Вы тут

Высокi цiск? Будзем лячыць!


Боль у грудзях? Працяглы? Не знiкае нi тады, калi вы стаiце, нi тады, калi ляжыце? Думаеце, што гэта бранхiт, пякотка, астэахандроз... Аднак на самай справе калi для апiсання болю вы прыкладаеце далонь да грудной клеткi, ды яшчэ гэты боль аддае ў лапатку або скiвiцу, то цалкам верагодна, што гэта iнфаркт мiякарда. Артэрыяльны цiск
пры гэтым можа быць у норме i нават нiзкiм пры досыць маштабным пашкоджаннi.

Што такое iнфаркт? Як толькi сасуд, якi забяспечвае пэўны ўчастак сэрца, аказваецца заблакiраваным тромбам або бляшкай, парушаецца харчаванне навакольнай тканкi — яна пазбаўляецца кiслароду i карысных рэчываў, што дастаўляюцца з крывёй. Вынiк — адмiранне клетак. Медыкi iх у такiм выпадку называюць «аглушанымi». Чым хутчэй аднавiць кровазварот i вывесцi iх з гэтага стану, тым, вядома, лепш.

А таму калi боль у грудной клетцы не знiкае некалькi хвiлiн, трэба разжаваць таблетку аспiрыну, пад язык пакласцi таблетку нiтраглiцэрыну (можна да 3 таблетак з iнтэрвалам 5 хвiлiн). Абавязкова выклiкаць «хуткую». У 1-й, 2-й, 9-й, 10-й мiнскiх гарадскiх бальнiцах, бальнiцы хуткай дапамогi, мiнскай абласной працуюць ангiяграфiчныя кабiнеты, дзе такiм пацыентам выконваецца каранараграфiя — дыягнастычнае даследаванне, падчас якога выдаляецца тромб i ў сасуд ставiцца стэнт. Такiм чынам iстотна змяншаецца плошча пашкоджання сэрца, але зроблена гэта павiнна быць як мага раней, у першыя 12 гадзiн. Увогуле, залатым стандартам аказання дапамогi ў такiх выпадках лiчацца першыя 90 хвiлiн з моманту прыезду хуткай дапамогi.

Аперацыi на адкрытым сэрцы — аортакаранарнае шунцiраванне — выконваюцца ў выпадку ўзнiкнення ўскладненняў iнфаркту, калi ёсць анеўрызма, калi тромбы ўтварылiся не толькi ў артэрыях, але i ў поласцях сэрца i г.д. Звычайна такая аперацыя выконваецца пасля дыягнастычнай каранараграфii.

Яшчэ больш падрабязнасцей — у адказах на пытаннi нашых чытачоў загадчыцы iнфарктнага аддзялення №2 10-й гарадской клiнiчнай бальнiцы г. Мiнска, урача-кардыёлага вышэйшай катэгорыi Наталлi ПАЛЯЎКОВАЙ.

19-23

Стэнты бываюць розныя...

* Мiнск, Валянцiна Мiкалаеўна. Хацелася б запытацца пра каранараграфiю. Як яна выконваецца, наколькi гэта складанае даследаванне?

— Такога кшталту ўмяшаннi з'яўляюцца малаiнвазiўнымi — нетраўматычнымi, хоць i называюцца страшным для пацыента словам «аперацыя». У першую чаргу гэта метад дыягностыкi, якi ажыццяўляецца ў рэнтгенаперацыйнай. Пацыент падчас гэтай працэдуры знаходзiцца ў прытомнасцi, i ўрач паведамляе яму аб сiтуацыi. Праз артэрыю ў сцягне ўводзiцца зонд i падводзiцца да сасуда, што забяспечвае крывёй наша сэрца. У сасуд уводзiцца кантраснае рэчыва, якое паказвае, у якiм месцы тромб цi бляшка перакрылi сасуд. У гэтым месцы ставiцца стэнт. Стэнты бываюць рознымi, нават такiмi, што з цягам часу цалкам раствараюцца. Стэнтаваннем звычайна лячэнне сасудзiстай катастрофы не заканчваецца — цягам аднаго-двух гадоў неабходна прымаць спецыяльныя лекi, каб стэнт не «закрыўся».

