Вы тут

Паўабаронца ФК «Мінск» Нікола Лукіч: «У Беларусі любяць гуляць у атакуючы футбол»


Беларускі футбол, жыццё ў Мінску, любімае месца адпачынку. Сербскі паўабаронца "Мінска" расказаў аб сваім беларускім жыцці.

18-23

— Нікола, ведаю, што ў Беларусі ты ўжо год. Як трапіў у наш футбол?

— Дзякуючы свайму агенту. Ён прыехаў у Сербію глядзець гульцоў «Црвены Звезды», «Партызана» і вырашыў наведаць матч з удзелам «Бежаніі», за якую гуляў Срджан Астоіч, былы футбаліст салігорскага «Шахцёра», «Гомеля». З яго камандай сустракалася мая, і ў выніку Русецкі мяне заўважыў. Пасля сустрэчы мы пазнаёміліся. Ён спытаў, ці хацеў бы я паехаць у Беларусь. Я адказаў, што калі каманда будзе добрай, я не супраць. Дарэчы, крыху раней я гуляў за каманду «Раднічкі» з Ніша, мог пераехаць у бельгійскі «Кортрэйк». Добры варыянт, аднак я быў пасля траўмы, перайсці ў бельгійскі клуб не атрымалася. Потым я пакінуў каманду і вярнуўся ў той самы «Металац», з якім тады якраз сустракалася «Бежанія».

А пачаў займацца футболам з другога класа ў сваім родным гарадку Сурчын, што непадалёк ад Бялграда. Пасля мяне забралі ў дзіцячую каманду «Црвены Звезды». Ну, а на дарослым узроўні я дэбютаваў у складзе «Земуна».

— Час, які прыпаў на тваё дзяцінства, для Сербіі быў вельмі складаным. У 1999 годзе Бялград пачалі бамбіць войскі НАТА.

— Так, але шмат я не помню. Помню, што для Сербіі, Бялграда і маёй сям’і перанесці ўсё гэта было цяжка. І дзякуй Богу, што гэта ўжо гісторыя. На пачатку тых падзей я быў разам з бацькамі ў Сурчыне, але пасля з’ехаў з маці ў Пірат, дзе жывуць яе сваякі. Там было больш спакойна і бамбёжкі я не заспеў. Хаця па Сурчыну таксама стралялі, але наш дом застаўся цэлы.

* * *

— Калі параўнаць чэмпіянат Сербіі і Беларусі, да якіх прыйдзеш высноў?

— У вашай краіне найлепшыя каманды БАТЭ , «Дынама», «Шахцёр», у Сербіі — «Црвена Звезда», «Партызан», «Вайводзіна» і «Чукарычкі». Астатнія клубы прыкладна роўнага ўзроўню. У Беларусі гуляюць больш у атакуючы футбол. Гэта відаць і па нашай камандзе, якая забівае даволі шмат. А сербскія трэнеры любяць гуляць тактычна, з улікам лічбаў на табло. У нашай краіне не такія добрыя футбольныя палі, як у вас. Балельшчыкаў на матчы першынства Сербіі прыходзіць няшмат. Гэта не тычыцца толькі сустрэч «Црвены Звезды» і «Партызана», а таксама хатніх матчаў "Вайводзіны" і каманды «Нові-Пазар». Сітуацыя з наведвальнасцю прыкладна такая, як і ў Беларусі.

Акрамя таго, дадам, што ў Сербіі вельмі шмат таленавітых, тэхнічных футбалістаў. Шмат іх гуляе і ў Заходняй Еўропе. У розных еўрапейсках камандах выступаюць і мае сябры. Хто? Напрыклад, Стэфан Мітравіч, які некалі падпісаў кантракт з «Бенфікай», а цяпер ён у нямецкім «Фрайбурзе».

— Апошнім часам твае суайчыннікі даволі ахвотна едуць гуляць у Беларусь.

