Вы тут

Аперацыя «Рэха на Палессі»


Як партызаны знішчылі чыгуначнае палатно, па якім варожыя цягнікі ішлі на Сталінград.

Гарачым летам 1942 года мой бацька, Васіль Маскальчук, а таксама Канстанцін Міхаленя і Мікалай Чарткоў вырашылі ўступіць у партызанскі атрад. Усім хлопцам было па 18 гадоў. Ісці трэба было ў Петрыкаўскі раён, дзе базіраваліся атрады Палескага злучэння.

[caption id="attachment_96711" align="alignnone" width="600"]19-151 Ва­сіль Мас­каль­чук з уну­кам Пят­ром і праў­нуч­кай Дзі­я­най.[/caption]

Раніцай яны былі ўжо ў вёсцы Ветчын Жыткавіцкага раёна. Па дарозе зайшлі да свайго сябра Аляксандра Гаўрыловіча: ён добра ведаў Петрыкаўскі лес і таксама збіраўся ўступіць у атрад. У густым сасновым лесе пад векавой хвояй Саша асцярожна зняў ламачча, пласт зялёнага моху. Дастаў з неглыбокай ямы тры вінтоўкі Мосіна, цяжкі нямецкі кулямёт «МГ-38» з зараджанай стужкай, некалькі цынкавых скрынак з патронамі, каля дзесяці гранат «РГД» і «Ф-1». Позна ўвечары хлопцы былі ўжо ў вёсцы Грабаў Петрыкаўскага раёна, дзе базіраваўся атрад камандзіра Чырвонай Арміі Рыгора Краўца. Камісарам 132-га атрада 130-й петрыкаўскай брыгады быў Тарасаў. Яны і прынялі юнакоў у партызаны.

Неўзабаве сябры атрымалі сваё першае баявое хрышчэнне. Арганізаваўшы засаду, атрад цалкам разграміў фашысцкі абоз, знішчыўшы пры гэтым дзясяткі гітлераўцаў і паліцаяў, захапіў багатыя трафеі — зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання, дзясяткі коней. Іх баявы атрад прымаў удзел у знакамітай аперацыі па знішчэнні чыгуначнага моста на рацэ Пціч, аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі», якую правялі ў ноч з 2 на 3 лістапада 1942 года.

Вось што распавядае бацька пра гэтую аперацыю: «...Чыгунка па маршруце Брэст—Пінск—Бранск — адна з асноўных магістраляў, па якой варожыя цягнікі з жывой сілай і баявой тэхнікай ішлі да сцен Сталінграда — туды, дзе вырашаўся лёс усёй краіны. Каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскі падпольны абкам партыі і штаб злучэння распрацавалі аперацыю па падрыве буйнога чыгуначнага моста праз раку Пціч на найважнейшым стратэгічным участку чыгункі Брэст—Гомель. Назвалі аперацыю «Рэха на Палессі». Для гэтага з вялікай зямлі спецыяльным рэйсам даставілі боепрыпасы і ўзрыўчатку. Мост даўжынёй 150 метраў з чатырма пралётамі размяшчаўся на ўсход ад станцыі Пціч і кругласутачна ахоўваўся двума ўзводамі салдат, якія знаходзіліся ў чатырох дзотах. На ўзбраенні праціўніка меліся кулямёты і гармата. Подступы да моста былі ўмацаваны. Нават замаскіраваныя доты меліся, аб якіх партызаны даведаліся падчас штурму ўмацаванняў. У 800 метрах ад моста на станцыі Пціч размяшчаўся варожы гарнізон, у якім было да 750 салдат і афіцэраў. Акрамя таго, вораг мог хутка падкінуць падмацаванне з суседніх гарнізонаў».

Для правядзення аперацыі штаб злучэння вылучыў 11 партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю 1300 чалавек. Ім трэба было разбурыць участак чыгункі паміж станцыямі Муляраўка і Коршаўка, адрэзаць пасёлак і станцыю Пціч ад моста. Каб увесці праціўніка ў зман, партызаны стварылі бачнасць канцэнтрацыі атрадаў каля раённага цэнтра Капаткевічы, а самі за ноч скрытна перакінулі сілы ў раён станцыі Пціч.

3 лістапада 1942 года ў шэсць гадзін раніцы групы прыкрыцця падарвалі чыгуначнае палатно і перарэзалі сувязь. Партызаны ўдарных атрадаў, у тым ліку і мой бацька, накіраваліся да моста і адкрылі шчыльны агонь па дзоту і казарме. Абарона была знішчана. Падрыўнікі заклалі пад мост звыш 300 кілаграмаў узрыўчаткі і падарвалі яго. Стратэгічна важная для ворага чыгунка на 18 сутак выйшла са строю. За час перапынку руху праціўнік не змог прапусціць па гэтай дарозе больш за 500 эшалонаў. У баі з ворагам каля моста загінуў слаўны камісар атрада, які прымаў іх у партызаны. Яшчэ дзевяць партызан навечна ляглі каля моста.