Падчас правядзення каранараграфii захоўваецца пэўная — вельмi нiзкая! — рызыка ўзнiкнення iнсульту або iншых ускладненняў, аб якiх урач папярэджвае падчас афармлення на абследаванне (напрыклад, страта крывi пры парушэннi выключна ложкавага рэжыму пасля ўмяшання). Тым не менш гэта, вядома, не нагода адмаўляцца ад такога кшталту дапамогi. Пасля стэнтавання змяншаецца зона пашкоджання мiякарда, а часам удаецца пазбегнуць iнфаркту. Вось чаму важна не страцiць час.

Пасля стэнтавання пацыенты спачатку шпiталiзуюцца, потым накiроўваюцца на рэабiлiтацыю (у 11-ю гарадскую бальнiцу або ў цэнтр рэабiлiтацыi ў Аксакаўшчыне), дзе забяспечваецца не толькi медыкаментозная тэрапiя, але i праводзяцца заняткi лячэбнай фiзкультурай, работа з псiхолагам. Далей назiранне працягваецца ў кардыялагiчным дыспасеры або палiклiнiцы.

— Цi можна паставiць стэнт для прафiлактыкi, каб папярэдзiць iнфаркт?

— Гэта робiцца, калi хранiчная iшэмiчная хвароба сэрца iстотна пагаршае якасць жыцця. Наогул, ва ўсяго дарослага насельцтва ёсць атэрасклероз (бляшкi ў сасудах), але самымі важнымі для папярэджвання ўскладненняў застаюцца лад жыцця i прыём адпаведных лекаў. Неабходна, напрыклад, хадзiць пешшу — штодня 4-6 км (сталым людзям вельмi карысная скандынаўская хада з лыжнымi палкамi), бо падчас звычайнай хады ў сэрцы з'яўляюцца дадатковыя дробныя сасуды, што стварае свайго кшталту абыходны шлях для забеспячэння яго неабходнай крывёй.

— Для дыягностыкi сасудаў прымяняецца толькi каранараграфiя?

— Стан сэрца i яго сасудаў можна ацанiць i на камп'ютарным тамографе. Проста калi там пацвердзiцца неабходнасць стэнтавання, то ўсё роўна давядзецца выконваць каранараграфiю.

— Можа, вы параiце што-небудзь для лепшага самаадчування ў спякотнае надвор'е?

— Пры высокай тэмпературы паветра кроў гусцее, i гэта небяспечна. Трэба больш пiць вадкасцi i ўжываць менш солi. Пажылым, дзецям, вадзiцелям абавязкова трэба мець пад рукой бутэльку вады.

— А як адрознiць стэнакардыю ад iнфаркту?

— Па сутнасцi, гэта «брат i сястра». Хвораму не трэба ставiць сабе дыягназ. Ёсць боль, значыць, трэба разжаваць аспiрын, узяць пад язык нiтраглiцэрын. Пры стэнакардыi бляшка не поўнасцю перакрывае сасуд, а падчас iнфаркту поўнасцю. Так што калi гэта быў прыступ стэнакардыi, то прыём лекаў не пашкодзiць. Пры цяжкай стэнакардыi са значнымi змяненнямi ў артэрыях паказана стэнтаванне або аортакаранарнае шунцiраванне — для папярэджвання iнфаркту ў будучынi.

* Мiнск, Iрына Мiкалаеўна. 50 гадоў. Два гады таму пачаў павышацца цiск да 140-150. Мне прапiсалi прэпарат канкор-кор. У апошнiя паўгода я заўважаю, што цiск стаў нават панiжаным — 110/70, i галава цяпер балiць ужо пра гэта. Цi варта працягваць прыём прэпарату або можна зрабiць перапынак?

