Вы тут

Пляскач як хуткая дапамога


Выхоўвай дзіця, пакуль яно ляжыць упоперак лаўкі.

Час ад часу даводзіцца бачыць такую карціну: дзіця разрываецца ў істэрыцы ад слёз. Толькі што мама дала яму пляскача па ўсім вядомай мяккай частцы цела. Малое вярнулася на «зямлю», але прызямленне аказалася эмацыянальна адмоўным. У такія моманты, з аднаго боку, імкнешся апраўдаць маці, а з іншага — шкадуеш дзіця. І як да гэтага ставіцца? З такім пытаннем мы звярнуліся да практыкуючага перынатальнага псіхолага Кацярыны Шавялёвай:

— Спрадвеку ва ўзаемаадносінах з дзіцем выкарыстоўвалася фізічнае пакаранне. Маецца на ўвазе не біццё ці гвалт, якое забараняецца законам, а, напрыклад, пляскач па попе. Насамрэч, яго нават нельга назваць метадам выхавання. Тут можна правесці аналогію з захворваннем. Калі ў нас катар — мы карыстаемся спецыяльнымі кроплямі. Калі гэта ангіна, то трэба звяртацца да лекаў, якія больш моцна дзейнічаюць. Калі стан сапраўды цяжкі і крытычны — выклікаем хуткую дапамогу. Мы не робім гэта кожны дзень, па дробязі, ці калі можам справіцца з хваробай самастойна. Дапамога патрэбна зараз, у гэтую хвіліну, калі нішто іншае ўжо не працуе. Калі мы разумеем, што той пляскач — адзінае адэкватнае выйсце ў дадзены момант.

Тыя, у каго ёсць дзеці, прыхільнікі ці праціўнікі фізічнага пакарання, верагодна, падпішуцца пад словамі, што ў выключных выпадках нельга абысціся без жорсткіх мер. Гэта бывае неабходна для здароўя і бяспекі самога дзіцяці. Самае галоўнае — не злоўжываць сілай, дараванай нам прыродай. Калі пастаянна вырашаць канфліктныя сітуацыі з дапамогай біцця, то з цягам часу адчувальнасць да таго, што добра і што дрэнна, у дзіцяці губляецца.

У любым выпадку пакаранне павінна адпавядаць сітуацыі. Напрыклад, мама і малы сядзяць у пясочніцы. Дзіця спакойна гуляецца. І раптам пачынае абсыпаць пяском тых, хто сядзіць побач з ім. Ён не разумее, што шкодзіць іншым, ды і кантраляваць сябе цалкам яшчэ не можа, маміных слоў і тлумачэнняў не чуе, стандартныя сродкі пакарання не дзейнічаюць. Тут пляскач па попе, магчыма, апраўданая рэакцыя мамы, але...

У славянскай народнай сістэме выхавання ёсць такая прыказка: «Выхоўвай дзіця, пакуль яно ляжыць упоперак лаўкі». Людзі і раней разумелі, што без фізічнага пакарання абысціся не атрымаецца, але рабіць гэта трэба, пакуль дзіця маленькае. Напрыклад, як можна шлёпнуць 16-гадовага падлетка? У той жа час на дзіця 5-6 гадоў пляскач падзейнічае павучальна. А ў дачыненні да маленькіх да 3 гадоў лепей увогуле гэтага не прымяняць, бо іх можна траўміраваць. Трэба адцягнуць увагу дзіцяці, зацікавіць чымсьці іншым, ці, у той жа сітуацыі з пясочніцай, узяць яго на рукі і сысці.

Справа ў тым, што ў першыя гады жыцця яшчэ маленькі чалавек успрымае свет на архаічных узроўнях дотыкаў і эмоцый. І часам дзеці сапраўды не асэнсоўваюць словы ў адрозненне ад дарослых, якія да ўсяго могуць дайсці розумам. У школьнікаў ужо развіваецца лагічнае, крытычнае мысленне, яны (асабліва ў падлеткавым узросце) пачынаюць замыкацца, хаваць свае пачуцці. Гэта той момант, калі ўпоперак лаўкі дзіця ўжо не пакладзеш. Нашы продкі дзяцей ва ўзросце пубертату каралі ў выключных выпадках: калі парушаліся агульначалавечыя каштоўнасці. Гэта магло быць нешанаванне бацькоў, замах на жыццё ці здароўе іншага чалавека. Таму для падлетка, калі ён зусім разышоўся і не кантралюе сябе, нават адзін намёк на тое, што яго могуць ударыць, астудзіць усе мінулыя намеры.

Мяне пужае адзін з новых павеваў моды ў выхаванні — па скандынаўскай сістэме. Згодна ёй, дзіцяці павінна давацца поўная свабода ва ўсім, і ніякіх пакаранняў. Але гэта элементарнае няведанне дзіцячай псіхалогіі. Калі ў малога няма канкрэтна вызначаных бацькамі межаў, то ён адчувае сябе безабаронным. Ідэя такога выхавання хаваецца ў партнёрскіх адносінах: усе, маўляў, роўныя. У такой сітуацыі дзіця павінна само вырашаць усе складаныя сітуацыі, самастойна рабіць выбар, у якім яно можа не разбірацца, разумець, што для яго шкодна, а што карысна, прымаць на сябе ўсе наступствы ўласных рашэнняў. А гэта яму не па сілах. Праз гэта дзеці, якіх выхоўваюць надта дэмакратычна, найчасцей за ўсё вырастаюць неўротыкамі.

Але як можна зраўняць 6-гадовае дзяўчо, 40-гадовага мужчыну і 75-гадовую бабулю? Гэта немагчыма з пункту гледжання фізічнага стану, жыццёвага вопыту, сіл, здольнасцей, магчымасцей і перспектыў. Па скандынаўскай сістэме, калі тая ж бабуля не можа несці цяжкую торбу, яна павінна сама з гэтым справіцца. Бо дапамога ёй — гэта спроба паказаць, што яна мае патрэбу ў апецы, што яна ўжо не нароўні. У славян жа спрадвечна існавала і цяпер жыве супрацьлеглая іерархічная сістэма: Бог, за ім вопытныя бабулі з дзядулямі, тата, матуля і потым дзеткі. Калі ты моцны мужчына — дапамажы малому ці бабулі. Бо ты ці падпарадкоўваешся ім, ці падпарадкоўваеш кагосьці. У абодвух выпадках нясеш пэўную адказнасць за абаіх, а ў яе ўваходзіць і стварэнне бяспечных умоў жыцця. Таму ў сістэме, уласцівай славянам, дзіця адчувае сябе найбольш абароненым і расце псіхалагічна здаровым.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.