бараляў на рынак».

Выхад на шэльф

І напрыканцы крыху пра сітуацыю з «чорным золатам» у Расіі. У Мінэнерга Расійскай Федэрацыі па выніках 2015 года чакаюць, што ў краіне будзе здабыта 530 млн тон, тады як летась гэтая лічба склала 526,8 млн тон. Пры гэтым аб'ёмы экспарту нафты таксама павялічацца ў сярэднім на 5-10 млн тон да ўзроўню папярэдняга года (у 2014-м на экспарт адправілі 223,4 млн тон).

«Улічваючы сённяшнія абставіны, вельмі лагічным было б паступова змяншаць аб'ёмы выпрацоўкі нафты ў краіне, чаго не адбываецца. Звязана гэта з тым, што аднаасобна расійскія вытворцы не змогуць аднавіць ранейшыя цэны на нафту, нават калі вытворчасць будзе зніжана ўдвая. У гэтым выпадку Расія проста страціць уласную долю рынку і яе тут жа зоймуць вытворцы з АПЕК. Дапусціць гэтага нельга. Іншымі словамі, пакуль нафтавы картэль вырабляе больш за 30 млн бараляў у суткі, расійскім нафтавікам таксама даводзіцца нарошчваць вытворчасць, ігнаруючы пры гэтым зніжэнне цэн», — растлумачыў сітуацыю кіраўнік аналітычнага дэпартамента AMarkets Арцём Дзееў.

Як адзначаюць спецыялісты, для захавання высокага ўзроўню нафтаздабычы кампаніям усё вастрэй патрабуецца асвойваць новыя рэгіёны з дрэнна развітай інфраструктурай, павялічваць каэфіцыент вымання нафты і актыўней задзейнічаць цяжкавымальныя запасы, выходзіць на кантынентальны шэльф.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnov@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.