— У вас ёсць iншыя хранiчныя захворваннi?

— Няма.

— А частата сардэчных скарачэнняў якая?

— Каля 60.

— Летам увогуле артэрыяльны цiск знiжаецца натуральным чынам за кошт расшырэння сасудаў. Канкор можна паступова адмянiць. Цягам тыдня прымайце ранiцай 2,5 мг. Пасля можна не прымаць, але не назаўсёды. Калi ў вас ёсць дыягназ артэрыяльная гiпертэнзiя, значыць, вы стаiце на дыспансерным улiку — каб прадухiлiць гiпертрафiю сэрца. Вам неабходна выконваць ультрагукавое даследаванне сэрца, электракардыяграму, назiраць вочнае дно i здаваць аналiз мачы. Трэба ўлiчваць i немедыкаментозныя метады знiжэння артэрыяльнага цiску — знiзiць колькасць солi ў ежы. Соль затрымлiвае вадкасць у арганiзме, а высокая цыркуляцыя вадкасцi ў арганiзме спрыяе павышэнню цiску.

* Слонiм, Барыс Канстанцiнавiч. 92 гады. Дыягназ — артэрыяльная гiпертэнзiя. Прымаю берлiпрыл-10 i амладзiпiн-5 штодня. З прычыны пачашчанага мочаспускання трэба пiць омнiк окас, але ён процiпаказаны падчас прыёму берлiпрылу. Можа быць, iснуюць нейкiя iншыя прэпараты, дабаўкi, каб можна было замянiць омнiк окас i працягваць гiпатэнзiўную тэрапiю?

— Ёсць група прэпаратаў, якiя могуць добра лячыць i артэрыяльную гiпертэнзiю, i адэному прастаты — гэта альфа-блакатары (сетэгiс, кардура), а таксама прэпарат з другой групы — карведылол. Яны ўсе дастаткова моцныя, таму неабходна падысцi да ўрача-тэрапеўта, каб адрэгуляваць дозу. Першая доза прымаецца на ноч, каб знаходзiцца ў гарызантальным становiшчы, i артэрыяльны цiск рэзка не ўпаў пры вертыкальным становiшчы цела.

Адной таблеткi мала

* Старыя Дарогi, Тамара Аляксееўна. 56 гадоў. Ёсць шэраг захворванняў, у тым лiку iшэмiчная хвароба сэрца. Прымаю прызначанае лячэнне, аднак гэтым летам цiск узнiмаўся да 160-170. Тады я пiла адэльфан. Але гэты прэпарат знiк з продажу. Што вы параiце для эфектыўнага аднаразовага панiжэння цiску?

— Адэльфан — камбiнаваны прэпарат, у склад якога ўваходзяць кампаненты кароткага дзеяння. Для лячэння такога захворвання, як у вас, iснуюць спецыяльныя камбiнаваныя прэпараты працяглага дзеяння, у тым лiку беларускай вытворчасцi. Яны лечаць некалькi механiзмаў павышэння артэрыяльнага цiску. На жаль, пакуль не ўдаецца ўключыць у адну таблетку тры кампаненты — яшчэ i рэчыва, якое будзе знiжаць халестэрын, а таму спецыяльныя прэпараты — стацiны — даводзiцца прымаць асобна. Да лiку камбiнаваных адносяцца, напрыклад, эналапрыл плюс, лiзiнапрыл плюс, эквапрыл, амлатэнзiн... Так што вам неабходна пачаць з вiзiту да ўрача — трэба рэгулярна пiць лекi, iначай павышаны цiск прывядзе да сур'ёзных ускладненняў, у тым лiку iнфаркту мiякарда або iнсульту.

Адэльфан прымяняецца толькi для хуткага купiравання цiску. А далей патрэбна лячэнне — рэгулярны прыём сучасных прэпаратаў, якiя дзейнiчаюць да 12-24 гадзiн.

