Якім быў DOS?


Успаміны з творчай суполкі «Квадрат».

Сёлета спаўняецца 95 гадоў створанаму Казімірам Малевічам УНОВІСу. Умацавальнікам Новага Мастацтва (Утвердителям Нового Искусства, ад чаго і назва), што, адмятаючы рэалізм, здзіўлялі сучаснікаў у паслярэвалюцыйныя гады сваімі творчымі эксперыментамі. Віцебскае нефармальнае творчае аб'яднанне «Квадрат», арганізаванае ў сярэдзіне 1980-х гадоў, працягвала традыцыі першых авангардыстаў. Адным з яго аўтараў быў стваральнік канцэпцыі ПЛІП Аляксандр Дасужаў, ці проста — DOS. Першымі літарамі свайго прозвішча ён падпісваў палотны, так часам да яго звярталіся сябры... Летась Аляксандр Ігаравіч пайшоў з жыцця, а сёлета — 31 кастрычніка — яму споўнілася б 70 гадоў. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з сябрам Аляксандра Дасужава, вядомым мастаком, уладальнікам папулярнага віцебскага салона-галерэі «Сцяна» Мікалаем Дундзіным.

[caption id="attachment_97203" align="alignnone" width="533"]13_1 Ад­на з апош­ніх су­стрэч Аляк­санд­ра Да­су­жа­ва (зле­ва) і Мі­ка­лая Дун­дзі­на.[/caption]

«А мне так захацелася»

У Віцебску Аляксандр Дасужаў, ураджэнец вёскі Пухавічы Мінскай вобласці, як цяпер бы сказалі, быў крэатыўным студэнтам.

— Саша быў на пяць гадоў старэйшы за мяне. Я паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (сёння гэта дзяржаўны ўніверсітэт. — Аўт.) у 1968 годзе, а ён у гэты час ужо працаваў над дыпломам. У адрозненне ад мяне Саша з аднакурснікамі ўжо цвёрда стаялі на нагах, мелі за плячыма службу ў арміі. Я быў, лічыце, «пацаном», а яны — мужчынамі, з жыццёвым вопытам і прынцыпамі, — распавядае Мікалай Мікалаевіч. — У «мастграфе» сярод іншых выкладалі малады Гумен (мэтр акварэлі, які і цяпер поўны сіл), графік Клікушын (аўтар шрыфтоў), у будучыні «гуру» дзясяткаў віцебскіх акварэлістаў Сталяроў... Курс кожнага з іх і наогул факультэт былі моцнай школай. Разам з тым студэнты самастойна вывучалі класічнае мастацтва, адкрывалі для сябе Пікаса, Далі, ды і Шагала. Я, дарэчы, не ведаў, хто такі Шагал. Рэцэнзент, калі ўбачыў мой дыпломны твор «Сузор'е знакаў Задыяка», запытаўся: «А вы выпадкова не яўрэй? Вельмі падобна да Шагала...» А я: «А хто ён такі?» Саша, упэўнены, ведаў, і не толькі Шагала. Ён даставаў замежныя часопісы пра мастацтва, любіў фільмы Таркоўскага і Феліні, цытаваў вершы нейкага грэка... Яшчэ студэнтам ён пачаў выпрацоўваць аўтарскі стыль і дарослым эксперыментаваў, шукаў «разыначку» нават у нацюрмортах. На адной выставе вядомыя майстры традыцыйнай школы пахвалілі яго пейзаж. «Але чаму ў небе лётае хустка ці што там?» — запыталіся. Ён патлумачыў, што хацеў надаць нейкае адчуванне палёту. «Дык напісаў бы воблака!» — кажуць. Саша ў адказ: «А мне так захацелася!»

З магілы Высоцкага — са стомленымі вачыма...

— Творчы саюз існаваў і да афіцыйнага стварэння «Квадрата». У склепе аднаго дома знаходзілася некалькі майстэрняў — Аляксандра, будучага лідара «Квадрата» Малея, скульптара Слепава і мая. Да нас у госці заходзілі знаёмыя мастакі. Зразумела, і выпівалі, напрыклад, у Сашы збіраліся на французскі абед: на стале батон і французскае віно. Мерапрыемства плаўна перацякала ў вячэру, падчас якой мы вялі класныя размовы, спрачаліся, чыталі вершы і пісалі. У гэтыя моманты нараджалася шмат крэатыўных ідэй... У нас тады было ўзаемнае пачуццё любові, дружбы, адданасці. Гэта і перарасло ў «Квадрат», — не прафесійны саюз, а, хутчэй, духоўнае братэрства. Тут усё было грунтоўна, акрамя гадавога плана выставачнай дзейнасці. Ён для кожнага быў індывідуальны. Кантралявалі адзін аднаго, каб некаторыя раптам «не загулялі». Раслі творча... «Квадрат» праіснаваў сем гадоў — гэта даволі шмат. Аналагі з'яўляліся і самараспускаліся, а «Квадрат» жыў, — успамінае Мікалай Дундзін.

