Вы тут

Ігар Сівадзедаў: «Хочам вярнуць былыя пазіцыі»


Галоўны трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы пра тое, чаго чакаць заўзятарам ад выступлення нашых атлетаў.

22 жніўня ў Пекіне стартуе чарговы чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Беларусь на найбуйнейшых спаборніцтвах будзе прадстаўлена 18 спартсменамі. Хоць склад і не вялікі, але ў ім сабраны найлепшыя атлеты краіны, якія здольны паказаць высокія вынікі. Планетарнае першынство стане апошняй маштабнай праверкай перад галоўным стартам чатырохгоддзя — Алімпіядай у Бразіліі. Напярэдадні галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Ігар СІВАДЗЕДАЎ распавёў карэспандэнту «Звязды» пра патэнцыял нашых спартсменаў, праблемы сусветнай і айчыннай лёгкай атлетыкі і пра тое, ці здольна наша краіна ў найбліжэйшай будучыні прыняць такі чэмпіянат.

Безимени-3

— Кантрольным стартам перад планетарным першынством у Пекіне стаў адкрыты чэмпіянат Беларусі, які нядаўна прайшоў у Гродне. Для многіх ён жа з'яўляўся апошнім этапам падрыхтоўкі і магчымасцю адабрацца на чэмпіянат свету ў Кітай. Таму для ўсіх нашых спартсменаў важна было паказаць добры вынік. Для тых, хто не выканаў адборачныя нарматывы, трэба было іх выконваць, а для тых, у каго яны меліся, пацвердзіць свой узровень гатоўнасці.

— Ці былі для вас нечаканасці на чэмпіянаце краіны?

— Варта адзначыць, што ў Гродне быў паказаны шэраг высокіх вынікаў. Адным з сюрпрызаў стала выступленне скакуна ў даўжыню Канстанціна Барычэўскага, ён «паляцеў» на 8 метраў 22 см. Хоць гэты вынік і быў паказаны з невялікім спадарожным ветрам, які перавышаў устаноўленую норму, усё роўна узровень вельмі прыстойны, з ім можна прэтэндаваць на высокія месцы чэмпіянату свету. Добра зарэкамендавалі сябе ў скачках у даўжыню дзяўчаты — Анастасія Мірончык-Іванова і Вольга Сударава. Адчуваецца, што яны абедзве яшчэ маюць рэзерв і могуць палепшыць свой вынік. Выдатныя секунды ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі ў Аліны Талай. Нягледзячы на тое, што канкурэнцыі ў краіне ў яе пакуль няма, Аліна паказала вынік 12,74, гэта ўсяго на 0,04 сек. горш за яе асабісты рэкорд. Так хутка на чэмпіянатах краіны яна яшчэ ніколі не бегала, таму ёсць упэўненасць, што ў Пекіне Аліна можа прабегчы на ўзроўні свайго найлепшага часу.

Добрыя вынікі паказалі штурхальніцы ядра Алёна Дубіцкая (18,88 м) і Юлія Леанцюк (18,60 м). У кіданні кап'я ўпэўненую перамогу атрымала Таццяна Халадовіч, якая апошнім часам выступае стабільна. Гэта, на мой погляд, дазваляе спадзявацца на поспех у Пекіне. Цікавая барацьба завязалася ў кіданні молата ў мужчын, у апошняй спробе Павел Барэйша (76,06 м) вырваў перамогу ў Юрыя Шаюнова (75,36 м).

— Напэўна, не абышлося і без расчараванняў?

— Вядома, мы разлічвалі на Яну Максімаву ў мнагабор'і, якая павінна была на чэмпіянаце Беларусі паказваць свой вынік, чакалі пападання ў нацыянальную каманду ад Кацярыны Паплаўскай у бегу на 100 метраў з бар'ерамі, але на жаль, дзяўчаты не змаглі праявіць сябе, выканаць адборачныя нарматывы.

«Праваліўся» Уладзімір Казлоў, перспектыўны спартсмен, не змог кінуць кап'ё на патрэбныя для пуцёўкі ў Пекін 82 метры. Але затое праз два тыдні на спаборніцтвах у Мінску кінуў на 82,78 м, выканаў нарматыў, але было ўжо позна. Неабходна кідаць далёка ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. Спадзяваліся мы на дзяўчат у скачках Ксенію Дзяцук і Наталлю Вяткіну. Яны, на жаль, не змаглі скокнуць на чэмпіянаце на 14,20 м. Адкрыта расчаравалі іх калегі — мужчыны Дзмітрый Платніцкі (15,71 м) і Аляксей Цапік (15,20 м). Паказаныя імі вынікі не вытрымліваюць ніякай крытыкі.