* Мастоўскi раён, Уладзiмiр Мiкалаевiч. 61 год. Калi я мераю цiск ва ўчастковага тэрапеўта, то ён проста iдэальны — 120/70-80. Аднак я вадзiцель, i таму штогод трэба праходзiць вадзiцельскую медкамiсiю (не разумею, праўда, навошта патрэбна такая частата). Чамусьцi тут цiск атрымлiваецца павышаны — каля 150. Дома мераю рэгулярна — вышэй за 120 не ўзнiмаецца. Можа быць, хвалююся? Што вы параiце?

— Артэрыяльны цiск — велiчыня непастаянная, ён павышаецца пры пэўных умовах. Скажам, калi мы перажываем стрэсавую сiтуацыю, страх. Самае важнае, каб гэтае павышэнне не трымалася падоўгу, а даволi хутка вярталася да нормы... У вас ёсць дома танометр?

— Я мераю, дома ўсё нармальна.

— Пры вялiкай радасцi або падчас хвалявання цiск звычайна ўзнiмаецца. Iснуюць прэпараты, якiя не знiжаюць нармальны цiск, але папярэджваюць такiя ўздымы падчас стрэсу. Якiя яшчэ захворваннi ў вас ёсць?

— Здаецца, асаблiвых дыягназаў няма.

— А даведку вам выдалi?

— Прадоўжылi на год.

— Гэта абумоўлена ўзростам. Таму працягвайце правяраць цiск. Не забывайцеся пра дыету з панiжанай колькасцю солi, пра станоўчыя эмоцыi, хаду пешшу, узровень халестэрыну. У вашым узросце трэба звяртаць на гэта больш пiльную ўвагу. Усё ж такi атэрасклероз сустракаецца ў кожнага дарослага, а часам i ў дзяцей.

— Я здаваў аналiзы, i яны ў норме.

— А халестэрын якi?

— 5,6.

— Норма агульнага — 5,2. Неабходна зрабiць лiпiдаграму i паглядзець суадносiны халестэрыну «добрага» i «дрэннага». Майце на ўвазе: дыета не пашкодзiць, паболей гароднiны i фруктаў — яны i лiшак халестэрыну выдаляюць, i мачагонным эфектам валодаюць. Вельмi карысна для сэрца хадзiць пешшу. Перад сiтуацыямi, у якiх даводзiцца хвалявацца, прымайце валяр'яну — цягам тыдня-двух, але не болей за тры тыднi. Патрэбен абавязкова курс, а не адна таблетка.

* Веткаўскi раён, Зiнаiда Сцяпанаўна. Ад цiску я прымала эналапрыл, гiдрахлортыязiд, метапралол, а цяпер прапанавалi лiзiнапрыл, метапралол i iндапафон. Даводзiцца прымаць шмат прэпаратаў... Ёсць яшчэ цукровы дыябет 2-га тыпу...

— Эналапрыл i лiзiнапрыл — гэта прэпараты адной групы. Лiзiнапрыл прызначаецца пры паталогii печанi, таму што выводзiцца ныркамi.

— У мяне хранiчны гепатыт...

— Лiзiнапрыл абараняе печань. Такiя прэпараты неабходны i пры цукровым дыябеце, таму што ён пашкоджвае сасуды нырак.

— Яшчэ прымаю метфармiн i глiбенкламiд...

— Усё правiльна. Усё гэта, на жаль, немагчыма сумясцiць у адной таблетцы так, каб не страцiць эфектыўнасць. У артэрыяльнай гiпертэнзii вельмi складаны механiзм, i для таго, каб паўплываць на ўсе кропкi гэтага ланцуга, прызначаюцца прэпараты некалькiх груп.

— Нiжнi цiск у мяне каля 100, гэта не надта дрэнна?

— Хутчэй, не надта добра, iдзе нагрузка на сэрца. Таму i патрэбны мачагонны прэпарат — iндапафон або гiдрахлортыязiд... Апошнi пры цукровым дыябеце не пажаданы, а таму вам яго i замянiлi на iндапафон.

