Вы тут

Пяць зялёных макарон...


Калі першакласнік не хоча вучыцца, значыць, ён не нагуляўся.

Хадзіць у школу і вучыцца — дзве розныя рэчы. На жаль, часам, гэта высвятляецца толькі пасля таго, як першакласнік аказваецца не ў стане ўспрымаць сябе ў новым статусе  і не разумее, чаго ад яго ўвогуле хочуць. Што ж павінна ўмець і ведаць дзіця, знаходзячыся на «парозе школы»? Як даведацца, што яно псіхалагічна падрыхтавана да сустрэчы з новым, і што рабіць, каб не аддаць у школу гультая?

4_1

4_1

 

Маленькія папялушкі і мама-суддзя

Хітрыкамі выхавання ў малых жадання вучыцца падзялілася Васіліна Жарнак, выхавацель 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі дзіцячай установы № 218 г. Мінска.

— Часта дзеці на пытанне «Чаму ты хочаш у школу?» адказваюць: «Там можна насіць прыгожы ранец»... Там вучыцца мой брат». Але ніводзін не кажа, што хоча ў школу, каб атрымаць новыя веды, і задача бацькоў і выхавацеляў — сфарміраваць правільную матывацыю на праяўленне цікавасці да вучобы. Каб прывіць малечы неабходныя для вучня ўвагу, уседлівасць, памяць, дапытлівасць, дастаткова штодня з імі гуляць і размаўляць на розныя тэмы.

Калі дзеці задаюць нейкае пытанне, я часткова адказваю на яго, а потым дадаю, што больш грунтоўна ім пра гэта раскажа настаўнік у школе, які ведае больш за мяне і растлумачыць цікавей.

Каб праверыць і замацаваць памяць, а таксама папоўніць слоўнікавы запас дзяцей, я гуляю з імі ў словы. Для кожнага па чарзе называю 10 прадметаў і прашу паўтарыць, што запомніў. Калі малое ў стане ўзнавіць ад трох да шасці назваў, значыць, памяць добрая. Прапаноўваю адшукаць лішнюю картачку ў шэрагу малюнкаў і патлумачыць, чаму менавіта яна не падыходзіць да астатніх. Гэта выдатна развівае логіку. Самастойныя гульні з цацкамі — таксама важны момант, бо дзеці разам нешта прыдумваюць. Я дазваляю прыносіць свае, каб прывучаць іх дзяліцца адно з адным.. Але на некаторыя цацкі ў мяне забарона. Чаму вучаць, напрыклад, модныя лялькі-монстры?

Каб развіць мысленне і фантазію малых, выхавацелі праводзяць «навуковыя» эксперыменты. Дзеці даследуюць, як мяняецца вада, калі ў яе дабавіць фарбы, каштуюць вадкасць у падсалоджаным ці падсоленым выглядзе, з завязанымі вачыма на пах або смак вызначаюць часнок, апельсін, лімон. Гэтую справу можна з поспехам працягваць і дома. Напрыклад, паказаць станы вады: звычайны, замарожаны, пар з кіпню.

— Калі мае выхаванцы дрэнна сябе паводзяць і не слухаюцца, яны ў мяне працуюць папялушкамі, — смяецца Васіліна. — Я ссыпаю ў таз рознакаляровыя крупы і прашу дзяцей выбраць, напрыклад, толькі жоўтыя рысінкі або сіні панцак. Пакуль яны заняты, у мяне настрой вяртаецца, і дзеці атрымліваюць нейкую ўзнагароду — налепку, малюнак. Дарэчы, з дапамогай такіх рэчаў мы вучымся лічыць: я прашу пакласці ў талерку пяць зялёных макарон або восем белых фасолін.

Важна навучыць малых кантактаваць з аднагодкамі і дарослымі. Васіліна рэкамендуе бацькам, проста гуляючы на дзіцячай пляцоўцы, заахвочваць сваё дзіця да сумесных гульняў з іншымі, дапамагаць яму знаёміцца.

Ніколі не думала, як гэта працуе, пакуль аднойчы з 4-гадовым сынам і мячом не пайшла на пляцоўку, дзе мы сталі кідаць яго праз адтуліны ў сценцы для лазання. Спачатку да нас далучылася 6-гадовая Таня, пасля — 1,5-гадовы Мацей, праз нейкі час зацікавіліся і некалькі падлеткаў 8-11 гадоў. Гулялі на балы, якія налічваліся, калі мяч праскокваў праз адтуліну. Я была суддзёю. Не перадаць, які азарт быў у 10-годак, калі яны бачылі, што мой Ягор пракінуў мячык, а ў іх не атрымалася. Праз колькі дзён мы зноў сустрэлі Таню, якая перамагла ў першым спаборніцтве. Даведаўшыся, што на гэты раз мы без мяча, яна збегала па свой, і дваравая спартакіяда зноў адбылася. Магу сказаць дакладна адно: не бойцеся наладжваць стасункі з незнаёмымі — бачачы гэта, ваша дзіця будзе крыху смялейшым.

Cын чытае ў 4 гады! Што рабіць?!

