Вы тут

Лужына страху


У дзяцінстве я была далёка не з баязлівага дзясятку. Ведала пра непазбежнасць пакарання, але працягвала ўцякаць па канавах да цёці Клавы, каб пакатацца на УАЗіку. Цішком арудавала нажніцамі на галаве п'янага суседа Славіка, пакуль той спаў (пасля чаго з яго прычоскі смяялася ўся вёска). Тым не менш у мяне ўсё ж такі быў адзін моцны страх. Я баялася прасіць прабачэння. Што толькі ні рабілі бацькі — і ўпрошвалі, і крычалі, і нават папруга ішла ў ход, але сказаць «даруйце» ўслых для мяне было страшнейшым за смерць.

admin-ajax

На днях зачапіў за жывое абразок Лідзіі Арабей: «У час Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты беларус. Сёння кожны чацвёрты беларус гіне ад гарэлкі». Але ж бяда, калі задумацца, мае значна большыя маштабы. Побач з алкаголікамі гадамі жывуць-пакутуюць-«страчваюць сябе-гінуць» іх непітушчыя жонкі.

Нядаўна сяброўка распавяла гісторыю, у якую цяжка паверыць. Тым не менш... Бацька яе аднакласніцы «злоўжываў». Прычым, што далей, то болей. Маці ўвесь гэты час трывала. Хоць і разумела, пэўна, што адзінота ўдваіх — гэта страшна. Але ў глыбіні душы спадзявалася, што муж возьмецца за розум. Ды і дзяцей было шкада. Толькі калі дачка стварыла сваю сям'ю, адважылася і падала на развод. І неўзабаве... здарыўся цуд. У такіх выпадках кажуць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Без «нянькі» яе былы муж дапіўся да таго, што ў адзін цудоўны дзень яго, ледзь жывога, забралі на «хуткай». Урачы сказалі, што калі будзе працягваць, пражыве не больш за месяц. Ён, відаць, вельмі спужаўся, бо цяпер і грама той атруты ў рот не бярэ. Жонка прыняла яго назад. Цяпер жывуць душа ў душу, падарожнічаюць. Вось нядаўна з Італіі вярнуліся...

Гэтая жанчына — адна з нямногіх жонак алкаголікаў, хто рызыкнуў разарваць заганнае кола. Большасць жа працягвае жыць у пастаянным страху: баяцца застацца адны і замест таго, каб шукаць магчымасці, шукаюць апраўданні. «А куды ж я пайду?» «А што людзі скажуць?» «Ён жа без мяне прападзе...» Пры гэтым не разумеюць, што робяць горш не толькі сабе, але і яму. Застаюцца нянькай для мужа-алкаголіка, які мала таго, што не зарабляе грошы, дык і прапівае жончыны. Ён, відаць, добра засвоіў, што чалавекам, які баіцца, маніпуляваць прасцей за ўсё.

А жанчына працягвае наракаць на свой лёс і падпарадкоўвацца... А пасля здзіўляецца, адкуль на яе сыплюцца тыя хваробы... «Нікому ж нічога благога не зрабіла», — пры гэтым сябе ў разлік не бярэ, бо яна, як асоба, даўно ўжо растварылася ў мужы і дзецях. У народзе кажуць, што ўсе хваробы — праз нервы. Але кармічная медыцына лічыць, што людзі хварэюць з прычыны ўласных страхаў. Нездарма яшчэ Фрэнсіс Бэкан казаў: «Няма нічога страшнейшага за сам страх!»

Свой дзіцячы страх, які блакаваў і перашкаджаў развівацца, я, на шчасце, пераадолела. Зазірнуць яму ў вочы дапамог... звычайны сабака. Аднойчы я ішла некуды і звярнула ўвагу на дварняка, які стаяў на краі лужыны. Ён хацеў піць. Але толькі нахінецца, як бачыць сваё адлюстраванне. І ў сполаху адскоквае, бо думае, што гэта іншы сабака. Але ў рэшце рэшт смага перамагла страх, і ён з разгону скокнуў у лужыну. І адлюстраванне знікла. Убачыўшы гэта, я зразумела, што перашкодай паміж мной і страхам была я сама. І, як толькі зразумела, перашкода знікла...

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Іншыя матэрыялы рубрыкі

Нам усім патрэбна герань

Рукацца душамі

Бачыць галоўнае

Бег за шчасцем

Вучымся… падаць

Цаніце тое, што заслужылі

Не стамляйцеся здзіўляць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.