19-26

* Слуцк, Марыя Сцяпанаўна. У мяне гiпертанiя i цэрэбральны атэрасклероз галаўнога мозга. Пастаянна балiць галава. Цiск скача ад 90/60 да 240/120. Прымаю лiзiнапрыл i аспiкард, а пры высокiм цiску — клафелiн. Але не заўсёды ён мне дапамагае. Можа быць, замянiць яго максанiдзiнам?

— А каптапрыл не дапамагае?

— Вельмi слаба.

— Мачагонны прэпарат — гiдрахлортыязiд — вам не дадавалi? Амладзiпiн?

— Не... Пра стацiны я чытала, але мне iх таксама не прызначалi...

— А халестэрын вы ведаеце свой?

— 5,7-6.0.

— Наогул, артэрыяльную гiпертэнзiю адным прэпаратам не лечаць, дабаўляюць мачагонны прэпарат — гiдрахлортыязiд, якi да таго ж затрымлiвае кальцый у арганiзме. Неабходны вам i стацiны, бо ў вас павышаны халестэрын.

— А максанiдзiн?

— Для хуткай дапамогi падчас рэзкага скачку ён добра падыходзiць. Прэпарат прадаецца менавiта ў двух вiдах дазiроўкi. Яго прызначаюць у дозе 0,4 мг для пастаяннага прыёму i 0,2 мг пад язык для хуткага знiжэння высокага цiску — абавязкова ў сядзячым становiшчы, бо ёсць рызыка страцiць прытомнасць пры рэзкiм знiжэннi.

— Калi «хуткая» мне знiжае цiск, то я страчваю прытомнасць...

— Таму што лепей знiжаць паступова...

Прычына — у нырках?

* Карэлiцкi раён, Мiкалай Мiкалаевiч. 64 гады. Перанёс два iнсульты, ёсць iшэмiчная хвароба сэрца. Жыву ў вёсцы, шмат працую фiзiчна. Пасля фiзiчнай нагрузкi часта здараюцца начныя сутаргi — у руках, нагах, часам пальцы проста «выкручвае». Што гэта можа азначаць?

— Якiя лекi вы прымаеце?

— Магвiт...

— Прэпарат добры, але цi здавалi вы бiяхiмiчны аналiз крывi на калiй, кальцый i магнiй? Цi ведаеце ўзровень халестэрыну, цукру? Iнсульт развiваецца, як правiла, на фоне высокага цiску або атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга. Таму, калi павышаны халестэрын, то трэба прымаць лекi па яго знiжэннi. Магвiту недастаткова. Трэба лячыцца правiльна. Акрамя таго, трэба дазiраваць фiзiчную нагрузку. Не перагружацца ў другой палове дня.

— Прымаю каптапрыл, вiнпацэцiн...

— Каптапрыл — толькi для экстранай дапамогi, ён дзейнiчае максiмум 3-4 гадзiны, а пасля цiск зноў iмкнецца ўверх. Адбываецца велiзарная нагрузка на сасуды, бо цiск скача ўверх-унiз... Аднойчы яны могуць не вытрымаць i здарыцца трэцi iнсульт... Для пастаяннай дапамогi патрэбны прэпарат кшталту амладзiпiну, якi на фоне вашай дзённай працы будзе трымаць цiск у норме.

— Пасля працы на сонцы некалькi разоў iшла кроў з носа.

— Бачыце, арганiзм ужо спрабуе неяк ратавацца — кроў з носу iдзе, а гэта сведчанне высокага цiску. Мерайце пастаянна цiск i прымайце лячэнне.

* Мiнск, Нэла Iванаўна. 77 гадоў. Апошнiя пяць гадоў кожную ранiцу павышаны артэрыяльны цiск — 160-170/90. Часам праз 1-2 гадзiны ён без лекаў прыходзiць у норму — 140/90, калi не — прымаю нефiдзiпiн пад язык. Гэта да ларысты, якую прымаю па 50 мг ранiцай i ўвечары. На ноч п'ю мертэнiл, 10 мг. Халестэрын у норме. Наколькi небяспечнае ранiшняе павышэнне цiску? З чым гэта можа быць звязана i як змагацца?