— Якія задачы ставіць Міністэрства спорту і федэрацыя лёгкай атлетыкі перад камандай?

— У праграме развіцця лёгкай атлетыкі на 4 гады прапісаны планавыя задачы, якія прадугледжваюць заваяванне аднаго-двух медалёў у Кітаі, але гэта не самамэта. Чэмпіянат свету ў Пекіне — гэта адзін з апошніх буйных афіцыйных міжнародных стартаў перад Алімпійскімі гульнямі. Менавіта тут мы зможам аб'ектыўна ацаніць выступленне нашых спартсменаў, іх здольнасць паказваць запланаваныя вынікі ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, складаных умовах надвор'я і часавай розніцы.

Таму галоўная мэта беларускіх атлетаў на гэтым чэмпіянаце — паказаць запланаваныя вынікі, пры гэтым праявіць характар і ўменне змагацца з наймацнейшымі атлетамі свету. Асноўным паказчыкам, акрамя медалёў, для нас будзе пападанне спартсменаў у 8-ку наймацнейшых. Мы разлічваем, што яго змогуць дасягнуць не менш за 5 членаў зборнай.

[caption id="attachment_96924" align="alignnone" width="600"]Безимени-4 Сёння яны ўжо ў Пекіне.[/caption]

— Розныя часавыя паясы, клімат і іншыя абставіны могуць умяшацца і паўплываць на выступленне нашых спартсменаў?

— Калі ты моцны і добра гатовы, табе нічога не перашкодзіць: ні спякота, ні вільготнасць, ні розніца ў часе. У Пекін паехалі найлепшыя спартсмены краіны, ні ад аднаго з іх я не чуў, што сама пуцёўка на чэмпіянат свету — гэта ўжо дасягненне мэты: усе разумеюць, што там сябе трэба зарэкамендаваць, паказаць вынік, каб не было сорамна перад камандай і заўзятарамі. Мы верым, што ўсё так і будзе, усе будуць змагацца да канца ў імя дасягнення пастаўленай мэты.

Я разумею, што на спаборніцтвах у спартсменаў бываюць і няўдачы, паражэнні. Магчыма, яны здарацца ў кагосьці і ў Пекіне, але вельмі хочацца, каб напярэдадні Алімпіяды ўражанні ад чэмпіянату свету ў заўзятараў засталіся яркімі, напоўненымі станоўчымі эмоцыямі.

— Раскажыце пра вяртанне ў сектар Івана Ціхана, у якіх ён знаходзіцца кандыцыях?

— Я ўпэўнены, што Іван будзе змагацца за самыя высокія месцы, гэта не той спартсмен, які паедзе адбываць нумар. Узровень яго сённяшняй гатоўнасці дазваляе разлічваць на месцы ад 3-га па 6-е. Нават калі Ціхан падымецца на 6-ты радок пасля столькіх гадоў адсутнасці спаборніцкай практыкі — гэта будзе поспех. Вядома, яму прыйдзецца цяжкавата, але Іван — вопытны баец, ён матываваны і поўны жадання паказаць, на што здольны. Зноў-такі Пекін — гэта не галоўны старт для яго сёння, гэта прыступка, трамплін, калі хочаце, перад Алімпійскімі гульнямі.

— Андрэй Краўчанка прапусціць чэмпіянат свету, хоць вясной гэтага ў планах не было?

— Пасля таго, як яму зрабілі аперацыю, мы не тое, каб планавалі, а былі ўпэўнены, і ўрачы гэта пацвердзілі, што з мая ўжо можна нармальна трэніравацца, а летам выступаць на спаборніцтвах. Але, на жаль, гэтага не адбылося, таму пакуль лечымся і трэніруемся паралельна. Упэўнены, што мы справімся з траўмай і ўжо з восені пачнём закладваць падмурак для выступлення ў Рыа-дэ-Жанейра. На сёння галоўнае — вылечыць траўму.

— Чаго чакаць беларускім заўзятарам ад прадстаўнікоў бегавых дысцыплін на чэмпіянаце свету?

