Вы тут

Мая школа — мая крэпасць


Электронная картка «сябруе» з вучнямі, але можа і бацькам «паскардзіцца».

18-29

18-29

 

Вобраз вучня з велізарным ранцам за плячыма, набітым кілаграмамі кніг і сшыткаў, «ссабойкамі» ды зменным абуткам, з цягам часу канчаткова знікне, як зніклі некалі прамакаткі са сшыткаў, і саступіць месца тыпажу «маленькага дарослага» з невялічкай сумачкай, у якой будуць вольна пачуваць сябе планшэт, мабільнік і электронная картка навучэнца.

Апошняй, дарэчы, ужо карыстаюцца ў 12 сталічных і 6 гомельскіх сярэдніх навучальных установах, далучаных да праграмы «Электронная школа». Чакаецца, што ў верасні ў Мінску яшчэ тры школы стануць «электронна падкаванымі».

Чатыры ў адным

Картка навучэнца — гэта самая сапраўдная картка Беларусбанка, якая бясплатна «прывязваецца» да рахунку аднаго з бацькоў. На ёй змешчаны здымак вучня і яго ідэнтыфікацыйны нумар. Гэта адначасова і пропуск у школу, і білет чытача, і сродак аплаты, і праязны ў транспарце.

— Электронная картка навучэнца задумвалася найперш дзеля бяспекі дзяцей, а таксама фарміравання ў іх фінансавай адукаванасці і культуры. Акрамя таго, гэта дапамагае выхаванню самастойнасці і адказнасці, — зазначыла Наталля Сакалова, начальнік Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Зручна гэта і для персаналу школы — паводле звестак пропуска адразу відаць, хто прысутнічае, на колькі чалавек накрываць сталы да абеду.

З дапамогай карткі вучні праходзяць не толькі ў школу, але і ў камп'ютарны клас або лінгафонны кабінет — па даных пропуска яму вызначаецца месца ў кабінеце. У бібліятэцы па электронным каталогу вучань выбірае патрэбныя яму кнігі, зноў жа па картцы заказвае ўсё неабходнае — і ніякіх табе папяровых фармуляраў.

Каб пацвердзіць права на бясплатны праезд, школьніку дастаткова паказаць картку замест адпаведнай паперкі. Аднак у перспектыве плануецца надаць ёй магчымасць «адбівацца» на валідатары.

Бадай, самая цікавая функцыя карткі — аплата буфетных прысмакаў: калі дзеці не проста набываюць тое, што выбралі, але яшчэ і пін-код уводзяць. Комплекснае ж «гарачае» харчаванне бацькі аплачваюць асобна.

— Трэба дадаць, што магчымасці карткі не ва ўсіх школах рэалізуюцца на 100% — дзесьці ў электронны каталог не ўнесены бібліятэчныя кнігі, дзесьці не хапае камп'ютарнага абсталявання, але гэта ўжо асобныя моманты няпоўнага тэхнічнага напаўнення ўстановы адукацыі, — адзначае Таццяна Янушкевіч, прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Іншая справа — пераканаць бацькоў, што наяўнасць карткі — гэта, найперш, бяспека дзяцей і зручнасць. Некаторыя бацькі спачатку адмаўляюцца па нейкіх сваіх меркаваннях, але калі іх Саша ці Маша, вярнуўшыся са школы, будуць расказваць, як зручна стала іх аднакласнікам, то, думаю, з часам усе пяройдуць на карткі.

Наяўныя грошы ў школе не патрэбны

«Гарачае» комплекснае харчаванне бацькі аплачваюць авансам, пры гэтым тэрмін яны вызначаюць самі: месяц, тыдзень або нават некалькі дзён. Магчымасць аплаціць «дзіцячую ежу», увёўшы нумар карткі вучня ў спецыяльную графу, створана зараз у любым інфакіёску Беларусбанка. Аднак гэтая паслуга даступна толькі для тых бацькоў шкаляроў, установы якіх падключаны да сістэмы «Электронная школа». Для астатніх па-ранейшаму разлік адбываецца з дапамогай папяровых грошай. Пры адсутнасці вучня ў школе робіцца пераразлік.

— Грошы на гарачае харчаванне не знаходзяцца як наяўнасць на картцы дзіцяці, а аўтаматычна спісваюцца з аплачанага бацькамі рахунку падчас кожнага сталавання, — патлумачыла Наталля Сакалова. — Гэта зроблена спецыяльна, каб не карыстацца кожны раз пропускам, бо інакш узніклі б такія чэргі, што вучні проста не паспявалі б абедаць.

Прагульшчыкі перавяліся

Некаторыя практычныя моманты карыстання карткай акрэсліла Галіна Чарнак, дырэктар сталічнай сярэдняй школы №51, дзе праект апрабоўваецца ўжо два гады.

— Калі картка засталася дома, вучня пусцяць у школу, пасля чаго ён павінен папярэдзіць пра гэта дзяжурнага адміністратара, які падрэгулюе базу звестак, каб навучэнец не застаўся без абеду і не лічыўся прагульшчыкам.

Пропуск дысцыплінуе дзяцей не прагульваць і прыходзіць без спазненняў, інакш бацькі адразу атрымаюць СМС і малога дома будуць чакаць разборкі... А каму гэтага захочацца? Паслуга апавяшчэння ў мабільных аператараў платная, і бацькі заказваюць яе па жаданні, а не па абавязку.

