Вы тут

Простыя словы


Як вы лічыце: колькі слоў чалавеку неабходна ведаць, каб дасягнуць паразумення з іншымі людзьмі? У Дастаеўскага і Талстога слоўнікавы запас быў больш за пяць тысяч, у Элачкі Людаедкі з «12 крэслаў» — не больш за трыццаць слоў. У маёй дачкі, якой толькі год і пяць месяцаў, ён складае пакуль каля 35 слоў і 6 імёнаў. Тым не менш гэтага хапае, каб з лёгкасцю патлумачыць, што ёй неабходна.

natatki

Увогуле, з таго моманту, як дзіця пачынае мэтанакіравана вымаўляць розныя словы, у жыцці бацькоў пачынаецца новы цікавы перыяд. Па-першае, ты з радасцю разумееш, што ў доме гучыць голас (не крык і не плач) яго новага паўнапраўнага жыхара. Па-другое, кожнае новае слова — гэта заўсёды цэлая гісторыя. Толькі паспявай запамінаць, пры якіх абставінах нарадзіўся новы перл. Па-трэцяе, ты, безумоўна, чакаеш, калі з гэтых маленькіх пухленькіх вуснаў зляціць самае дарагое для цябе слова. Тваё.

Размаўляць з малой я пачаў з таго самага моманту, як толькі даведаўся, што Віка цяжарная. Кожны вечар клаўся ля жывата жонкі і абавязкова распавядаў дачцэ ўсе галоўныя навіны, жадаў добрай ночы. Калі Васіліса з'явілася на свет, нашы размовы сталі больш актыўнымі. Мы з Вікай пачалі тлумачыць усё, што адбываецца навокал, словамі абазначалі сябе, родных і ўсе рэчы. Калі заставаўся з дачкой сам-насам, то вучыў яе гаварыць «тата». Старанна вымаўляў яго па складах, цягнуў кожную літару. Вельмі хацелася, каб менавіта гэтае слова стала яе першым, але мае намаганні пацярпелі фіяска. У сем з хвосцікам месяцаў дачка паклікала «маму».

Са светлай зайздрасцю дзень за днём я чакаў сваёй шчаслівай хвіліны, і яна прыйшла нечакана. Неяк вечарам мы пілі гарбату ў прыкуску з перацёртымі з цукрам клубніцамі. Малая ў гэты час курсіравала ўздоўж канапы, кожную хвіліну прыцэльваючыся да нашых прысмакаў. Праз боязь магчымай ангіны і алергіі ёй паласавацца ягадамі не давалі. Спробы «падмануць» сушкай ці пернікам не праходзілі. Яна хацела таго, што ядуць бацькі. Малая бубнела, паказвала пальчыкам на талерку, клянчыла «ма-ма-ма». Калі, відаць, увесь запас просьбаў быў вычарпаны, яна паглядзела на мяне, перавяла позірк на клубніцы, потым — зноў на мяне і жаласліва прамовіла «та-та». У гэты вечар, 24 лістапада, я ўпершыню пачуў, як маё дзіця называе мяне татам, а дачка ўпершыню пакаштавала клубніцы.

З таго моманту слоўнікавы запас Васілісы значна пашырыўся. Мы паспяхова асвоілі «бабу», «дзедзю», «цёцю», «дзядзю». Цікава, але пры фармаванні свайго слоўнікавага запасу дачка карыстаецца не толькі меркантыльным інтарэсам. Хутчэй, наадварот. З усіх слоў толькі некалькі маюць практычны характар — «ням-ням», што азначае працэс ужывання ежы і самі прысмакі, «тапта» — так яна называе абутак і нагадвае, што надышоў час прагулкі на вуліцы, «буб» — так яна просіць набыць ёй булку. Астатнія словы ў большасці сваёй звязаны з лецішчам, на якім мы праводзім большасць вольнага часу. Яна выдатна ведае, што калі ўсе разам «бру-бру» ў машыне, то едзем на «дацю», дзе жывуць яе сябры: «аў», «по-по-по» (куры), «мяў», «бадзя-бадзя» (козы) і, безумоўна, «іго-го», на якім яна так любіць «тацца» (катацца). Па дарозе на лецішча ўважліва ўсё разглядае і каментуе: вунь паехаў «сі апф» (сіні аўтобус), а за ім — «тата» (трактар), на полі «му» робяць «ням-ням».

Вядома, кожнае слова ў выкананні дзіцяці выклікае ўсмешку. Часам смешна бывае і ад таго, як яна разумее асобныя выразы. Забягаючы наперад, скажу: мы ніколі не ўжываем у адносінах да дачкі слоў з негатыўнай афарбоўкай, не называем яе дрэннай ці шкадлівай. Калі ёсць патрэба, гаворым, што яна зрабіла дрэнны ўчынак ці так робяць толькі дрэнныя дзяўчынкі, а яна, Васіліса, — харошая. Нягледзячы на гэта, малая хутка ўцяміла: большасць таго, што цікава ёй, — «дрэнны ўчынак», а быць харошай — нецікава. Таму на пытанні «Васіліса, ты — харошая? Васіліса, ты — прыгожая? яна ўмомант выдасць: «Аць» (не). Станоўчы адказ у пераліку характарыстык атрымліваеш, толькі калі запытаешся: «Ты дрэнная?» Што ж тут зробіш: хіба што пацалуеш са словамі «Ты наша харошая»...

Як і ў большасці дзяцей, словаформы Васілісы ўтвораны шляхам скарачэння ці ўвогуле ўяўляюць з сябе толькі першыя літары. Але ёсць і такія, паходжанне якіх для нас застаецца незразумелым. Напрыклад, словы «ўпаў» і «разбіўся» ў яе выкананні гучаць проста як «ап». Імя дзеда Васі яна спрасціла да «Адзя», а сябе заве не Васіліса, а «Абба». Такіх выразаў, якія абавязкова патрабуюць перакладу, у лексіконе дачкі таксама хапае, але, што цікава, у нас, у бацькоў, яны ніколі не выклікаюць цяжкасцяў. Літаральна па першых гуках мы адразу здагадваемся, аб чым ідзе гаворка, што ёй неабходна. Магчыма, усё таму, што паразуменне дасягаецца не тысячай слоў, а нараджаецца ў сэрцы...

Аляксандр АЛЕСІК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.