Вы тут

Нашы ў Пекіне


Яшчэ нядаўна, на ваенным парадзе 9 Мая, па мінскім праспекце праехалі самыя дарагія ў гісторыі Кітая лімузіны, як неўзабаве ў парадным разліку па сталіцы Паднябеснай пройдуць беларускія вайскоўцы. Прадстаўнікі адной з самых элітных воінскіх часцей Узброеных Сіл Беларусі накіраваліся ў Пекін, каб 3 верасня паўдзельнічаць у ваенным парадзе, які адбудзецца з нагоды 70-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне.

Да знакавай падзеі вайскоўцы роты ганаровай варты рыхтаваліся не адзін дзень. Зараз іх чакаюць інтэнсіўныя трэніроўкі разам з кітайскімі калегамі. Адказнасць — вялікая. Усё-такі гэта першы парад такога ўзроўню: будзе задзейнічана бранятэхніка, ракетныя комплексы, у якасці гасцей у Кітаі чакаюць кіраўнікоў дзяржаў. Аднак выступаць перад такімі важнымі гледачамі, як і ўвогуле прадстаўляць нашы Узброеныя Сілы на міжнародным узроўні, беларускім вайскоўцам не ўпершыню.

— Усе адказна прайшлі падрыхтоўку да гэтага мерапрыемства, — расказаў напярэдадні ад'езду камандзір зводнай роты ганаровай варты Павел ШПАРЛА. — Мы рыхтаваліся каля двух месяцаў. Былі штодзённыя трэніроўкі ў любое надвор'е, у розных умовах. Мы прагледзелі шмат відэаматэрыялаў, каб бачыць непасрэдна ўмовы правядзення парада, як выконваюць страявыя прыёмы ваеннаслужачыя кітайскай арміі. І, у прынцыпе, гатовыя да выканання пастаўленай задачы.

Супрацоўніцтва паміж Узброенымі Сіламі Беларусі і Кітая доўжыцца ўжо на працягу больш чым 20 гадоў. А пачыналася ўсё з абмену вопытам у вытворчасці шасі для цяжкіх ракет. Сёння ў гэтым кірунку працуе адразу некалькі сумесных прадпрыемстваў, а спіс двухбаковых праектаў у дзясяткі разоў павялічыўся. Вялікае значэнне мае і супрацоўніцтва ў гуманітарнай галіне. Беларускі бок з вялікай удзячнасцю адносіцца да дапамогі, якая бязвыплатна прадастаўляецца кітайскай арміяй.

Як адзначыў статс-сакратар, памочнік міністра абароны Беларусі па пытаннях ваеннай палітыкі Алег ВОІНАЎ, удзел беларускіх ваеннаслужачых у парадзе ў Пекіне адкрые шырокія перспектывы ваеннага супрацоўніцтва армій дзвюх краін. «Ужо не першы год мы супрацоўнічаем у многіх сферах, — падкрэсліў генерал-маёр. — Так, сёлета на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прайшла сумесная беларуска-кітайская антытэрарыстычная трэніроўка «Імклівы арол — 2015», якая дазволіла абмяняцца вопытам, правесці зладжванне беларускіх і кітайскіх падраздзяленняў, стварыць фундамент для далейшага развіцця беларуска-кітайскіх адносін у галіне сумеснай падрыхтоўкі войск».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.