Вы тут

Тры таварышы... па няшчасці


Лічу абавязкам распавесці пра свайго бацьку — Калінковіча Мікалая Іванавіча, аднаго з першых партызанскіх камандзіраў на Рагачоўшчыне. Тату выпаў няпросты лёс. Яго, паспяховага вайскоўца-камісара асобнага батальёна сувязі, летам 1938 года, як і многіх іншых вайскоўцаў, «накрылі» сталінскія рэпрэсіі. Не здабыўшы «выбіваемых» паказанняў, у сакавіку 1939 года НКУС выпусціў яго на волю. Маці з дзецьмі (мне было 13 гадоў, брату — 6 месяцаў) пасялілася ў Рагачове, куды бацька прыехаў да нас. З таго часу яго лёс, як і лёс усёй сям'і, цесна звязаны з Рагачоўшчынай.

Безимени-1

Бацьку ў Чырвоную Армію не вярнулі, спаслаліся на здароўе. Праз два гады пачалася Вялікая Айчынная вайна. У той дзень — 22 чэрвеня 1941 года — тата, як загартаваны вайсковец, які не здымаў афіцэрскую форму ўсе даваенныя гады, адразу ж пайшоў у ваенкамат. Але ў армію яго не прызвалі, а направілі ў распараджэнне райкама партыі, які пачаў займацца арганізацыяй знішчальнага батальёна і падполля на выпадак акупацыі раёна ворагам.

3 ліпеня нямецка-фашысцкія войскі занялі Рагачоў і ўсю правую ад Дняпра частку раёна. Абарону левага берага ракі трымаў 63-і стралковы корпус 21-й арміі пад камандаваннем Пятроўскага. Некалькі дзён запар немцы спрабавалі фарсіраваць Днепр, але былі адбіты нашымі войскамі.

У гэтыя дні раённыя ўлады, якія размясціліся ў дзесяці кіламетрах ад Рагачова, заняліся фарміраваннем знішчальнага батальёна. У апалчэнне ўвайшло 120 байцоў — мясцовых добраахвотнікаў. Камандзірам батальёна ўлады абралі Мікалая Калінковіча як адзінага з раённай «эліты», хто меў добрую вайсковую падрыхтоўку.

Спакойна пасядзець у Рагачове акупантам давялося нядоўга. 13 ліпеня корпус Пятроўскага пачаў знакаміты Першы контрудар, адкінуўшы ворагаў ад Рагачова і Жлобіна да Бабруйска на 30 кіламетраў. У гэтай аперацыі ўдзельнічаў і знішчальны батальён на чале з Калінковічам. Аб гэтым ён паведаміў маці, калі праведваў нас у мястэчку Гарадзец (туды ён перавёз жонку і дзяцей, падалей ад небяспекі).

У той дзень мне, падлетку, бацька глыбока «ўрэзаўся» ў памяць як мужны камісар з аповесцей Гайдара, якімі мы, падлеткі даваеннага часу, зачытваліся. Ён быў апрануты па-армейску: гімнасцёрка, падпаясаная шырокім скураным рэменем, галіфэ, хромавыя боты, фуражка з зорачкай, а на баку — знакаміты пісталет-маўзер у драўлянай кабуры. Падчас сямейнай размовы ён расказаў, як пераправіліся цераз Днепр, як застрэліў аднаго фрыца ў акопе.

Ва ўсіх партызанскіх аперацыях бацька быў наперадзе, натхняючы іншых. 15 ліпеня ён з 31 байцом батальёна перайшоў лінію фронту ў тыл ворага для разведкі і мініравання. Сабраная інфармацыя была перададзена камандаванню корпуса Пятроўскага.

26 ліпеня партызанам удалося вывесці з акружэння 700 армейскіх байцоў і 2000 савецкіх грамадзян прызыўнога ўзросту. 28 ліпеня нашы хлопцы на чале з Калінковічам наладзілі засаду і забілі 8 фрыцаў, страціўшы, на жаль, трох сваіх байцоў, а таксама падарвалі 8 мастоў.

У першыя дні жніўня 1941 года бацька зноў завітаў у Гарадзец і паабяцаў, што сходзіць на заданне, а потым адправіць нас з мамай у тыл. Але з гэтага задання ён не вярнуўся. У сярэдзіне жніўня нямецкія войскі, прарваўшы фронт, занялі ўсю тэрыторыю Рагачоўскага раёна. Наша сям'я апынулася пад акупацыяй, нічога не ведала аб лёсе любімага бацькі і мужа.

Толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны мне пашчасціла знайсці былога партызана 8-й Рагачоўскай брыгады, спадара Бірукова. Ён паведаміў, што партызанская група Калінковіча ноччу выходзіла з-за лініі фронту і ў лесе заблудзіла. Блукаючы доўгі час, партызаны выйшлі да нейкай вёскі. Калінковіч з двума байцамі пайшлі на разведку. Немцы, што былі ў вёсцы, адкрылі з кулямёта агонь і ўсіх трох скасілі кулямі. Астатнія байцы, застаўшыся без камандзіра, разбегліся хто куды. У месца дыслакацыі вярнулася толькі 9 з іх.

Трагедыя здарылася, як лічыў Бірукоў, дзесьці ў раёне Забуднянскіх хутароў Быхаўскага раёна ля мяжы з Рагачоўскім. Не пакідае надзея, што, дзякуючы гэтаму артыкулу, пашчасціць знайсці сведку гібелі трох партызан ці месца іх пахавання.

Леанід КАЛІНКОВІЧ, г. Мінск

 

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, або іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.