Сам Мікалай быў адказным сакратаром суполкі. З гумарам успамінае, што самым цяжкім было... збіраць узносы, па 10 рублёў у месяц у «агульную касу». Для параўнання: квіток у кіно каштаваў 25 капеек. «Казну» трацілі на сумесныя праекты, друк плакатаў і анонсаў выстаў, паездкі ў Піцер, Маскву, Каўнас...

— У Піцеры пазнаёміліся з удавой і дачкой Казіміра Малевіча — Наталляй Андрэеўнай і Уна-Ганнай. Першая незадоўга да сваёй смерці прыслала нам тэлеграму, дзе віншавала з выставай, прысвечанай 110-гадоваму юбілею з дня нараджэння Малевіча. Дзякуючы гэтаму знаёмству ў Віцебску стала больш інфармацыі пра часы УНОВІСа. І з «Міцькамі» (група творчых людзей, у першую чаргу мастакоў. — Аўт.) пасябравалі, як і з многімі цяпер вядомымі кампазітарамі, паэтамі. У Маскве было не менш цікава. Неяк на пачатку вячэры Аляксандр знік. Раніцай вяртаецца са стомленымі вачыма, «шэрым» тварам і кажа, што ўвесь час быў... ля магілы Высоцкага.

[caption id="attachment_97213" align="alignnone" width="600"]13_2 Па­лат­но Аляк­санд­ра Да­су­жа­ва ПЛІП 45 «Да­ро­га да зі­мы».[/caption]

Такі суразмоўца — знаходка

— DOS умеў сябраваць. Камунікаваў з кампазітарамі, акцёрамі, паэтамі і далёкімі ад творчасці асобамі. Ён мог паехаць да некага ноччу, каб проста пасядзець побач. Чаго таіцца: і каб выпіць чарку, калі сябру дрэнна на душы. Аляксандр быў вельмі прыгожым унутры і знешне, разумна гаварыў і ўмеў слухаць. Такі суразмоўца — знаходка. Не дзіўна, што вельмі падабаўся жанчынам. І сам іх кахаў... Ён насіў з сабой запісную кніжачку. Тут былі не вершы, а нейкія фразы, разважанні, назіранні. Напрыклад: «Шагал шагал, шагал и до Парижа дошагал...» Рабіў запісы па тэме сваёй канцэпцыі ПЛІП. Ён доўга думаў і спыніўся на паверхні з лініяй і плоскасцю.

Блізкія Аляксандра Ігаравіча цяпер жывуць у Санкт-Пецярбургу. Сын многаму ў яго навучыўся і таксама займаецца творчасцю. Дачка — інжынер, ее сын — супрацоўнік ваенна-гістарычнага музея. Спадар Дундзін — яго хросны...

Незадоўга да смерці Аляксандр Дасужаў перамог у абласным адборы конкурсу арт-праекта «Zabor». Гэта апошняе творчае дасягненне, якіх у яго было шмат. Творы DOSа былі прадстаўлены на выставах у Германіі, Латвіі, Расіі, Польшчы, Іспаніі і іншых краінах. Палотны знаходзяцца ў многіх прыватных калекцыях і музеях. Рэпрадукцыі яго твораў увайшлі ў выданне «Беларускі авангард 1980-х».

Памёр раптоўна. Пайшоў у краму, стала дрэнна. У Мікалая Дундзіна ёсць партрэт, напісаны сябрам, ПЛІПы, фотаздымкі і запісы тэлевізійных рэпартажаў, прысвечаных «Квадрату». Сярод здымкаў — фрагменты роспісу фасада дома па эскізе Умацавальнікаў Новага Мастацтва... Аляксандр Дасужаў стаў адной з самых яскравых зорак «новага» беларускага авангарду. Як адзначыў адзін з сяброў мастака, DOS — у творчай камандзіроўцы. Адкуль вяртаецца кожны раз, калі глядзіш на яго фота і творы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.