Вы тут

Каб людзі думалі пра ўраджай, а не пра вайну


Таваразварот з Украінай можа вырасці.

«Нашы краіны звязвае шматвяковая гісторыя, гэта шмат да чаго абавязвае», — з гэтых слоў пачалася размова з журналістамі міністра замежных спраў нашай краіны Уладзіміра Макея па выніках перамоў з яго ўкраінскім калегам Паўлам Клімкіным. Нагадаем, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі з афіцыйным візітам знаходзіўся ва Украіне.

«Тое, што нам удалося захаваць дружалюбныя кантакты ў гэты няпросты перыяд, кажа пра многае, — заявіў Уладзімір Макей. — Мы маем намер і надалей выбудоўваць такія адносіны з нашым паўднёвым суседам, з якім нас звязвае больш чым тысячакіламетровая мяжа».

Журналісты цікавіліся ў міністра станам гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Украінай, перспектывамі супрацоўніцтва з улікам таго, што наша краіна — удзельнік Еўразійскай эканамічнай прасторы, а Украіна падпісала пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, пыталіся і пра ўладкаванне мяжы.

Украіна — трэці па значнасці гандлёва-эканамічны партнёр нашай краіны, мы для яе — пяты. У найлепшыя гады ўзаемны таваразварот дасягаў 8 мільярдаў долараў, але па выніках мінулага года ён склаў ужо 6 мільярдаў: сёлета працягвае зніжацца. Адказваючы на пытанне, ці ёсць магчымасць пераламіць тэндэнцыю падзення таваразварота, Уладзімір Макей заўважыў, што такая магчымасць ёсць.

«У апошні час актывізаваліся кантакты на розных узроўнях паміж рознымі міністэрствамі, ведамствамі, паміж прадпрыемствамі для таго, каб аднавіць ранейшы ўзровень таваразвароту», — заўважыў кіраўнік дыпламатычнага ведамства нашай краіны.Як паведаміў Уладзімір Макей, падчас перамоў абмяркоўваліся таксама перспектывы будучага беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння «зыходзячы з таго, што Украіна падпісала пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, а мы з'яўляемся членамі Еўразійскага эканамічнага саюза».

«Мы не лічым, што гэтыя з'явы ўзаемавыключальныя, — заявіў міністр замежных спраў, — наадварот, менавіта ў такой сітуацыі трэба знаходзіць яднаючыя асновы, узаемапрымальныя крокі для будучыні, у першую чаргу гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. І мы не маем намеру рабіць нейкія эмацыянальныя крокі, якія будуць накіраваны на зрыў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Наадварот, мы гатовы абмяркоўваць адкрыта і шчыра ўсе праблемы, што могуць узнікаць, маючы на ўвазе пераадоленне гэтых праблем і выхад на новы ўзровень гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі».

Міністр замежных спраў падкрэсліў, што наша краіна гатова аказаць максімальнае садзейнічанне людзям, якія пакутуюць у паўднёвых раёнах Украіны.

«Мы гатовы разгледзець магчымасць аказання гуманітарнай дапамогі, натуральна, на падставе ўкраінскага заканадаўства, — заявіў кіраўнік дыпламатычнага ведамства. — Як вы ведаеце, мы далі прытулак вялікай колькасці бежанцаў — прыкладна 100 000 украінцам. І пастараемся стварыць ім максімальна камфортныя ўмовы. Рашэннем Прэзідэнта былі прыняты спецыяльныя ўказы, якія палягчаюць пытанні працаўладкавання, атрымання розных дакументаў, пражывання, навучання для тых грамадзян, што вырашылі перасяліцца ў Беларусь, каб перачакаць цяжкія часы».

Рэпарцёры аднаго з украінскіх тэлеканалаў таксама пацікавіліся, ці азначае той факт, што платныя дарогі Беларусі адкрытыя і бясплатныя для аўтамабіляў з Данецкай і Луганскай абласцей, прызнанне з боку нашай краіны самаабвешчаных рэспублік.

«Што тычыцца інфармацыі пра тое, што прадастаўлена права бясплатнага праезду па платных аўтамабільных дарогах Беларусі для аўтамабіляў з Данецкай і Луганскай абласцей, то гэта тычыцца толькі тых грамадзян, якія выказалі жаданне пераехаць у Беларусь на перыяд гэтай цяжкай сітуацыі, — удакладніў Уладзімір Макей. — Гэта тычыцца толькі бежанцаў, якіх, як я ўжо сказаў, у нас налічваецца каля 100 тысяч чалавек. Але гэта ні ў якай меры не азначае нейкага асобнага прызнання Данецкай і Луганскай абласцей у якасці асобных рэспублік. Прэзідэнт Беларусі на гэты конт выказаўся адназначна: і Данецкая, і Луганская вобласці былі, ёсць і будуць у складзе Украіны. Гэтым усё сказана».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.