— Калі казаць пра спрынт, то там, на дыстанцыі 400 метраў, выступіць Аляксандр Ліннік, Аліна Талай — на 100 м з бар'ерамі, Марына Арзамасава і Святлана Кудзеліч — на доўгіх дыстанцыях. У кожнага стаяць свае задачы. Аляксандр павінен трапляць у паўфінал, але хочацца, вядома, каб ён яшчэ раз па-добраму здзівіў нас усіх. Ад Аліны Талай мы, вядома, чакаем асабістага рэкорду. Не будзем шмат казаць пра кожнага індывідуальна, каб лішні раз не турбаваць псіхіку атлетаў, скажу толькі адно: тое, на што здольны, яны пакажуць. Для большасці добра трапіць у 8-ку наймацнейшых, для кагосьці ў лік 12. Паўтаруся, калі мы заваюем 5-6 месцаў у 8-цы, гэта будзе лічыцца добрым вынікам і тады на Алімпіядзе можна будзе казаць пра 2-3 медалі.

— Пагаворым пра лёгкую атлетыку ўвогуле. Галоўнай праблемай на дадзены момант па-ранейшаму застаецца допінг?

— Так, вядома, зараз зроблены крокі па барацьбе з ім, праца па выяўленні спартсменаў, якія прымаюць забароненыя прэпараты, ідзе па поўнай праграме. У нас ёсць дамоўленасць з нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам, згодна з якой мы праводзім спаборніцкія допінгтэсты на ўсіх рэспубліканскіх стартах, уключаючы юнацкія і юніёрскія першынствы. Арганізуем таксама і пазаспаборніцкія праверкі.

Вялікую ўвагу надаём правядзенню семінараў па праблемах допінгу, у якіх прымаюць удзел трэнеры і спартсмены. Але паверце, не ўсё так проста, бо нехта заўсёды хоча апынуцца хітрэйшым, перамагчы несумленна, ужыўшы забаронены сродак. Яны разлічваюць на тое, што не ва ўсіх возьмуць пробу, бо на гэта не хопіць грошай. Часам такое меркаванне праходзіць. Тым не менш вылічыць несумленных спартсменаў можна. Мы бачым, што вынік быў адзін і раптам рэзка пайшоў уверх, натуральна, узнікнуць падазрэнні. Такіх спартсменаў мы будзем правяраць асобна як на спаборніцтвах, так і пры падрыхтоўцы да іх. Зараз сусветная тэндэнцыя ў лёгкай атлетыцы накіравана на барацьбу з допінгам, нідзе гэтага не даруюць. Мы за сумленную барацьбу, робім акцэнт на распрацоўку правільных методык, якія, паверце, існуюць і без забароненых прэпаратаў. Проста трэба больш напружвацца, трэнеру праяўляць больш творчасці, а спартсмену працаваць, тады будзе вынік.

— Ходзяць размовы пра тое, што Беларусь у будучыні хацела б прыняць чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Як вы думаеце, ці здольна на гэта наша краіна і ці ёсць шанцы?

— Безумоўна, здольна. Толькі трэба пачынаць з меншага: юнацкія спаборніцтвы, чэмпіянаты еўрапейскага ўзроўню, моладзевыя першынствы. І так паступова выйсці на сусветны ўзровень. Чаму б і не? У Маскве ж правялі чэмпіянат свету. Трэба, вядома, разумець, наколькі гэта няпроста, канкурэнцыя будзе высокая, не мы адны жадаем прыняць спаборніцтвы такога ўзроўню. Але да гэтага трэба імкнуцца, і тады ўсё атрымаецца. Мы пачалі з малога, пастараліся якасна правесці чэмпіянат краіны, правесці так, як праводзяць буйныя міжнародныя спаборніцтвы. Па водгуках спецыялістаў, як айчынных, так і замежных, ён прайшоў на добрым узроўні. Вядома, былі заўвагі, але яны нязначныя.

Наогул, наша задача сёння, у першую чаргу, папулярызаваць спорт і вяртаць былыя пазіцыі ў лёгкай атлетыцы. Самае галоўнае, з чаго мы пачынаем працу, — гэта дзеці. Шукаем рэзерв, пачынаючы ад сельскай мясцовасці, раённых цэнтраў, абласных гарадоў, і спрабуем усё гэта ўвязаць у адну сістэму, у гэтым кірунку і ідзе праца федэрацыі сёння. З прыходам Вадзіма Дзевятоўскага шмат што змянілася ў лепшы бок, не люблю раздаваць пахвалы, але гэты чалавек робіць для лёгкай атлетыкі столькі, што нават уявіць складана. Пачынаючы ад дзіцячага спорту і заканчваючы арганізацыямі візітаў самых уплывовых людзей у сусветнай лёгкай атлетыцы. З яго прыходам у спартсменаў з'явілася вялікая падтрымка, як маральная, так і фінансавая. І самае галоўнае — атлеты паверылі ў сябе.

Гутарыла Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БФЛА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.