— Так, і едуць сюды таму, што тут умовы лепшыя, чым у Сербіі. У «Шахцёры» гуляе мой сябар Неманья Човіч, у БАТЭ — Філіп Младэнавіч, Неманья Мілунавіч, за «Дынама» — Ненад Адамавіч, з якім гулялі разам у Сербіі. З усімі імі я знаёмы. Галоўным трэнерам «дынамаўцаў» з’яўляецца таксама наш суайчыннік — Вук Рашавіч.

— Між іншым, калі сам ляцеў да нас, што ведаў пра Беларусь?

— Тое, што Беларусь, Сербія і Расія — братэрскія славянскія краіны. Я быў упэўнены, што ў мяне праблем тут не будзе. Так яно і сталася. Мне ў вас падабаецца. Пра беларускі футбол ведаў няшмат. Ведаў, што БАТЭ, «Шахцёр» і «Дынама» кожны год гуляюць у еўракубках. Можа таму, што барысаўчане будуць гуляць з «Партызанам» за выхад у Лігу чэмпіёнаў, у газетах цяпер шмат пішуць пра Беларусь. Раней падобнага не было.

— Мінск чым-небудзь Бялград нагадвае?

— Не. Мінск вельмі чысты. У нашай сталіцы сітуацыя крыху іншая.

— Аднак Бялград рэкламуюць як вельмі добры турыстычны горад.

— Так і ёсць, бо горад вельмі прыгожы. Але добра жыць у Сербіі можна толькі тады, калі вы маеце грошы. Калі іх няма, жыць вельмі складана. У нас цэны вышэйшыя за беларускія.

— Сёння наш БАТЭ правядзе першы матч з «Партызанам». Што скажаш пра саперніка беларусаў?

— У гэтай кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў я глядзеў усе матчы бялградскай каманды. І я вам скажу, што «Партызан» упершыню за апошнія гады дэманструе такі хуткі атакуючы футбол. Гэта распачалося з прыходам у клуб трэнера Зорана Мілінкавіча. Шчыра кажучы, БАТЭ будзе вельмі цяжка. Тым больш цяпер, калі каманда саступіла «Дынама» і згуляла ўнічыю з «Гомелем».

— Хто ў «Партызане» з’яўляецца лідарамі каманды?

— Першая зорка клуба — малады Андрыя Жыўкавіч, пераможца маладзёжнага чэмпіянату свету. Калі паглядзець матчы «Партызана», можна заўважыць, што ўся гульня ідзе праз Жыўкавіча, а пасля — праз Стэфана Бабавіча, Дарка Брашанаца. Упэўнены, што на левым фланзе згуляе афрыканец Абубакар Умару, а ў атацы — новы футбаліст, балгарын Валерый Божынаў.

— Многія сербы задаволены тым, што трапілі на БАТЭ. У каментарыях нават праскаквае самаўпэўненасць. Прэзідэнт «Партызана» Зоран Попавіч сказаў, што яго каманда мае не толькі добрыя шанцы на выступленне ў групавой стадыі, але і на выхад з яе.

— «Партызан» сапраўды гуляе добра. І, як мне падаецца, ён адштурхоўваўся выключна ад гэтага, а не ад таго, што каманда трапіла на БАТЭ. Хаця я думаю, што ў «Партызане» задаволены вынікам лёсавання.

— Тое, што Вук Рашавіч, былы трэнер «Партызана», трэніруе цяпер мінскае «Дынама», — гэта дапамога для бялградскай каманды?

— Так. Яго каманда перамагла БАТЭ, і ён ведае, як з барысаўчанамі трэба гуляць. Думаю, ён падзеліцца інфармацыяй аб саперніку з «Партызанам». Тым больш ён працаваў у гэтай камандзе, любіць яе.

— Балельшчыкаў з Сербіі будзе шмат?

— Мне так падаецца. Званілі сябры, яны наогул збіраюцца прыехаць на матч з Бялграда на машыне. Віза сербам для прыбывання ў Беларусі не патрэбна. Без яе тут можна знаходзіцца на працягу месяца.

— І ўсё ж такі, на тваю думку, як будзе складвацца гэтае супрацьстаянне?

— Лічу, што ўсё вырашыцца ў другім паядынку ў Бялградзе.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.