Вы тут

Камень-дэзадарант і арэхі замест мыла


А ці ведаеце вы, з чаго зроблены ваш шампунь ці гель для душа? Я, напрыклад, губляюся ў грувасткіх назвах хімічных спалучэнняў і не заўжды разумею, ці бяспечныя яны для майго здароўя. Рызыкнуць адмовіцца ад прывычных сродкаў гігіены пакуль цяжка, хаця мне ёсць з каго браць прыклад. Маладая сям'я — Дзмітрый і Юлія ПЯСЕЦКІЯ — якраз з тых людзей, якія ўмеюць чытаць складаную «мову» этыкетак. Не так даўно прыхільнікі здаровага ладу жыцця адкрылі ўласную краму натуральнай касметыкі. Cпецыяльна для «Сямейнай газеты» яны распавялі і паказалі, як дарамі прыроды можна замяніць традыцыйныя сродкі гігіены.

[caption id="attachment_96958" align="alignnone" width="600"]Безимени-1 Сям'я Пя­сец­кіх ра­іць ра­біць срод­кі гі­гі­е­ны сва­і­мі ру­ка­мі.[/caption]

Даведаешся па водары

— У студэнцкія гады мы з дзяўчатамі арандавалі кватэру, і, калі адна з нас знаходзіла нешта цікавае, заўжды дзялілася з іншымі, — распавядае пра пераход да прыроднай касметыкі Юля. — Аднойчы мая суседка прызналася, што мые бялізну мыльнымі арэхамі, а валасы — парашком мыльных бабоў шыкакаі (стручок акацыі). Я таксама вырашыла паспрабаваць. Паўгода мыла галаву жытняй мукой, мыльнымі арэхамі, гарчыцай, шыкакаі. А пасля сама пачала варыць шампуні для сябе і мужа.

Дзяўчына ўпэўнена: хімічныя сродкі гігіены заўжды можна замяніць натуральнымі. Звычайнай содай мыюць галаву, робяць з яе скраб. Мыла замяняюць аўсянкай альбо аўсяным талакном з травамі. Менавіта з гэтай крупы атрымліваюць аюрведычны сродак для ачышчэння скуры — убтан. Гатуецца ён проста: аўсянку трэба перамалоць з травамі, дабавіць парашок амлы (індыйскі агрэст), шыкакаі і змяльчыць сумесь у кавамолцы.

Дзіма таксама заўжды імкнуўся карыстацца натуральнымі сродкамі гігіены. Па яго словах, сёння многія прадаўцы спекулююць на словах «экалагічны» і «натуральны».

— Юрыдычнага паняцця «натуральная касметыка» не існуе, — заўважае хлопец. — Можна знайсці шампуні, у якіх толькі 95% кампанентаў будуць натуральнымі, а што ў астачы — невядома. Сапраўднай прыроднай касметыкі вельмі мала, гэта вузкі рынак. Напрыклад, чалавек варыў мыла, а пасля зрабіў з гэтага бізнес.

Як распазнаць — дзе натуральнае, а дзе штучнае? Дзіма кажа, што, калі нюхаеш сапраўдную натуральную касметыку, атрымліваеш асалоду ад незвычайнага пяшчотнага водару. Прадукты з «хіміяй» маюць ярка выражаны ненатуральны пах.

— Для сябе і нашых пакупнікоў мы выбіраем толькі тыя тавары, склад якіх зразумелы звычайнаму чалавеку, — адзначае Юлія. — Натуральныя касметычныя сродкі месцяць у сабе алеі, травяныя парашкі, гліны.

[caption id="attachment_96960" align="alignnone" width="600"]20-15 Квас­цо­вы ка­мень алу­ніт — аль­тэр­на­ты­ва дэ­за­да­ран­ту.[/caption]

Ці доўга жыве натуральны шампунь?

Трыфаліятус і мукаросі — два віды індыйскіх мыльных арэхаў. Мукаросі выкарыстоўваецца для ручнога і машыннага мыцця бялізны. Калі паспрабуеце памыць ім галаву, заўважыце, што валасы стануць жорсткімі. Трыфаліятус, наадварот, больш падыходзіць для цела і валасоў, праць ім не рэкамендуецца: арэхі даюць карычневае адценне і могуць пафарбаваць ваша адзенне.

— Калі ў мяне мала часу, я хапаю шэсць арэшкаў і заліваю іх гарачай вадой, — распавядае Юлія. — Пасля таго як яны астылі і разбухлі, адціскаем і мыем атрыманай вадкасцю галаву. Потым «адвар» трэба змыць. Калі час дазваляе, то ў гэты раствор я дабаўляю парашок шыкакаі альбо амлу. Маску можна патрымаць на галаве хвілін 15-20, пасля змыць вадой. Трэці варыянт — зварыць шампунь. Бяром 100 грамаў арэшкаў, дабаўляем у ваду (паўтара літра), закідваем розныя травы: крапіву, рамонак, корань аеру, календулу — і варым. Калі раствор астыне, яго трэба працадзіць. У гэты «кампот» можна дабавіць 3-4 сталовыя лыжкі жытняй мукі. Перамешваем і праціраем праз сіта, ставім на газ. Для гушчыні дабаўце больш мукі. Пераліваем у слоік і ставім у халадзільнік. Шампунь атрымае прыемны водар і захаваецца даўжэй, калі ўліць у яго эфірнае лавандавае масла. «Жыве» такі сродак 2-3 тыдні.