Пакуль ідуць урокі, мы лічым за лепшае, каб дзеці не выходзілі на двор нават на вялікай перамене — у нас дастаткова абсталявання для адпачынку і ўнутры будынка. Такім чынам вырашаецца і пытанне барацьбы з курэннем старшакласнікаў.

Нягледзячы на, здавалася б, жорсткую сістэму кантролю, вучням вельмі падабаецца быць «дарослымі», і яны хутка прызвычайваюцца. Калі мы толькі пачыналі карыстацца карткамі, у буфеце дзеці стаялі ў чарзе і ў кожнага ў руках была паперка з пін-кодам. Праз колькі дзён заўважыла, што дзеткі малодшых класаў спраўляюцца ўжо без яе, а старэйшыя ўсё яшчэ для напаміну трымаюць. Так што дзеці з маленства цудоўна адаптуюцца да новай сістэмы і гэта не выклікае ніякіх цяжкасцей.

Бацькам уваход забаронены!

Уваход у школу з увядзеннем картак узняў на новы узровень пытанне бяспекі, і трапіць ва ўстанову чужому цяпер амаль немагчыма: яна або зачынена на замок адразу на ўваходзе, або ля турнікета знаходзіцца пільны вахцёр. Каб увайсці, напрыклад, бацькам, ім трэба клікаць дзяжурнага, распісвацца ў журнале, указваць мэту прыходу, выклікаць дзіця... На такое адважышся толькі ў выпадку крайняй патрэбы.

— Карткі для бацькоў па праекце адразу не прадугледжваліся, гэта не патрэбна. Калі тэрмінова трэба штосьці перадаць, калі ласка, звяртайцеся да вахцёра, — дадае Таццяна Янушкевіч. — Я назірала, як гэтая сістэма працуе ў Маскве. Там бацькі чакаюць дзяцей, стоячы па-за турнікетам, ніводзін не імкнецца прайсці за яго і гэта ўспрымаецца нармальна.

Настаўнікі таксама карыстаюцца карткамі — тут няма фота і прозвішчаў, але адзначаецца час прыходу і выхаду з працы, так што ім катэгарычна не рэкамендуецца забывацца картку, каб потым не даказваць уласную наяўнасць на працоўным месцы.

Настаўнік будзе вучыць па-іншаму

З развіццём тэхнічных сродкаў мяняецца і стаўленне да іх. У школах ужо не глядзяць з дакорам на мабільнікі першаклашак, а распрацоўваюць сістэму, згодна з якой ёсць адведзены на размовы час.

— Мы ўжо ідзём да таго, што хутка індывідуальныя прылады таксама стануць сродкам навучання. Тыя ж планшэты і мабільныя тэлефоны. Я памятаю, што нейкіх там 50 гадоў таму пісала пяром з зорачкай, і для нас гэта было нармальна. На яго трэба было націскаць, каб почырк быў прыгожы, і я так націснула аднойчы, што тая рысачка ледзьве не 5міліметраў шырынёй атрымалася, пасля чаго я прамакаткай расцерла гэта так, што ўвесь ліст ссінеў. Зараз жа ў школьнікаў ёсць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, і імі трэба ўмець карыстацца для асабістага развіцця і адукацыі, — распавяла прарэктар. — Роля настаўніка таксама зменіцца — ён ужо не будзе простым перадатчыкам ведаў, а стане своеасаблівым каардынатарам і кансультантам, здольным навучыць дзяцей самастойна знаходзіць патрэбную інфармацыю, даследаваць яе і карыстацца ёй. Так што мяняецца ўжо сама сутнасць працэсу навучання.

Бяспека — не дзеля моды

Пры жаданні любая навучальная ўстанова рэспублікі можа далучыцца да праграмы «Электронная школа», не чакаючы чаргі і бюджэтных сродкаў, абы былі грошы на ўдасканальванне інфраструктуры школы з адпаведным матэрыяльна-тэхнічным абсталяваннем. Так, у Гомельскай вобласці каля дзясятка школ ужо далучыліся да праекта.

За сродкі бюджэту, бацькоў і спонсараў некаторыя школы ў Гомелі, Мазыры і Калінкавічах павысілі свой статус і па бяспецы, і па ўзроўні адукацыі.

— Мы поўнасцю падтрымліваем новыя пачынанні, але не патрабуем фарсіраваць падзеі. Кожны дырэктар школы дзейнічае па магчымасці і неабходнасці, а не дзеля моды, — зазначыў Сяргей Парошын, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. — Напрыклад, у мікрараёне Нова-Беліцы ў Гомелі ў школе №73 увялі сістэму пропускаў, бо ўстанова знаходзіцца ў лясным масіве. Для вёскі, дарэчы, гэта не вельмі актуальна, бо там у школах, па-першае, не так шмат дзяцей, а па-другое, усе ведаюць адно аднаго і бяспека кантралюецца непасрэдна самімі людзьмі.

Рэгіянальны пілотны праект «Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій» рэалізуецца ў Мінску з верасня 2013 года дзякуючы намаганням Беларусбанка, дзевяці камбінатаў школьнага харчавання, Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку, устаноў адукацыі, Камітэта па адукацыі, Цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі НАН Беларусі, Мінгарвыканкама.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».