Вы тут

«Хутчэй бы на танцы!»


У далёкім 1975-м Аляксандр аказаўся адзіным хлопцам на вяселлі сябра, які ўмеў вальсаваць.

Аляксандр Андрэевіч і Галіна Рыгораўна ЗАХАРЭНКІ сустрэлі мяне на ганку цэнтра сацабслугоўвання — абодва стройныя, маладжавыя, падцягнутыя. 40 гадоў таму яны ппазнаёміліся дзякуючы танцу і працягваюць танчыць да гэтага часу! І, мяркуючы па ўсім, па-ранейшаму закаханы адно ў аднаго.

20-19

«Пахудзела за год на 10 кілаграмаў без усялякіх дыет»

— Мы вельмі любім танцаваць, — кажа Галіна Захарэнка. — Але, калі працавалі, не было часу, каб пайсці на курсы. Наша спартыўная сям'я; муж — майстар спорту па парашутным спорце, займаўся і боксам, і падводным паляваннем. А танцы былі проста мілым хобі, танчылі ў гасцях...

І вось тры гады таму я выпадкова прачытала пра тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна Мінска і прыйшла туды «на разведку». Вахцёр на ўваходзе пытаецца: «Што вы хочаце?». А мне было цікава даведацца пра гурткі. Спытала, ці ёсць танцы. «Так, ёсць, ідзіце ў актавую залу, там якраз выкладчыца», — адказаў вахцёр. Так мы сталі хадзіць сюды танцаваць.

«Танец — гэта прыгажосць, рух, вытанчанасць і здароўе», — лічыць Аляксандр Захарэнка. «Пастава становіцца прыгожай! Мышцы ўмацоўваюцца! Паляпшаецца каардынацыя рухаў! Зараз, калі прапускаем занятак, вельмі перажываем. Цягне займацца! Гаворым сабе: хутчэй бы на танцы!» — смяецца яго жонка. Яна не хавае, што з-за ўзросту не заўсёды бывае лёгка: то спіна баліць, то сэрца цягне. Трэба проста прыслухоўвацца да свайго арганізма, але не занадта патураць — і тады ўсё будзе добра.

Галіна Рыгораўна прызнаецца, што, займаючыся танцамі, пахудзела за год на 10 кілаграмаў. І без усялякіх дыет! «Таму што нагрузка, — лічыць яна. — Часам, развучваючы рухі, уся мокрая была. Затое адчуваю сябе добра».

Каб навучыцца правільным рухам, трэба папрацаваць, адразу не атрымліваецца. Некаторых гэта адпуджвае. Але вельмі важна не адступаць пры першых складанасцях: чым больш займаешся, тым лягчэй у рэшце рэшт становіцца.

— У Мінску шмат месцаў, дзе можна навучыцца танчыць, — кажа Аляксандр Андрэевіч. — Але гэта дорага! За месяц заняткаў трэба аддаць 400 тысяч, для пары — ужо 750 тысяч. Не кожны чалавек, а тым больш пенсіянер, можа дазволіць сабе выкладваць такія сумы. А тут, у нашым цэнтры, усё гэта бясплатна.

З вялікай цеплынёй сужэнцы кажуць аб сваёй выкладчыцы Валянціне Пятроўне Новікавай, якая ў мінулым была зоркай бальных танцаў. На жаль, у сакавіку гэтага года яна пайшла з жыцця. «Цяпер у нас пастаяннага трэнера няма, таму што мы пенсіянеры і прыходзім сюды днём. Таму ў асноўным займаемся самастойна. Глядзім розныя рухі, танцавальныя звязкі ў інтэрнэце, а потым развучваем самі. Так вывучылі павольны факстрот, ча-ча-ча», — кажуць муж і жонка.

«Каб, паглядзеўшы на нас, і іншыя сталі займацца...»

Дарэчы, Аляксандр і Галіна Захарэнкі цяпер ужо не проста танчаць для сябе, а радуюць сваім мастацтвам гледачоў. Выступаць сталі не так даўно, што, улічваючы іх не вельмі юны ўзрост (Аляксандру 68 гадоў, Галіне — 63), ужо само па сабе захапляе.

