Вы тут

Прыцягальны маршрут на Варшаву


Беларуская чыгунка прапрацоўвае для пасажыраў новы лагістычны маршрут з Мінска ў Варшаву праз Гродна. Разам з польскімі калегамі яго плануюць адкрыць у снежні.

У выніку дамоўленасці маршрут цягніка Гродна — Беласток — Малкінія будзе падоўжаны да Варшавы. Плануецца, што ён будзе адпраўляцца з Гродна ў Польшчу ў 7.06 і прыбываць у Беласток у 8.02, у Малкінію — у 9.40, у Варшаву — у 11.29. У прэс-цэнтры магістралі распавялі, што мяркуемы графік руху дазволіць арганізаваць зручную перасадку пасажыраў па станцыі Гродна пры руху ў Польшчу з цягнікоў міжрэгіянальных ліній №№ 631, 609, 623, 634, якія звязваюць Гродна з Мінскам, Гомелем, Магілёвам, Віцебскам.

Зручная лагістыка прадугледжана і ў зваротным кірунку. Цягнік будзе адпраўляцца з Варшавы ў 6.26 і прыбываць у Гродна ў 14.20, што дазволіць пасажырам далей у 15.25 адпраўляцца ў Мінск, у 16.53 — у Маскву, Віцебск ці Магілёў, у 17.18 — у Санкт-Пецярбург, Баранавічы ці Гомель.

Па інфармацыі польскага боку, на маршруце Гродна — Варшава тамтэйшыя калегі нашых чыгуначнікаў плануюць задзейнічаць сучасны маторвагонны рухомы састаў. Каб павысіць канкурэнтаздольнасць перавозак, таксама плануецца ўвесці фіксаваны кошт праезду на цягніках па гэтым маршруце. Рэалізацыя праекта заклікана садзейнічаць павышэнню прыцягальнасці чыгуначных пасажырскіх перавозак у міжнародных зносінах і развіццю турыстычных маршрутаў.

Май на ўвазе!

У верасні Беларуская чыгунка чакае свайго мільённага інтэрнэт-пасажыра. Такі прагноз зроблены з улікам павелічэння попыту на продаж білетаў праз сеціва.

— Павелічэнню рэалізацыі праязных дакументаў праз інтэрнэт садзейнічае работа, якую Беларуская чыгунка праводзіць па ўдасканаленні сістэмы продажу. Дзякуючы спрашчэнню аплаты білетаў па банкаўскім плацежным картам праз інтэрнэт і стварэнню сэрвісу «Адзін клік» за студзень—ліпень такой паслугай ужо скарысталіся больш за 800 тысяч чалавек. Гэта сведчыць аб яе папулярнасці, — распавялі ў прэс-цэнтры магістралі. — Беларуская чыгунка раіць усім пасажырам паспрабаваць стаць шчаслівым уладальнікам мільённага білета, набытага праз інтэрнэт, і будзе рада ўручыць мільённаму інтэрнэт-пасажыру імянны сертыфікат, што пацвердзіць яго статус, і падарунак.

Да ведама

Цяпер пасажыры могуць аплачваць білеты па банкаўскім карткам Vіsa, Vіsa Electron, MasterCard, Maestro любога банка свету, а таксама карткамі сістэмы БЕЛКАРТ.

Беларуская чыгунка ажыццяўляе плацяжы за праязныя дакументы з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных карт, выпушчаных банкамі: Расіі, Літвы, Украіны, Латвіі, Германіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Італіі, Польшчы, ЗША, Францыі, Швецыі і іншых краін.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.