Вы тут

Баявыя імгненні вечнасці


Я не бачыў яго жывога, калі ажаніўся з яго дачкой. Мой цесць рана пайшоў з жыцця — у 46 гадоў. Вайна ўсё-такі дагнала яго: параненая нага, спіна і цяжкая кантузія ў пекле баёў не прайшлі бясследна. На паліцы з кнігамі засталася вялікая каляровая фатаграфія: малады лейтэнант з чорным прыгожым чубам, з вялікімі ўдумлівымі вачыма. На першы погляд — копія вядомага артыста Вячаслава Ціханава з фільма «Сямнаццаць імгненняў вясны».

[caption id="attachment_96708" align="alignnone" width="600"]19-17 Ула­дзі­мір Ніс­цюк (зле­ва) з ба­я­вы­мі сябрамі.[/caption]

Уладзімір Васільевіч Нісцюк нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна. Пасля школы паехаў у Маскву да старэйшага брата, дзе скончыў афіцэрскія курсы і атрымаў званне лейтэнанта. Спачатку служыў у Маскве, а калі грымнула вайна, стаў мінамётчыкам 93-га стралковага палка 76-й стралковай дывізіі. Якімі шляхамі вайны прайшоў ён, дзе ваяваў — ніколі не любіў расказваць сваёй жонцы, зямлячцы Яўгеніі Аляксееўне і дзецям. А можа, не хацеў вяртацца ў тыя дні, на тыя дарогі, дзе ішла смерць з пажарамі, крывёю і слязьмі, вялікімі стратамі аднапалчан. Узнагарод яго і дакументаў на іх не засталося: магчыма, прапалі ў час пераезду. Дачка Ала сцвярджала, што ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Славы. А гэта — вялікі гонар, бо тры такія ордэны прыраўноўваліся да звання Героя Савецкага Саюза.

Юбілей Вялікай Перамогі падштурхнуў мяне да пошуку. Афіцыйны сайт Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі агульнадаступнага банка даных выдаў мне ліст на ўзнагароджанне Уладзіміра Васільевіча ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Скупыя радкі не перадаюць агульную карціну наступлення нашых войскаў і адчайнае супраціўленне ворага: «т. Нісцюк 19.04.45 года ў баях на заходнім беразе р. Одэр, падтрымліваючы агнём сваіх кулямётаў наступаючыя падраздзяленні, прымусіў замоўкнуць 7 агнявых кропак і знішчыў не менш за 13 нямецкіх салдат, чым садзейнічаў паспяховаму руху наперад 8-й стралковай роты. У баі 23.04.45 года пры фарсіраванні канала Гагенцолерн з першым разлікам пераправіўся на заходні бераг, замацаваўся на занятым рубяжы і агнём сваіх кулямётаў даў магчымасць пераправіцца іншым падраздзяленням. У час адбіцця контратакі, калі выйшаў са строю наводчык, сам лёг за кулямёт і трапным агнём прымусіў замаўчаць тры агнявыя кропкі, знішчыўшы 11 нямецкіх салдат і захапіўшы 15 у палон. У баі 26.04.45 года за в. Гатаў ён са сваім узводам знішчыў 12 нямецкіх салдат і захапіў у палон 93 салдаты».

На сайце Міністэрства абароны больш нічога не значылася. Я паслаў запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, які знаходзіцца ў Падольску. Прыйшло пацвярджэнне, што Уладзімір Васільевіч Нісцюк, акрамя ордэна Айчыннай вайны, узнагароджаны двума ордэнамі Славы і медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» і «За ўзяцце Берліна». Апісанняў узнагародных лістоў няма. Але я веру, што недзе ў архівах захаваліся пажоўклыя старонкі яго баявога шляху.

Пасля вайны Уладзімір Васільевіч працаваў у міліцыі ў Мінску, а таксама на вагонарамонтным заводзе. Выгадаваў сына і дзвюх дачок. А яшчэ быў выдатным чырванадрэўшчыкам. У мяне на дачы ў вёсцы стаяць яго прыгожы шыфаньер і вялікае люстэрка з тумбачкай. Бязлітасная вайна дагнала яго ў 1970 годзе — маладога, статнага, з іскрынкай у чорных вачах.

Алесь КАМАРОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.