Вы тут

Мы — жанчыны, нам ёсць што сказаць!


15 жніўня адбылася шостая пазачарговая рэспубліканская канферэнцыя Беларускага саюза жанчын. З трыбуны да прысутных звярталіся проста і з цеплынёй — не мелі значэння пасада, узрост, статус. Галоўнае — даверлівыя адносіны, агульныя мэты, задачы. Дарэчы, апошніх у парадку дня было тры.

18-39

Пытанне першае. Час перад выбарамі

Жанчына паспявае ўсё: лад і дабрабыт у ся'мі стварыць, на працы паказчыкі палепшыць, у грамадскім жыцці паўдзельнічаць.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прывяла наступныя лічбы: у тэрытарыяльных выбарчых камісіях жанчын каля 59%, а ва ўчастковых увогуле каля 70%. Што датычыцца менавіта Беларускага саюза жанчын, то ў выбарчых камісіях будуць удзельнічаць больш за сто прадстаўніц арганізацыі.

Старшыня Цэнтрвыбаркама заклікала не толькі да асабістага ўдзелу жанчын у гэтай палітычнай кампаніі, але і да прыцягнення да справы калег і каляжанак на сваіх працоўных месцах. Лідзія Ярмошына разлічвае на Беларускі саюз жанчын і спадзяецца, што сваімі дзеяннямі, словамі, прыкладам яны заахвоцяць як мага больш людзей.

— Калі не будзем клапаціцца пра сваю будучыню, дык ніколі не зможам наладзіць жыццё ў нашым агульным доме, — падкрэсліла яна.

Пытанне другое. Статут БСЖ

— Нам трэба ісці ў нагу з часам і ўлічваць тыя шматлікія змены, якія адбываюцца ў заканадаўстве, бо многія палажэнні састарэлі і не адпавядаюць рэаліям, — адзначыла сустаршыня БСЖ Антаніна Морава.

Статут БСЖ быў заблытаны, а стаў гібкі і празрысты. У ім канкрэтызаваліся мэты і задачы. Не трэба забывацца і на тое, што грамадскія аб'яднанні сёння не падмяняюць дзяржаўныя структуры, а вырашаюць задачы разам з імі, аказваюць садзеянне. Гэта будзе прапісана і ў дакуменце.

Яшчэ ўдасканалілі арганізацыйную структуру. Вызначылі найвышэйшы орган (на ўзроўні першаснай арганізацыі — сход, на ўзроўнях раёна, вобласці, рэспублікі — канферэнцыя) і кіруючы (на ўзроўні першаснай арганізацыі, раёна, вобласці, рэспублікі — праўленне). Прэзідыум застаўся толькі на ўзроўні рэспублікі, бо трэба ж аператыўна вырашаць пытанні, не адкладваючы іх на доўгі час.

Зараз справа за малым: збірацца , абмяркоўваць, прымаць рашэнні. А як вядома, апошняе адбываецца з дапамогай галасавання. Збірацца на сходах і канферэнцыях будуць праз два з паловай гады (толькі на рэспубліканскім узроўні перыядычнасць будзе складаць пяць гадоў). Разглядалі і пытанне сяброўскіх узносаў. Канчатковае рашэнне — увесці абавязкова (з канкрэтнай сумай пакуль не вызначыліся).

18-38

Пытанне трэцяе. Новы лідар

— Я складаю з сябе паўнамоцтвы старшыні, таму што гэта патрэбна для арганізацыі, — сказала Надзея Ермакова. Словы не прагучалі, як гром з яснага неба — аб гэтым казалася раней, да гэтага рыхтаваліся.

Праўда, усё роўна адпускаць Надзею Ермакову так проста не хацелі. Ёй уручалі падарункі, чыталі вершы, выказвалі словы ўдзячнасці і проста «абсыпалі» кветкамі. Самы прыгожы букет (разам з ганаровай граматай) уручыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі. Ён падкрэсліў, што Беларускі саюз жанчын — самы нефармальны рух краіны, але ў той жа час у яго ўваходзяць і прадстаўніцы дзяржаўных органаў.

Тым жа днём, не зацягваючы пытанне, вызначыліся і з новым лідарам саюза. Ім стала Марыяна Шчоткіна — міністр працы і сацыяльнай абароны. Пярэчанняў не было. Ужо ў новай ролі старшыні Марыяна Шчоткіна шчыра падзякавала ўсім сяброўкам за давер і добрыя словы.

— Мы разам зацікаўлены ў нашай агульнай справе. Нам не патрэбна масавасць. Нам патрэбны найлепшыя жанчыны, якія хочуць нешта змяніць, — сказала яна. — Нам дапамогуць нашы справы і нашы аднадумцы.

Хрысціна Хілько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.