Выбіраючы мыла, шукайце зваранае на аснове алеяў. Калі жадаеце ўвогуле абысціся без яго — скарыстайцеся трыфаліятусам. Пакладзіце арэхі ў ільняны мяшочак: мяккай мачалкі хапае на 3-4 разы, пасля варта замяніць арэхі. Захоўвайце яе ў маразілцы альбо пасля выкарыстання кладзіце на батарэю — у сухім выглядзе мачалка праслужыць вам даўжэй.

[caption id="attachment_96961" align="alignnone" width="600"]20-14 Юлія ўпэў­не­на: па­куп­ную кас­ме­ты­ку заўж­ды мож­на за­мя­ніць пры­род­най.[/caption]

Корань-шчотка і крышталік свежасці

Юля і Дзіма чысцяць зубы травяным парашком ад сібірскай траўніцы. У адрозненне ад звычайнай пасты ён амаль не пеніцца, затое выдатна лечыць дзёсны. На Усходзе здаўна карыстаюцца місваком — гэта корань дрэва сальвадора персідская (ён месціць у сабе рэчыва, якое пазбаўляе зубы ад налёту і зубнога камню). З «палачкі» неабходна зняць кару і зрабіць з яе шчотку.

— Мне нязручна карыстацца такім сродкам, бо ён дрэнна пранікае між зубоў, — прызнаецца Юля. — Таму я аддаю перавагу молатаму місваку, часам змешваю яго з зубным парашком.

Дэзадарант можна замяніць алунітам, альбо квасцовым каменем. Кавалачак «крыстала свежасці» выглядае як дробка солі. І на смак ён церпкі, салёны, горкі і кіслы адначасова. Пры захворванні алунітам можна паласкаць горла. Але як з каменя атрымаць дэзадарант?

— Змочваеш крыстал пад вадой, наносіш на чыстую скуру ў патрэбных месцах. Пацець будзеш, але паху не застанецца, — тлумачыць тэхналогію Юля. — Плюс алуніту яшчэ і ў тым, што сам па сабе ён не пахне, а значыць, не будзе змешвацца з водарам духоў. Апошнія тры гады карыстаюся толькі такім дэзадарантам. Звычайныя сродкі закаркоўваюць поры, таксіны застаюцца ў целе, што можа прывесці да сур'ёзных захворванняў, у тым ліку да раку грудзей.

[caption id="attachment_96959" align="alignnone" width="600"]20-16 На­ту­раль­ны шам­пунь лёг­ка га­ту­ец­ца з арэ­хаў тры­фа­лі­я­тус.[/caption]

Калі жадаеце атрымаць вадкі дэзадарант, вазьміце палову чайнай лыжкі алуніту, развядзіце з вадой, дабаўце кроплю эфірнага масла альбо гідралату (кветкавую ваду). Потым пераліце гатовы сродак у слоік-спрэй.

Як бачыце, для таго каб зрабіць натуральныя сродкі гігіены, не патрабуецца вялікіх высілкаў і грошай. Часам мы гатовы заплаціць больш за маркіроўку «экалагічны», асабліва не разбіраючыся ў бясшкоднасці кампанентаў сродку. Знайсці экзатычныя тавары можна ў спецыяльных інтэрнэт-крамах, тыя ж мыльныя арэхі ёсць і ў індыйскіх крамах. Прыродная касметыка будзе каштаваць вам амаль столькі, колькі і хімічная. Аднак лепш пачніце з малога: паспрабуйце ўмывацца аўсянкай, якая заўжды ёсць пад рукой. Ці зрабіце мачалку з арэшкаў і паназірайце за сваімі адчуваннямі: яны вас дакладна не падмануць!

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

 

Рэцэпт маскі для валасоў

У алей амлы дабаўляем звычайную хну без колеру і лыжачку звычайнай гліны. Дробка карыцы прастымулюе рост валасоў і надасць ім прыемны пах. Калі ў вас сухія валасы, не перашкодзіць лыжачка какосавага алею. Калі валасы тлустыя, гэта неабавязкова. Дабаўляем сумесь траў — крапівы, календулы, рамонку. Маску заліваем кіпнем і трымаем 10 хвілін: за гэты час амла ўбярэ ў сябе водар траў. Валасы папярэдне змочваем вадой і раўнамерна размяркоўваем атрыманую сумесь па галаве, апранаем шапачку і пакідаем на гадзіну. Пасля змываем маску вадой.

Парады эколагаў установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў»

Абавязкова правярайце крэм на наяўнасць ў ім мінеральнага масла, аддушак (пазначаюцца як Perfum ці Fragrance), парабенаў — гэтыя інгрэдыенты могуць правакаваць запаленчыя працэсы ў слаях скуры, што прыводзіць да з'яўлення маршчын і зніжэння тонусу скуры.

Мінеральнае масла часта дабаўляецца ў касметыку і хаваецца пад рознымі назвамі: вадкі парафін (lіquіdparaffіn), парафінавае масла (paraffіnoіl, paraffіnumlіquіdіum), вадкі вазелін (petrolatumlіquіd, petroleumoіl), белае мінеральнае масла (whіtemіneraloіl), белае масла. Яно ўтварае на скуры плёнку, якая не дыхае. Гэта ў далейшым можа прывесці да абязводжвання, пачырванення, зніжэння бар'ерных функцый і павышэння адчувальнасці скуры.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.