Галоўная праблема не ў тым, у шэсць, сем ці пяць гадоў аддаваць дзіця ў школу і што яно пры гэтым умее, а як сябе адчувае. Асабіста мяне, напрыклад, не ўзялі ў школу, калі мне хацелася, бо на 1 верасня мне не хапала да шасці двух месяцаў, хаця я ўжо з чатырох гадоў чытала кнігі, а з пяці — газеты. Налета, калі я ўжо адвучылася дзве чвэрці, настаўнікі схапіліся за галаву: «Ёй жа тут нецікава! Давайце пераводзіць у другі клас, каб не пакутавала!» Аднак маці не дазволіла тузаць мяне пасярод навучальнага года. А ці мала такіх прыкладаў...

У старэйшых групах дзіцячага сада ствараюцца ўмовы, падобныя да школьных. Гэта заняткі па 25-30 хвілін, калі дзеці вучацца матэматыцы, пісьму, роднай мове, адказваюць на пытанні і выконваюць заданні. Выхавацель рэкамендуе замацоўваць здабытыя веды і дома і заклікае бацькоў правільна вымаўляць словы, бо іх слоўнікавы запас пяройдзе да дзіцяці.

— Мы не павінны вучыць дзяцей чытаць, але ва ўзросце 5-6 гадоў у большасці ўжо фізіялагічна абумоўлены і сфарміраваны задаткі для чытання, — дзеліцца Васіліна Жарнак. — Аднойчы да мяне падышоў 4-гадовы Міця і кажа: «Васіліна Антонаўна, а я ведаю, што тут напісана. Прачытаць?» Тут жа вымавіў мне літары, склаў іх у назву казкі і далей працягвае. А ўвечары прыйшла яго маці і спытала, што рабіць. Адказ просты: калі яму гэта падабаецца — няхай чытае. Гэта развівае памяць, мысленне, фантазію. Калі я сама пайшла ў першы клас, у нас чытала 3-4 чалавекі. Зараз жа бацькі маіх дзетак, у каго ёсць старэйшыя, кажуць, што ім даводзіцца чуць ад настаўнікаў наступныя фразы: «Не ўмее чытаць? Ну, ведаеце, такіх у нас няшмат, будзем, вядома, нешта рабіць...» Я не хачу сказаць, што дзіця павінна ўмець чытаць, а толькі давесці, што не трэба яму перашкаджаць рабіць гэта.

Бацькі, якія збіраюцца аддаць сваё малое адразу ў гімназію, павінны разумець, на што ідуць. У большасці такіх прывілеяваных устаноў дашкольнік павінен здаць своеасаблівы іспыт: расказаць, як яго завуць, і назваць адрас, палічыць ад аднаго да дзесяці і, наадварот, расказаць верш... І працуюць у гімназіях, арыентуючыся на тых, хто можа больш.

— Тым, хто збіраецца ў гімназію з першага класа, я раю абавязкова пахадзіць на заняткі ў прыватныя развіваючыя цэнтры, дзе праграма падрыхтоўкі да школы больш паглыбленая, а дадому даюць заданні для замацавання пройдзенага. Гэта карысна для дзяцей яшчэ і тым, што малыя лепш засвойваюць веды ў дзіцячым садку, — сведчыць выхавацель. — Мы не даём хатніх заданняў, але заўжды просім бацькоў займацца з дзецьмі дома, паўтараць, што вывучалі ў групе. Самае крыўднае — калі ў малых высвятляюць, што яны сёння елі і пілі, а не пра што даведаліся.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

 

Што рабіць разам з дзіцем

Калі ідзяце па вуліцы, раскажыце, чаму лісты на дрэвах летам зялёныя, а ўвосень каляровыя, чаму некаторыя птушкі адлятаюць ад нас зімою, чаму едзе транспарт, чаму людзі апранаюцца... А потым самі пытайцеся пра гэта і іншае ў сына ці дачкі, хай яны спрабуюць тлумачыць і адказваць на пытанне «Чаму?».

Запускайце паветранага змея, лавіце матылькоў, гойсайце на роліках ды ровары.

Сапраўдная скарбніца — сэнсарная скрынка, у якую ўпотай ад малога можна скласці рознакаляровыя каменьчыкі, абгорнутыя фольгай: тут вам і працэс пошуку, і захапленне ад разгортвання, а на выхадзе — праца маторыкі і развіццё мозга.

Смела цягніце ў дом шышкі, каштаны, каменьчыкі, галінкі... Для дзіцяці гэта спачатку скарбы, а пасля — матэрыял для вашых сумесных вырабаў.

Якія цацкі лепш набыць?

Хлопчыкам — канструктар, мазаіку і пазлы, а дзяўчынкам — набор цырульніка з лялькай ці набор для пляцення з рызінак. Падобныя цацкі стымулююць дробную маторыку і мысленне, што ў далейшым істотна дапаможа ў развіцці і пры пісьме. Карысныя серыі дзіцячых энцыклапедый, скакалка, абруч, мячы для сухога басейна, кеглі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».