— Калi вы прачынаецеся з такiм высокiм цiскам, то, можна меркаваць, што ноччу ён яшчэ вышэйшы. Самыя небяспечныя павышэннi артэрыяльнага цiску — менавiта ранiшнiя, каля 5-6 гадзiн. Лекавая тэрапiя павiнна быць такой, каб трымаць цiск у норме да ранiцы. Нефiдзiпiн добры ў якасцi хуткай дапамогi, мертэнiл — вельмi добры для знiжэння халестэрыну, аднак патрэбна яшчэ гiпатэнзiўная тэрапiя для знiжэння цiску.

— Клецк, Ганна. Цi можна абследавацца ў вашай бальнiцы?

— Можна, для гэтага трэба пазванiць па нумары рэгiстратуры платных паслуг — 345 32 71 — i запiсацца на прыём.

* Мiнская вобласць, Людмiла. Прачытала, што прычынай артэрыяльнай гiпертэнзii можа быць не толькi высокi халестэрын, але i шмат захворванняў. Раскажыце, калi ласка, падрабязней, пры якiх захворваннях трэба апасацца гiпертанii?

— Лiчыцца, што пры павышаным цiску мы спачатку павiнны ўстанавiць яго прычыну — гэта атэрасклероз або iншае захворванне. У рэгуляцыi цiску ўдзельнiчае шмат механiзмаў, i вельмi вялiкi ўдзел у гэтым працэсе прымаюць ныркi. Часта павышаны цiск у дзяцей сустракаецца менавiта пры ныркавых захворваннях, запаленнях (пiеланефрыт, гламеруланефрыт), прыроджаных анамалiях. У дарослых гэта можа быць мочакаменная хвароба.

Даваць высокiя лiчбы цiску могуць i наступствы чэрапна-мазгавой траўмы, астэахандроз, анамальна размешчаныя сасуды ў нырках (стэнозы ныркавых артэрый), праўда, каб паставiць такi дыягназ, трэба выканаць каранараграфiю.

* Гродна, Вiкторыя Андрэеўна. 58 гадоў. Халестэрын — 5,7 ммоль/л. Прачытала, што пры павышаным халестэрыне трэба рабiць лiпiдаграму. Раскажыце падрабязней, на што ўплываюць трыглiцэрыды? Што азначае iндэкс атэрагеннасцi?

— Агульны халестэрын, якi вы высветлiлi, лiчыцца скрынiнгавым метадам — выконваецца ў першую чаргу i абсалютна ўсiм. Аднак пры высокiх лiчбах (звыш 5,2 ммоль/л) неабходна рабiць разгорнуты аналiз — лiпiдаграму. Таму што бываюць выпадкi, калi ў пацыентаў паказчык павышаны за кошт так званага «добрага» халестэрыну, якi дапамагае арганiзму пазбаўляцца «дрэннага». Тады нiчога не трэба рабiць. Iндэкс атэрагеннасцi якраз i паказвае на суадносiны «добрага» i «дрэннага» халестэрыну. Калi «дрэннага» звыш нормы i пры гэтым ёсць дыягназ атэрасклероз, то трэба прымаць спецыяльныя лекi для знiжэння халестэрыну. Але ў першую чаргу пацыенту нагадваюць пра дыету з нiзкай колькасцю жывёльных тлушчаў i фiзiчную актыўнасць. Жанчыне да менапаўзы не прызначаюць падобныя прэпараты пры першым жа павышэннi халестэрыну: яе сасуды да гэтага часу абараняе дастатковы гарманальны фон. Калi павышаны халестэрын ёсць у чалавека з дыягназам артэрыяльная гiпертэнзiя, то без прэпаратаў для знiжэння халестэрыну ўжо не абысцiся.

