Вы тут

Школьны кантынгент прырастае


У Мінску адкрыюцца больш як 900 першых класаў.

Эксперымент па размяшчэнні старшых груп дзіцячых садкоў на базе мінскіх школ стартуе ў верасні ў Першамайскім раёне сталіцы. Пра гэта паведаміла журналістам начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына ЮРКЕВІЧ.

У новым навучальным годзе дзяцей-шасцігодак прымуць чатыры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі — 20-я, 163-я, 177-я і 191-я школы. З аднаго боку, гэты крок дапаможа разгрузіць дзіцячыя садкі, а з іншага — спросціць адаптацыю малечы да школы. Умовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будуць максімальна набліжаны да тых, што ствараюцца для дзетак у садках: з абсталяваннем памяшканняў для групавых заняткаў, асобнымі пакоямі для гульняў і сну.

Акрамя таго, у бягучым навучальным годзе ў сталіцы запрацуе яшчэ адзін спецыяльны маршрут для падвозу дзяцей у дашкольныя ўстановы з мікрараёна «Лошыца» ў «Серабранку». На дадзены момант у горадзе дзейнічаюць пяць спецыяльных транспартных маршрутаў — тры ў Фрунзенскім, па адным — у Першамайскім і Ленінскім раёнах. Зараз у сталіцы налічваецца 441 дзяржаўны і восем прыватных садкоў, якія наведваюць больш як 93 тысячы выхаванцаў. Для павелічэння колькасці месцаў у дашкольных установах актыўна выкарыстоўваюцца ўнутраныя рэзервы. Найбольш дзейсны механізм — паэтапны вывад першых класаў з дзіцячых садкоў ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. За апошнія чатыры гады іх выведзена 170. Да пачатку 2015/2016 навучальнага года будзе выведзена яшчэ 28 першых класаў.

— Усе праблемы з дэфіцытам месцаў у дашкольных установах паступова вырашаюцца, — запэўніла журналістаў Марына Юркевіч. — І ў нас яшчэ ні адна матуля не засталася ў дэкрэтным адпачынку з той прычыны, што яе дзіцяці не прадаставілі месца ў дзіцячым садку. Усе дзеці, якія маюць патрэбу, забяспечваюцца месцамі ў дашкольных установах. Няхай і не ў крокавай даступнасці, але ў горадзе наладжана добрае транспартнае забеспячэнне... А вось праблема з кадравым дэфіцытам у дашкольных установах пакуль захоўваецца. Калі раскідаць вакансіі на ўсе дашкольныя ўстановы, то ў сярэднім у кожнай з іх акажацца незапоўненай адна вакансія выхавальніка. Гэтая праблема будзе вырашацца за кошт прыцягнення студэнтаў пятага курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і педагагічных работнікаў пенсійнага ўзросту. Да таго ж работнікам дзіцячых садкоў, якія не маюць профільнай адукацыі, даецца магчымасць прайсці адпаведную перападрыхтоўку.

З 1 верасня ў Мінску пачне працаваць новая школа №32 у мікрараёне «Лебядзіны» на 1020 навучэнцаў. Дарэчы, зараз у Мінску будуюцца яшчэ 4 школы (у «Каменнай Горцы», «Брылевічах», «Дамброўцы», «Лебядзіным») і 7 дзіцячых садкоў. У 4-м квартале гэтага года ў мікрараёне «Лебядзіны» будзе ўведзена ў эксплуатацыю ўстанова дашкольнай адукацыі, разлічаная на 190 месцаў.

Колькасць школьнікаў у новым навучальным годзе павялічыцца ў сталіцы прыблізна на 3 тысячы чалавек, пераважна за кошт першакласнікаў. У мінскіх школах адкрыюцца больш як 900 першых класаў, куды прыйдуць каля 23,4 тысячы вучняў.

Усяго ў школах і гімназіях горада будуць адкрыты 394 дзясятыя класы, з іх 206 профільных (у тым ліку і педагагічныя). Есць школы, дзе паралельна будуць дзейнічаць і профільныя, і базавыя класы. У профільных класах і пры арганізацыі ў школе мультыпрофільнага навучання дзесяцікласнікі змогуць выбраць 2-3 прадметы, якія яны будуць вывучаць на павышаным узроўні. Для таго каб быць залічанымі ў профільны клас, выпускнікі базавай школы праходзілі конкурсны адбор. Па профільных прадметах адзнака ў атэстаце павінна была быць не менш як 7 балаў, а сярэдні бал атэстата — не ніжэйшы за 6 балаў. Тыя, хто не ўпісаўся ў гэтыя патрабаванні, былі вымушаны выбраць або базавы клас, або ўвогуле перайсці ў суседнюю школу, дзе захаваліся базавыя класы.

Па словах Марыны Юркевіч, у гэтым годзе 71% выпускнікоў мінскіх школ працягнулі навучанне ў вышэйшых навучальных установах. Сярод выпускнікоў сталічных устаноў адукацыі — 84 «стабальніка». Найвышэйшую адзнаку — 100 балаў — атрымалі 29 выпускнікоў Ліцэя БДУ! А балы ад 90 да 100 набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні 614 абітурыентаў, якія скончылі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў сталіцы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.