Вы тут

Парадак на выбарах будзе забяспечаны


Да выбараў Прэзідэнта засталося не так і шмат — крыху больш за паўтара месяца. І да гэтай адказнай падзеі трэба належным чынам падрыхтавацца.

— Рашэннем міністра ўнутраных спраў зацверджаны комплекс мерапрыемстваў, якія будуць рэалізоўвацца падчас далейшага ходу выбарчай кампаніі, — паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Дзмітрый Кур'ян. — З 5 па 12 кастрычніка міліцыя і ўнутраныя войскі будуць пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Разгорнецца і кругласутачны аператыўна-сітуацыйны штаб. Выбарчыя ўчасткі возьмуць пад кругласутачную ахову, як толькі туды паступяць бюлетэні. Мы гатовы да развіцця любой сітуацыі, якая можа ўскладніць становішча, адэкватна адрэагаваць на яе. Пакуль жа можна падвесці прамежкавыя вынікі выбарчай кампаніі. Яна праходзіць у спакойным і стабільным рэчышчы.

Па традыцыі прагаласаваць можна будзе датэрмінова. Аднак ёсць месцы, дзе зрабіць гэта не атрымаецца. Сярод іх — медыцынскія ўстановы.

— Галасаванне ў нас праводзіцца толькі ў асноўны дзень, — зазначыў начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук. — Як правіла, на ўчастках у бальніцах яно заканчваецца рана. Часам інфармацыя па тых, хто прагаласаваў, з'яўляецца нават апоўдні. Зразумела, калі дазволіць стан здароўя і пратаколы аказання медыцынскай дапамогі, пацыентаў будуць прыкладна за тыдзень адпускаць дадому. Але ж людзі паступаюць у бальніцы штодня. І тыя, хто 11 кастрычніка застанецца ў стацыянарах, змогуць прагаласаваць на ўнутраных участках, якія будуць створаны пры кожнай бальніцы. Кудысьці перавозіць пацыентаў не будзе патрэбна.

Яшчэ адзін важны складнік парадку на выбарчых участках — гэта проціпажарная бяспека.

— Мы загадзя распрацавалі адмысловы комплекс мер, — гаворыць першы намеснік начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Сувораў. — Складаецца ён з двух блокаў. Адзін з іх скіраваны на максімальную арганізацыю прафілактычнай працы, другі ж — на ўзмацненне службы. На выбарчых участках прадугледжана дзяжурства нашых супрацоўнікаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.