— Кожны кастрычнік у Мінску праходзіць выстава «50+» у Палацы мастацтваў. Мы там звычайна выступаем. Гледачам вельмі падабаецца, цёпла нас прымаюць, — распавядае жонка. — У Акадэмію навук нас запрашалі, у 113-ю гімназію на выпускны баль... Там мы наладзілі своеасаблівы танцавальны дыялог пакаленняў: маладыя танцавалі свае танцы, а мы — класіку.

— Мы самі праяўляем ініцыятыву. Адпачывалі ў санаторыі ад нашага «Белтэлекама» (дзе калісьці працавалі) і станчылі там. Так усе даведаліся, што мы займаемся танцамі, і потым прафкам прадпрыемства стаў запрашаць нас выступіць на рэспубліканскім конкурсе. Калі ў гэтым годзе запросяць, мы паедзем з танга — ужо рэпеціруем! Наш тэлефон запісалі і ў Палацы прафсаюзаў. Увосень там праходзіць штогадовы баль. Запросяць — станчым і там, не запросяць — нічога страшнага, мы ж гэта робім, па вялікім рахунку, для сябе, свайго задавальнення. А выступленні — гэта ў пэўным сэнсе прапаганда. Каб, паглядзеўшы на нас, сталі займацца і іншыя людзі.

— Сёлета пайшлі на вечар, дзе людзі танцуюць танга, — кажа Галіна. — І я заўважыла, якія разняволеныя людзі там збіраюцца. Гэта вельмі добра! Бо раней як было? Я не ўмею танчыць — і не буду, пастаю ўбаку. А цяпер — не ўмеюць, але спрабуюць.

Я наогул лічу, што танцы трэба абавязкова выкладаць у школе, нават у дзіцячым садку ўжо можна пачынаць. Людзі павінны ўмець танцаваць!

Сетцы ўсе ўзросты пакорлівыя

Наогул, у цэнтры сацабслугоўвання ўся праца, найперш выкладанне ў гуртках і на курсах, заснавана ў асноўным на валанцёрстве. Гэта значыць, людзі тут у большасці сваёй працуюць бясплатна. Вось і Аляксандр Захарэнка таксама — не толькі танчыць, але і працуе ў якасці валанцёра: вядзе камп'ютарныя курсы, на якіх у рамках праекта «Сетцы ўсе ўзросты пакорлівыя» вучыць іншых пенсіянераў працаваць з камп'ютарам.

Ён сам, перш чым выйсці на заслужаны адпачынак, працаваў у Мінскім вытворчым аб'яднанні вылічальнай тэхнікі, потым на «Інтэграле», у Мінскай гарадской тэлефоннай сетцы. Увогуле, можна сказаць: усё яго жыццё была звязана з камп'ютарамі. І калі зараз сутыкнуўся з тым, што цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва мае патрэбу ў выкладчыках камп'ютарнай асветы, пагадзіўся папрацаваць.

— Жонку вучыць не давялося, яна сама доўгі час працавала матэматыкам-праграмістам, — усміхаецца ён. — Але ўвогуле старэйшае пакаленне за рэдкім выключэннем не валодае камп'ютарам. Між тым уменне працаваць з ім вельмі дапамагае ў жыцці. Цяпер сваякі і дзеці часцяком з'язджаюць на край свету. А калі валодаеш камп'ютарам, можаш без праблем мець зносіны з імі па Skype, прычым цалкам бясплатна. Можна таксама пагутарыць са сваімі сябрамі маладосці ў «Одноклассниках», талончык да ўрача замовіць праз інтэрнэт, квіткі, нешта купіць... Пажылым людзям гэта вельмі зручна, бо пры гэтым нават з дому не трэба выходзіць! І галава працуе: мозг не «ўсыхае»...

Дні ў Аляксандра і Галіны Захарэнкаў, бывае, распісаны ледзь не па хвілінах: столькі ўсяго трэба паспець. Бо і дзеці ёсць, і ўнукі — усім дапамагчы хочацца. Але, мяркуючы па ўсім, такое актыўнае жыццё ім падабаецца!

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Фота з архіва сям'і Захарэнкаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.