Ну, а высокiя лiчбы трыглiцэрыдаў часта ўказваюць на паталогiю падстраўнiкавай залозы, страўнiкава-кiшачнага тракту, печанi. Трыглiцэрыды небяспечныя для сасудаў.

* Мiнск, Яўгенiя Вiктараўна. 54 гады. Некаторыя ўрачы кажуць, што з дапамогай харчавання немагчыма адрэгуляваць узровень халестэрыну. Цi сапраўды чалавеку з высокiм узроўнем халестэрыну трэба амаль цалкам адмовiцца ад мяса, сала, масла, яек?

— Калi ўзровень халестэрыну высокi, то жывёльныя тлушчы неабходна абмяжоўваць. Можна зрэдку з'есцi кавалачак свежага сала з зяленiвам, а пасля фiзiчна папрацаваць. Яйкi змяшчаюць не толькi халестэрын, але i рэчывы, якiя яго знiжаюць. Галоўнае — абмяжоўваць падобныя прадукты, не есцi штодня або некалькi разоў у дзень.

* Жлобiн, Генадзь. Што вы можаце сказаць пра беларускiя гiпатэнзiўныя прэпараты?

— У нас сёння вялiкi выбар гiпатэнзiўных сродкаў, i ўсе яны даступныя. Ёсць i беларускiя аналагi. Актыўнае рэчыва ва ўсiх гэтых леках аднолькавае i адпавядае мiжнародным нормам.

Пiце чай з малiны

* Вiцебск, Антанiна Iванаўна. У мацi, ёй 79 гадоў, быў рэзкi скачок цiску — да 180. Урач сказала, што гэта гiпертанiчны крыз i што ў наступны раз можа быць iнсульт. Чаму здараецца крыз i цi можна пазбегнуць яго паўтору?

— Гiпертанiчны крыз, калi ёсць не толькi павышаны цiск, але наогул назiраецца расстройства механiзмаў яго рэгуляцыi, праяўляецца праз ванiты, парушэнне кровазабеспячэння галаўнога мозга, нестабiльнасць сасудаў. Гэта пагражае iнсультам або iнфарктам. У гiпатонiка, якi меў цiск 100/80, крыз можа адбыцца пры 130. Стан гэта цяжкi, паколькi тут не адзiн сiмптом, а разбалансiроўка важнага механiзма. А гэта пагражае ўскладненнямi. Гiпертанiчны крыз могуць абумовiць i эмоцыi, i фiзiчная актыўнасць, i надвор'е. Заўважана, што ён часта здараецца падчас поўнi. Такi стан можа запатрабаваць i шпiталiзацыi, таму абавязкова трэба выклiкаць «хуткую».

* Мiнская вобласць, Аляксей. У бацькi шмат гадоў цукровы дыябет 2-га тыпу. Ён абмяжоўвае сябе ў ежы, бо вельмi баiцца ўскладненняў. Што вы параiце рабiць для iх прафiлактыкi з боку сардэчна-сасудзiстай сiстэмы?

— Найперш трэба мераць цiск, рабiць электракардыяграму, здаваць аналiз мачы. Калi будуць выяўлены нейкiя адхiленнi, то прызначаць сардэчна-сасудзiстыя прэпараты. Як правiла, пры павышаным цiску на фоне дыябету прызначаюць прэпарат з групы iнгiбiтараў АПФ. Пры такiм стане павышаны i ўзровень халестэрыну, таму пажадана ўжываць стацiны. Такiя лекi неабходны яшчэ i таму, што адной дыеты будзе недастаткова для нармальных лiчбаў халестэрыну. Ён можа павышацца i пры нервовай нагрузцы.Слаба дапаможа дыета i пры генетычных асаблiвасцях абмену халестэрыну.

— А якое перавышэнне вагi будзе небяспечным для работы сэрца?

