Вы тут

«Я ніколі не быў анёлам»


Вытрымкі з ліста Чарлі Чапліна сваёй дачцэ.

Чарлі Чаплін, бацька 12 дзяцей, калі яму было 76 гадоў, напісаў кранальнае пасланне сваёй дваццаціаднагадовай дачцэ Джэральдзіне, якая шукала сябе ў танцы на парыжскай сцэне. Ліст вельмі эмацыйны, глыбока асабісты, але ў той жа час ён падыходзіць кожнаму з нас. Гэта ўзор бацькавай любові і клопату, суму і радасці, гонару і перажыванняў, назапашанай мудрасці і дзяцінства, якое захавалася ў ім. «Я ніколі не быў анёлам, — пісаў геній кінематографа, — але я заўсёды імкнуўся быць чалавекам. Пастарайся і ты». Прачытайце і падумайце, чаму навучылі вас вашы бацькі і чаму вы хацелі б навучыць вашых дзяцей.

Безимени-1

«Дзяўчынка мая! Будзь прыгажуняй і танчы! Будзь зоркай і ззяй! Але калі захапленні і падзяка публікі цябе ап'яняць, калі водар падораных кветак закружыць табе галаву, то сядзь у куточак і прачытай мой ліст, прыслухайся да голасу свайго сэрца.

Ці ведаеш ты, колькі начэй я праседжваў ля твайго ложачка, калі ты была зусім малечай, распавядаючы табе казкі пра спячую прыгажуню, пра нядрэмлючага цмока? А калі сон цямніў мае старэчыя вочы, я кпіў з яго і казаў: «Прэч! Мой сон — гэта мары маёй дачкі!»

Я бачыў твае мары, Джэральдзіна, бачыў тваю будучыню, твой сённяшні дзень. Я бачыў дзяўчыну, якая танцуе на сцэне, фею, якая слізгае па небе. Чуў, як публіцы казалі: «Бачыце гэтую дзяўчыну? Яна дачка старога блазна. Памятаеце, яго клікалі Чарлі?» Так, я — Чарлі! Я — стары блазан! Сёння твая чарга. Танцуй! Я танцаваў у шырокіх драных штанах, а ты танцуеш у шаўковым строі прынцэсы.

Гэтыя танцы і гром апладысментаў часам будуць узносіць цябе на нябёсы. Ляці! Ляці туды! Але спускайся і на зямлю! Ты павінна бачыць жыццё людзей, жыццё тых вулічных танцоўшчыкаў, якія танчаць, дрыжучы ад холаду і голаду. Я быў такім, як яны, Джэральдзіна.

Я спяваў і танчыў у бедных кварталах Лондана, а потым збіраў міласціну. Я спазнаў, што такое голад, што такое не мець даху над галавой. Больш за тое, я адчуў прыніжальны боль вандроўца-блазна, у грудзях якога бушаваў цэлы акіян гонару, і гэты гонар балюча ранілі кідаемыя манеты.

Я памру, але ты будзеш жыць. Я хачу, каб ты ніколі не ведала беднасці. З гэтым лістом дасылаю табе чэкавую кніжку, каб ты магла траціць, колькі захочаш. Але калі патраціш два франкі, не забудзься нагадаць сабе, што трэцяя манета — не твая. Яна павінна належаць незнаёмаму чалавеку, які ў ёй мае патрэбу. А такога ты лёгка зможаш знайсці. Варта толькі захацець убачыць гэтых незнаёмых беднякоў, і ты сустрэнеш іх паўсюль. Я кажу табе пра грошы, бо спазнаў іх д'ябальскую сілу. Я нямала правёў часу ў цырку. І заўсёды вельмі хваляваўся за канатаходца. Але павінен сказаць табе, што людзі часцей падаюць на цвёрдай зямлі, чым канатоходцы з ненадзейнага каната.

Можа быць, у адзін цудоўны дзень цябе возьме ў палон прыгожы твар якога-небудзь прынца. У гэты ж дзень ты станеш неспрактыкаваным канатаходцам, а нявопытныя падаюць заўсёды. Не прадавай свайго сэрца за золата і каштоўнасці. Ведай, што самы велізарны брыльянт — гэта сонца. На шчасце, яно зіхаціць для ўсіх. А калі прыйдзе час і ты палюбіш, то любі гэтага чалавека ўсім сэрцам.

Праца ў цябе цяжкая, я гэта ведаю. Тваё цела прыкрыта толькі кавалкам шоўку. Дзеля мастацтва можна з'явіцца на сцэне і аголеным, але вярнуцца адтуль трэба не толькі апранутым, але і больш чыстым. Я ўжо стары, і, можа быць, мае словы гучаць смешна. Але, па-мойму, тваё аголенае цела павінна належаць таму, хто пакахае тваю аголеную душу.

Нават тады, калі кроў у маіх жылах астыне, я хачу, каб ты не забылася пра свайго бацьку Чарлі. Я не быў анёлам, але заўсёды імкнуўся быць чалавекам. Пастарайся і ты. Цалую цябе, Джэральдзіна. Твой Чарлі. Снежань 1965 г.»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.