Вы тут

Як паскорыць паспяванне памідораў


Яшчэ крыху — і лета скончыцца. Ночы становяцца халаднейшымі, а ў агароднікаў пачынаюцца традыцыйныя спаборніцтвы з восенню: хто каго перагоніць. Ці мы зможам максімальна захаваць ураджай «на корані» да самых маразоў, ці непагадзь у адно імгненне змахне з кустоў усё зялёным і недаспелым. Асабліва востра ўстае пытанне даспявання зялёных памідораў, таму што на кустах яшчэ шмат завязяў і зусім маладых пладоў, а цёплых дзён застаецца ўсё менш.

19-16

Ёсць некалькі спосабаў, якія дадуць зразумець таматным кустам, што трэба «дабавіць хуткасці» і пачаць чырванець хутчэй. І гэтыя спосабы павінны прымяняцца ўжо сёння, у рэжыме «хуткай дапамогі».

Выдаленне новых кветканосаў

Новыя бутоны і кветкі, якія расліна працягвае «выганяць», на сённяшні дзень ужо проста непатрэбны. Выспець маладзенькія памідоры ўсё роўна не паспеюць, а сілы ў куста забяруць, таму ўсе верхавіны высакарослых кустоў трэба прышчыпнуць або абрэзаць, выдаліць і ўсе суквецці. На сярэднярослых і нізкарослых кустах (нават калі вельмі шкада) давядзецца выдаліць усе «лішнія» кветкавыя гронкі — на вялікую колькасць пладоў у іх ужо не хопіць сіл.

Вызваленне куста ад ніжняга лісця і пасынкаў

Неабходна агледзець усе кусты і выдаліць новыя парасткі. І ўсё ніжняе лісце, аж да тых, на якіх спеюць памідоры, — таксама.

«Сонечнае» арыентаванне

Каб кусты памідораў атрымалі максімум восеньскага сонца, паспрабуйце прыбраць усе лішнія лісты, а галінкі разгарнуць максімальна насустрач святлу. Гэта лёгка зрабіць пры дапамозе падвязачнага матэрыялу, а галінкі нізкарослых кустоў можна зафіксаваць распоркамі або прывязаць да дадатковых калкоў.

Ёдзістая падкормка

Вядома, што падкормка ёдам паскарае паспяванне таматаў. Правядзіце 1-2 пазакаранёвыя падкормкі па лісці слабым растворам ёду (з разліку 30-40 кропель на 10 літраў вады) — гэта пойдзе толькі на карысць.

Прафілактыка фітафтарозу

Хоць ужо і восень «на носе», але прафілактыку фітафтарозу спыняць не рэкамендуецца. Можна ў сухое цёплае надвор'е апырскаць памідоры настоем часнаку (гэта будзе дакладна ўжо ў апошні раз). Калі памідоры растуць у адкрытым грунце, пажадана арганізаваць на ноч укрыццё кустоў плёнкай. Гэта таксама абароніць памідоры ад фітафтарозу: кусты не будуць макрэць ад расы, і плады застануцца сухімі.

Прымусовае абмежаванне харчавання

Часам практыкуюць даволі дзіўныя, на першы погляд, метады, якія спрыяюць хуткаму паспяванню памідораў. Сэнс іх зводзіцца да таго, каб абмежаваць паступленне пажыўных рэчываў у расліну, а дзеянні нагадваюць хірургічную аперацыю:

• на вышыні 10-12 см ад зямлі ў сцябле памідора лязом робіцца скразны разрэз, у які адразу ж устаўляецца падрыхтаваная загадзя плоская драўляная пласцінка памерам 0,5 х 2 см — такі разрыў тканін не перакрывае, але істотна абмяжоўвае як прыток пажыўных рэчываў, так і іх адток;

• на гэтай жа вышыні тонкім медным дротам нямоцна перацягваецца сцябло папярок, і гэтая перацяжка фіксуецца. Дасягаецца той жа абмежавальны эфект;

• куст бяруць за ніз сцябла і трохі выцягваюць з глебы — да слабага храбусцення тонкіх карэньчыкаў. Куст адпускаюць, а надарваныя карэньчыкі перастаюць працаваць — дастаўляць ваду і пажыўныя рэчывы.

«Выхаванне прыкладам»

Даўно вядомы факт: калі пакласці побач з зялёнымі памідорамі саспелы, то пачырваненне няспелых сабратаў значна паскараецца. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне: вылучэнне саспелымі памідорамі этылену (як каталізатара). Дык вось, калі наўпрост на гронкі зялёных памідораў «надзець» пакецік з чырвоным плодам унутры і, прывязаўшы да сцябла, пакінуць на тры дні, а потым зняць, то літаральна на 2-3-я суткі зялёныя памідоры пачнуць бурэць, тады як натуральным шляхам гэты працэс пачаўся б толькі праз 2,5-3 тыдні.

Алкагольнае стымуляванне

Калі праз гняздо зялёнага памідора шпрыцам увесці ўнутр 0,5 мл гарэлкі, то паспяванне паскорыцца (і праз 15-16 дзён, магчыма, ён цалкам паспее). Прычым навукоўцы гарантуюць, што хімічны склад такіх «падпітых» таматаў нічым не будзе адрознівацца ад звычайных.

Збор бурых пладоў

Каб даць магчымасць выспець як мага большай колькасці памідораў на кустах, бурыя плады трэба здымаць. Яны ўжо здольны дайсці да спеласці пры хатнім даспяванні, а куст кіне ўсе сілы на зялёныя памідоры, якія засталіся.

Перасяленне пад дах

Калі халады ўжо наступілі, а на памідорных кустах яшчэ шмат зялёных пладоў, можна, вырваўшы расліны з глебы разам з каранямі, перамясціць іх у закрытае памяшканне — хлеў, бытоўку або гараж, дзе і падвесіць. Тады працэс паспявання будзе працягвацца амаль натуральным шляхам, «на корані».

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.