Найбольш добра запомніўся бацьку бой за родную вёску Грабаў, дзе прайшло яго дзяцінства. Лютаўскім вечарам 1943 года разведка атрада далажыла, што вялікія сілы карнікаў знаходзяцца ў вёсцы Сялючыцы (гэта 10 кіламетраў ад Грабава). Увечары яны не рызыкнуць наступаць у партызанскай зоне. Але раніцай абавязкова рушаць на Грабаў. Камандаванне трох атрадаў вырашыла заняць абарону і даць карнікам бой. На досвітку паказаліся шматлікія ланцугі ворага. Партызаны падпусцілі немцаў бліжэй і адкрылі агонь. Карнікі кінуліся назад. Замацаваўшыся на могілках, якія размяшчаліся на горцы, фашысты сталі з кулямётаў і мінамётаў запальнымі кулямі абстрэльваць вёску і партызан. Запалала некалькі хат. Пасля абстрэлу фашысты пайшлі ў атаку, але былі вымушаны адкаціцца назад. Яны паспрабавалі абысці партызан з флангаў, аднак камандаванне атрадаў, прадбачыўшы гэты манеўр, выставіла там замаскіраваныя засады, і карнікі былі літаральна скошаны кулямётным агнём. Мяцеліца, якая неўзабаве пачалася, за пару гадзін засыпала трупы гэтых ваякаў.

— У другой палове дня разведчыкі з брыгады далажылі, што на дапамогу фашыстам са станцыі Капцэвічы выйшаў яшчэ адзін варожы атрад колькасцю 600 чалавек, узброены гарматамі і мінамётамі, — успамінае Васіль Маскальчук. —У партызан ужо заканчваліся боепрыпасы. Каб збіць немцаў з панталыку, камандзір нашага атрада Рыгор Кравец накіраваў у іх тыл групу байцоў, у склад якой уваходзіў Канстанцін Міхаленя і Саша Гаўрыловіч са сваім ручным кулямётам. Партызаны, якія добра ведалі гэтыя месцы, абышлі ворагаў і, знішчыўшы з дзясятак карнікаў, вярнуліся назад. Немцы, вымушаныя частку сіл кінуць на абарону свайго тылу, прыкметна аслабілі націск. Позна ўвечары партызанам паступіў загад камандзіра брыгады адысці і замацавацца ў вёсцы Бярозаўка.

[caption id="attachment_96706" align="alignnone" width="600"]19-14 10-я гвар­дзей­ская тан­ка­вая Га­ра­доц­кая бры­га­да, 1945 год (Ва­сіль Мас­каль­чук у верх­нім ра­дзе край­ні спра­ва).[/caption]

Сыходзячы з вёскі, партызаны забіралі з сабой жыхароў, разумелі, што карнікі нікога не пашкадуюць. На раздарожжа праводзіць партызан выйшаў дзед майго бацькі, 100-гадовы Даніла Анікеевіч, удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў, баявы гусар, асабіста адзначаны залатымі грашыма за адвагу царом Аляксандрам ІІ. Нягледзячы на свой узрост, ветэран Балканскай вайны яшчэ актыўна дапамагаў партызанам: вазіў зброю, харчаванне. «Я ўгаворваў яго пайсці з намі, але Даніла Анікеевіч адмовіўся», — працягвае бацька. «Не, унук, я сваё ўжо аджыў і нікуды ад маёй дарагой Праскоўі не пайду!» — адказаў стары.

Калі ў вёску ўварваліся карнікі, усіх, хто застаўся, расстралялі, трупы пакідалі ў калодзежы. Данілу Анікеевіча з жонкай Праскоўяй карнікі забілі ў садзе, пад яблыняй. Там і знайшлі іх целы вясной, калі гітлераўцы сышлі з вёскі, якую спалілі дашчэнту.

— У канцы лютага 1943 года ў сваю апошнюю разведку з сябрам Іванам пайшоў Мікалай Чарткоў, — расказвае пра баявога таварыша ветэран. — Доўга мы не ведалі пра лёс Мікалая. Але дзесьці праз месяц узялі ў палон паліцая, які прызнаўся, што быў на яго допыце. Гестапа падвергла партызана нечалавечым катаванням, патрабуючы дакладных звестак пра размяшчэнне атрада, яго колькасці і ўзбраенні. Ён назваў месца дыслакацыі, дзе атрад ніколі не бываў. Наўмысна завышаў колькасць байцоў, яго ўзбраенне. Так нічога і не дамогшыся, фашысты яго замучылі.

Да вясны 1944 года атрады і брыгады Палескага злучэння апынуліся ў прыфрантавой паласе. Фашысцкае камандаванне разумела, якую пагрозу ўяўляюць партызаны, якія дзейнічалі ў тыле іх войска. Атрады брыгады часова распусцілі. Быў дадзены загад прабівацца з акружэння невялікімі групамі.