— Разлiчваецца iндэкс масы цела. Для гэтага трэба вашу вагу (кг) падзялiць на рост (м)2. Норма — ад 21 да 28. Усё, што больш, безумоўна, будзе небяспечным i для сэрца, i для здароўя ўвогуле.

* Мiнск, Ганна. 39 гадоў. Паўгода таму трапiла ў бальнiцу з арытмiяй. Цяпер быццам бы ўсё нармалiзавалася. Прычыну так i не ўстанавiлi. Шчытападобная залоза ў норме. Цi трэба яшчэ неяк абследавацца? Цi можа арытмiя больш не вярнуцца?

— Самае важнае — устанавiць прычыну, разабрацца, пры якiх абставiнах сарваўся рытм. Неабходна выканаць ультрагукавое даследаванне сэрца, зрабiць холтэраўскае манiтарыраванне. Можа быць, прычынай збою рытму было атручэнне (млосць, ванiты, расстройства кiшэчнiка) i, як вынiк, электралiтныя парушэннi. Такое можа быць i падчас цяжкай працы ў спёку, калi ёсць надта моцнае потааддзяленне i сэрцу не хапае электралiтаў, таго ж калiю, у вынiку чаго i сарваўся рытм.

* Ушачы, Яўгенiя Аляксандраўна. 58 гадоў. Упершыню ўзняўся цiск. Урач прапiсаў канкор. Але мне цiкава, што гэта за прэпарат. У якiм выпадку мне яго адменяць? Якiя беларускiя аналагi iснуюць i што з'яўляецца найбольш эфектыўным?

— Калi вам прапiсалi канкор, значыць, была павышаная частата сардэчных скарачэнняў. Беларускi прэпарат — бiсапралол, гэта мiжнародная назва. Бiсапралол выпускаюць у нас нават некалькi айчынных фармакалагiчных заводаў. Паступова гэты прэпарат могуць i адмянiць, але важна прасачыць, як вы будзеце сябе адчуваць пасля яго адмены. Трэба разабрацца i з тым, цi няма ў вас артэрыяльнай гiпертэнзii. Ваш узрост указвае на тое, што пачатковы атэрасклероз ужо ёсць, а таму трэба сачыць i за ўзроўнем халестэрыну.

* Мiнск, Алена. Цi праўда, што пасля 40 гадоў усiм неабходна прымаць аспiрын?

— Калi ў чалавека ёсць фактары рызыкi развiцця iшэмiчнай хваробы сэрца або пастаўлены такi дыягназ, то, вядома, трэба. Аспiрын папярэджвае склейку трамбацытаў. Вось чаму яго неабходна разжаваць пры iнфаркце, каб не дазволiць утварыцца тромбу. Дзеянне гэта працягваецца да 36 гадзiн.

— Аднак ён небяспечны для страўнiка...

— Iснуюць i формы, якiя ўсмоктваюцца ў кiшэчнiку. Праўда, яны не падыходзяць у вострай сiтуацыi, пры працяглым болi ў грудзях. Аспiрын, дарэчы, змяшчае i малiна: можна ўжываць i каранi, i сцябло, гатаваць як чай i пiць.

* Капыль, Валянцiна. 59 гадоў. Ёсць атэрасклероз сасудаў галаўнога мозга, вегета-сасудзiстая дыстанiя. Мяне непакоiць нейкая закладзенасць у галаве, нават адно вуха нiбыта закладзена, а часам левы бок галавы нямее. Цiск у норме... П'ю гiнгка бiлоба, але пакуль толькi месяц.

— Гэты прэпарат паляпшае работу клетак галаўнога мозга. Аднак патрэбны i нейкiя сасудзiстыя лекi — эмаксiпiн, карацiнекс, напрыклад. Патрэбны вам лекi i для папярэджвання згусання крывi, i для знiжэння халестэрыну.

— Палакард можна пiць?

— Можна, ён дзейнiчае да 36 гадзiн. Увогуле, вам трэба абследавацца ў неўролага.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.