Вы тут

У цэнтры ўвагі — дзеці


Аднайменная акцыя будзе доўжыцца ў краіне да канца верасня.

Пачатак навучальнага года — найлепшы час, каб нагадаць дзецям і іх бацькам пра правілы бяспечных паводзін. А яшчэ важна зрабіць гэта не ў форме лекцый, а праявіць крэатыў. Як жа пройдзе скіраваная на бяспеку дзяцей акцыя? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з прэс-сакратаром Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталём Дэмбоўскім.

Пажарная амуніцыя сярод школьнай формы

— Наша прафілактычная акцыя праходзіць у тры этапы ў залежнасці ад ахопу мэтавай аўдыторыі. Першы з іх ужо распачаўся і скончыцца 31 жніўня. Пройдзе ён у буйных гандлёвых цэнтрах і закране некалькі секцый адначасова. Там, дзе прадаецца школьная форма і вопратка, будуць сярод іншых тавараў выстаўлены прыцягальна яркія камплекты баявой амуніцыі ратаўнікоў, наўмысна зменшаныя да дзіцячых памераў. На іх нанесена інфармацыя аб тым, колькі дзетак загінула пры пажарах. Яшчэ адно «гарачае» месца ў перадшкольную пару — аддзелы канцылярскіх тавараў. Там пакупнік знойдзе сярод звыклых ручак, алоўкаў і сшыткаў вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. А актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных будуць раздаваць наведвальнікам разнастайную наглядную прадукцыю, прысвечаную тэме бяспекі — брашуры, памяткі, календары.

Такі незвычайны фармат быў абраны невыпадкова. Як правіла, на школьныя «закупы» людзі адпраўляюцца сем'ямі, і спецыфіка акцыі распрацоўвалася, зыходзячы з гэтай асаблівасці. Не сакрэт, што пераважная большасць няшчасцяў з дзецьмі адбываецца праз недагляд дарослых: не схавалі своечасова запалкі, не арганізавалі правільна адпачынак, паблажліва аднесліся да свавольства, пакінулі адных дома...

Як правільна эвакуіравацца са школы?

Для кожнай узроставай групы вучняў распрацаваны адмысловы стыль выкладання. Што падыходзіць першакласніку, тое зусім не зацікавіць выпускніка.

— З 1 па 15 верасня ратаўнікі будуць праводзіць прафілактычныя гутаркі з навучэнцамі, — працягвае Віталь Дэмбоўскі. — Таксама яны паўдзельнічаюць у бацькоўскіх сходах і класных гадзінах. Як вядома, найлепшая агітацыя — наглядная. І таму вучням пакажуць тэматычныя навучальныя фільмы і мульцікі. Іх лейтматывам стане папярэджанне дзіцячага траўматызму, гібелі на пажарах. Чакаюць вучняў і шматлікія інтэрактыўныя конкурсы з прызамі і падарункамі. Але ніводная тэорыя немагчыма без практыкі. Так, школьнікаў навучаць правільна эвакуіравацца.

Да супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях далучацца і члены Таварыства ратавання на водах. А яшчэ ва ўсе школы паступіць маляўнічая кніга «Формула бяспекі».

Тэатр для самых маленькіх

— А вось з самай спецыфічнай катэгорыяй даводзіцца працаваць у дзіцячым садку, — лічыць Віталь Дэмбоўскі. — Калі тыя ж першакласнікі ўжо ўмеюць чытаць, то да дашкольнікаў з інфармацыйным тэкстам ісці бессэнсоўна. Фармуліроўка «прафілактычная гутарка», звыклая для школьнікаў, малым будзе папросту незразумелай. І таму застаецца толькі гуляць на блізкіх асацыяцыях, каб дзеткі вучыліся бачыць сувязь паміж нейкім дзеяннем і яго вынікам. Тут мы выкарыстоўваем шматлікія тэатралізаваныя пастаноўкі. Самы распаўсюджаны метад — сюжэт вядомай дзецям казкі, які крыху змяняецца ў бок прапаганды бяспекі і становіцца інтэрактыўным. Тут для нас бадай што самае галоўнае — навучыць выхаванцаў садкоў, як трэба сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі і як клікаць на дапамогу. Зараз жа першыя мабільныя тэлефоны ў дзяцей з'яўляюцца яшчэ да школы. А наша задача — зрабіць так, каб ён у руках малечы быў не проста прыгожай цацкай, але і навучыць, як правільна тэлефанаваць у службу выратавання. Не забудземся і пра бацькоў: з імі пагутараць ратаўнікі і правядуць навучальныя інструктажы, а таксама пакажуць тэматычныя відэастужкі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.