— Наша група складалася з васьмі байцоў, — распавядае Васіль Міхайлавіч. — Наперадзе ішоў мой сябар Аляксандр Гаўрыловіч, несучы на плячы свой ручны кулямёт. Апоўдні выйшлі на сямейны лагер, які размяшчаўся на невялікай палянцы. Там было некалькі жанчын і з імі дзяўчынка гадоў пяці. Мы вырашылі тут адпачыць і зварыць на вогнішчы няхітры абед. Я з Сашам пайшоў у найбліжэйшы хмызняк, каб наламаць сухіх галінак для вогнішча. Раптам у лагеры пачуліся стрэлы. Пакідаўшы галлё, мы кінуліся туды. Забягаю ў крайні курань, дзе жанчына чысціла бульбу, і бачу, што эсэсавец расстрэльвае яе з аўтамата. Я ззаду моцна наношу ўдар прыкладам па рагатай касцы з дзвюма маланкамі. Каска падае на зямлю, фашыст рэзка паварочваецца, накіроўвае на мяне аўтамат, але зброя дае асечку. Але тут нешта засвістала, мільганула ў паветры, эсэсавец схапіўся за горла і паваліўся на зямлю. Гэта Саша паспеў кінуць штык-нож у карніка. На шчасце, дзяўчынка засталася жывая.

Раніцай каля лагера з'явіліся карнікі. «Яны былі зусім блізка, — узгадвае былы партызан. — Што рабіць, прыняць бой? Нас толькі 6 чалавек — сілы занадта няроўныя. І гінуць у 20 гадоў нікому не хочацца... З намі ў групе быў пажылы мужчына Міхаіл Дзегцяр. Убачыўшы карнікаў, ён зняў кальцо з гранаты, адышоў ад нас далей, расціснуў руку... Прагрымеў выбух».

«Ну, бывайце, я думаю, хутка пабачымся, Чырвоная Армія ўжо недалёка!» — усміхнуўся Саша Гаўрыловіч і хутка пабег у бок хвоі, якая ўзвышалася над балотам. Фашысты набліжаліся, ужо выразна былі бачны іх нахабныя твары. І тут з векавой хвоі пачулася доўгая кулямётная чарга. Карнікі падалі ў балотны бруд. Увесь агонь яны перанеслі на адзінокую сасну. Падхапіўшы дзяўчынку на рукі, астатнія сталі асцярожна сыходзіць са злашчаснага балота. Яшчэ доўга грукаў Сашаў кулямёт. Потым стральба спынілася...

Пасля вызвалення Беларусі бацьку накіравалі ў запасны полк у горад Кіраў Бранскай вобласці. Потым ён ваяваў у складзе Прыбалтыйскага фронту на тэрыторыі Літвы. Быў спачатку ў пяхоце, а пазней у складзе 10-й гвардзейскай танкавай Гарадоцкай брыгады. Там жа сустрэў і Перамогу. Яшчэ амаль два гады даслужваў у Лідзе. Дадому ў сваю вёску Камуна Любанскага раёна вярнуўся толькі ў 1947 годзе.

Яго бацька Міхаіл Данілавіч, мой дзед, загінуў яшчэ ў 1941 годзе пад Вязьмай. Вёска, дзе яны жылі, была спалена ў ліпені 1941-га. Яго маці з маленькім Аляксандрам жыла ў зямлянцы. Сярэдні брат бацькі, Мікалай, служыў у Берліне стралком на легендарным штурмавіку «Іл-2».

— Увосень прыйшоў з арміі мой партызанскі сябар Канстанцін Міхаленя, — узгадвае Васіль Маскальчук. — Ён таксама ваяваў на фронце, потым даслужваў, як і я. Недалёка ад лесу, на самым ускрайку вёскі, пачалі мы з Косцем будаваць сабе дамы адзін насупраць аднаго. Часта пасля заняткаў з вучнямі нам дапамагалі дзве сяброўкі-настаўніцы Ліда і Алена. Так атрымалася, што па заканчэнні будаўніцтва я ажаніўся з Лідай, а Косця з Аленай. Нашы маладыя жонкі пасадзілі пад вокнамі белыя акацыі.

Прайшло шмат гадоў. Зараз нашу вёску не пазнаць. Пабудавана шмат новых дамоў, новая школа, клуб. Зямлянкі, у якіх жылі людзі, мала хто памятае. Але два першыя дамы, узведзеныя пасля страшнай вайны маім бацькам і яго баявым сябрам Косцем (маім хросным), стаяць і дагэтуль адзін насупраць аднаго. А каля іх красуюць велізарныя акацыі, калісьці пасаджаныя на шчасце маёй маці Лідзіяй Цімафееўнай і яе сяброўкай Аленай Усцінаўнай. Кожную вясну яны пышна расцвітаюць, напаўняючы цудоўным водарам усё наваколле.

Міхаіл МАСКАЛЬЧУК, Бераставіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.